Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч пракамэнтаваў справу аб гібелі дзіцяці пры хатніх родах ў Віцебску.
Наскевіч адзначыў, што ў сьледчых не было сумневаў у наяўнасьці прыкметаў складу злачынства ў дзеяньнях маці. Ён лічыць, што актыўнае абмеркаваньне ў СМІ абставінаў справы не адпавядае аб’ектыўнай карціне здарэньня.
Паводле яго, мэдыкі неаднаразова папярэджвалі маці аб магчымых цяжкасьцях, але тая ня стала прыслухоўвацца і ад шпіталізацыі адмовілася. Пасьля нараджэньня дзяўчынкі жанчына не змагла зрабіць захады, на якія ў такой сытуацыі быў бы здольны кваліфікаваны мэдык.
«Менавіта таму яе дзеяньні кваліфікаваныя як прычыненьне сьмерці празь неасьцярожнасьць», — цытуе БелТА Івана Наскевіча.
Трагедыя адбылася ў лютым 2017 году. 31-гадовая жанчына дома нарадзіла дзяўчынку, але яна задыхнуўся ад каляплодных водаў. Спробы лекараў хуткай дапамогі рэанімаваць дзіця плёну ня мелі.
У канцы жніўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску пачаліся слуханьні ў гэтай справе. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме, каб не выдаваць падрабязнасьці асабістага жыцьця жанчыны.