Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбуху ў цэнтры Кіева загінуў добраахвотнік з чачэнскага батальёну


Міністэрства ўнутраных справаў Украіны заяўляе, што ў выніку выбуху аўтамабіля з грузінскімі нумарамі загінуў грамадзянін Грузіі Цімур Махаўры, які на баку ўкраінскай улады ваяваў на Данбасе ў складзе дабраахвотніцкага батальёна імя Джахара Дудаева.

«Гэты чалавек, вядомы ў крымінальных колах, яго завуць Цімур Махаўры. Ён меў сувязі з рознага роду чачэнскімі коламі. Ён таксама затрымліваўся і прыцягваўся сёлета да адказнасьці ва Ўкраіне, але атрымаў умоўны тэрмін. Ён абвінавачваўся ў незаконным захоўваньні зброі», — паведаміў журналістам дырэктар дэпартамэнта камунікацыі МУС Украіны Арцём Шаўчэнка.

Паводле яго, адкрыта паводле часткі 2 артыкулу 115 — наўмыснае забойства, зьдзейсьненае грамадзка небясьпечным спосабам.

У выніку выбуху таксама пацярпелі жанчына і дзіця, якія знаходзіліся ў аўтамабілі разам з Цімурам Махаўры.

Арцём Шаўчэнка
Арцём Шаўчэнка

«Цяпер за жыцьцё жанчыны змагаюцца дактары — яна атрымала сурʼёзныя пашкоджаньні. Жыцьцю дзіцяці нічога не пагражае», — дадаў Арцём Шаўчэнка.

Як паведамляюць украінскія СМІ, загінулага падазравалі ў дачыненьні да забойстваў у Турэччыне, а таксама забойстваў чачэнскіх баявых камандзіраў Доку Ўмарава ды Шаміля Басаева.

Пасьля выбуху паліцыя супольна з супрацоўнікамі Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны ўзмацнілі патруляваньне ў цэнтры Кіева і сталічным мэтрапалітэне.

За апошнія тры гады ва Ўкраіне адбылося некалькі рэзанансных забойстваў — журналістаў Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, былога дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі Дзяніса Вараненкава, супрацоўніка галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Максіма Шапавала. Паўла Шарамета і Максіма Шапавала падарвалі ў аўтамабілях. Пакуль што ніводнае з гэтых злачынстваў не раскрытае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG