Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Сьцяпанава
Вольга Сьцяпанава

У Віцебску судзяць жанчыну, у якой падчас хатніх родаў памерла дзіця. Працэс ідзе ў закрытым рэжыме

Справу пра сьмерць дзіцяці падчас хатніх родаў разглядае суд Чыгуначнага раёну Віцебску.

30-гадовай Вользе Сьцяпанавай інкрымінуецца частка 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне сьмерці празь неасьцярожнасьць). Ён пагражае пакараньне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам да 2 гадоў, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленьне волі на такі самы тэрмін. Да суду Вольга знаходзілася пад вартай.

***

17 лютага 2017 году жыхарка Санкт-Пецярбургу Вольга Сьцяпанава прыехала Віцебск да маці, у яе кватэры яна хацела нарадзіць сваё другое дзіця. Стаўшы на ўлік у жаночай кансультацыі Віцебскай абласной радзільні, яна адмаўлялася і ад шпіталізацыі ў сувязі з пэўнымі праблемамі падчас цяжарнасьці. Супрацоўнікі кансультацыі папярэджвалі маці пра небясьпеку і адказнасьць, аднак не пераканалі. Нованароджаная дзяўчынка мела праблемы з дыханьнем, і жанчына была вымушана зьвярнуцца да лекараў.

Лекары хуткай дапамогі не змаглі выратаваць дзіця.

Праз два тыдні пасьля сьмерці немаўляці Сьледчы камітэт распачаў супраць маці нованароджанай дзяўчынкі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне сьмерці празь неасьцярожнасьць). За гэта заканадаўства прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам да 2 гадоў, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленьне волі на такі самы тэрмін.

17:57 30.8.2017

Судовы працэс працягнецца заўтра. Чакаецца, што паказаньні будуць даваць лекары.

14:10 30.8.2017

Сваякі-сьведкі таксама адмовіліся ад камэнтароў для СМІ

Апошняе, што сказаў муж падсуднай Алег Сьцяпанаў у калідоры суду:

«Мы не падавалі заяваў супраць мэдыкаў. Хочам дачакацца вынікаў, бо я асабіста не прысутнічаў падчас родаў і ня ведаю, што там адбывалася. Прэтэнзіяў да лекараў стацыянару, пэўна, быць ня можа, пытаньне хіба ў тым, наколькі апэратыўна прыехала хуткая дапамога і ці слушна кваліфікаваў выклік дыспэтчар, бо адразу не даслалі рэанімацыйную брыгаду».

14:08 30.8.2017

Пасяджэньне суду аднавілася

З 14 гадзін заплянаванае апытаньне сьведкаў, сярод якіх — маці і 19-гадовы брат Вольгі, а таксама мэдыкі, якіх выклікалі ў дзень родаў.

14:04 30.8.2017

Адвакаткі нічога не камэнтуюць

Падчас перапынку абедзьве адвакаткі Сьцяпанавай адмовіліся даваць камэнтары па справе, спаслаўшыся на падпіску аб захаваньні таямніцы сьледзтва і спэцыфіку закрытага працэсу.

13:32 30.8.2017

Хатнюю ежу для падсуднай не прынялі

У судзе быў абвешчаны перапынак да 14 гадзін, маці прывезла Вользе паесьці, але хатняй ежы канвой не прыняў. Абед для падсуднай прывезьлі зь СІЗА.

13:29 30.8.2017

Алег Сьцяпанаў абвяргае чуткі, прачытаныя ім у інтэрнэце, што Вольга ёсьць «сэктанткай» або прытрымліваецца нейкіх нетрадыцыйных рэлігійных поглядаў.

Алег Сьцяпанаў
Алег Сьцяпанаў

Алег Сьцяпанаў адзначае, што Вольга кіравалася толькі непакоем за здароўе дзіцяці, яна лічыла, што роды ў радзільні могуць скончыцца інфэкцыямі. Тым ня менш, яна рэгулярна праходзіла агляды мэдыкаў падчас цяжарнасьці.

13:28 30.8.2017

Маці падсуднай выкліканая ў суд у якасьці сьведкі. Яна чакае ў калідоры, распавяла журналістам акалічнасьці першай крымінальнай справы супраць Вольгі Сьцяпанавай:

— Вольга тады ўладкавалася гандляркай на кірмаш, да прыватніка. Адпрацавала адзін дзень, дужа старалася, а ўвечары ёй сказалі, што яна «не падыходзіць». Вольга пачала спрачацца, распытваць, чаму так. Высьветлілася, што на гэта месца ўжо паабяцалі ўзяць іншага чалавека. Падчас спрэчкі, узнэрваваўшыся, яна схапіла з прылаўка першую ж адзежыну. Як на знак пратэсту. А гаспадары выклікалі міліцыю — нібыта яна скрала тую рэч. Справа скончылася штрафам.

13:22 30.8.2017

Муж Вольгі, Алег Сьцяпанаў, прыехаў на суд з Санкт-Пецярбургу. Там, зь ягонымі бацькамі, засталася двухгадовая дачка Наста.

Алег Сьцяпанаў (зьлева)
Алег Сьцяпанаў (зьлева)

12:11 30.8.2017

Муж падсуднай сказаў журналістам, што катэгарычнага рашэньня гэтым разам не было:

«Больш за тое: было вырашана, што ў панядзелак 19 лютага яна пойдзе ў радзільню».

Такім чынам, муж схіляецца да таго, што былі імклівыя роды, і сытуацыя аказалася непрадказальнай.

На працэсе абвешчаны перапынак.

12:10 30.8.2017

Пацярпелы муж заступіўся за жонку

Алег Сьцяпанаў, які прызнаны пацярпелым па справе, заступіўся за жонку:

«Рашэньне, дзе нараджаць, — гэта сфэра правоў жанчыны. Калі б залежала ад мяне, то я абраў бы больш традыцыйны шлях. Але Вольга вырашыла так, і першае дзіця нарадзілася дома, у Санкт-Пецярбурзе. Мы з жонкай хадзілі на адмысловыя курсы, дзе навучалі практыцы хатніх родаў. І тое мы там увесь час спрачаліся, ці варта нараджаць дома».

11:25 30.8.2017

Падсудная: Мне няма чаго хаваць

Падсудная Вольга Сьцяпанава настойвала на адкрытым працэсе:

«Я пратэстую супраць таго, каб працэс быў закрыты. Бо там будуць абвяшчацца падрабязнасьці майго інтымнага жыцьця. Я гатовая да агалошваньня іх у адкрытым працэсе, мне няма чаго хаваць». Яшчэ ёсьць нечаканая дэталь, якая стала вядомай у пачатку працэсу.

11:21 30.8.2017

Вольга Сьцяпанава другі раз на лаве падсудных

Як выявілася на працэсе, Вольга Сьцяпанава была судзімай па крымінальнай справе ў 2005-06 годзе. За крадзеж.

11:10 30.8.2017

Спачатку сьледзтва прызнала пацярпелай прадстаўніцу органаў апекі па прозьвішчы Аліпава. Але адвакаткі настойвалі, каб пацярпелым прызналі мужа падсуднай Алега Сьцяпанава. Суд прыняў хадайніцтва адвакатак.

Вольга Сьцяпанава (у цэнтры)
Вольга Сьцяпанава (у цэнтры)

11:10 30.8.2017

У падсуднай дзьве адвакаткі

Адвакатак на працэсе дзьве — Надзея Бірукова, якая працуе ў справе з траўня 2017 году, пазьней да яе далучылася другая адвакатка — Зінаіда Сінякова.

10:57 30.8.2017

Журналістаў і староньніх папрасілі пакінуць судовую залю. Журналісты і зацікаўленыя чакаюць у калідоры.

10:57 30.8.2017

Пацярпелым прызналі мужа падсуднай

Судзьдзя прызнаў пацярпелым па справе мужа падсуднай Алега Сьцяпанава.

10:48 30.8.2017

Суд будзе закрытым

Судзьдзя апытаў меркаваньні бакоў, весьці адкрыты суд ці закрыты. Пракурор выказаўся за закрыты працэс, падсудная — за адкрыты, адвакаткі, іх дзьве — за адкрыты, пацярпелая — прадстаўніца органаў апекі — за закрыты судовы працэс.

Судзьдзя пастанавіў — будзе закрыты суд.

Судзьдзя Юры Урбан
Судзьдзя Юры Урбан

10:44 30.8.2017

Працэс пачаўся

10.30 пачалося судовае паседжаньне. Крымінальную справу разьбірае судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Віцебска Юры Урбан. Вольга Сьцяпанава знаходзіцца за кратамі. У зале яе сваякі, журналісты.

XS
SM
MD
LG