Пакараньне, якое можа быць ёй прысуджана, — папраўчыя працы тэрмінам да 2 гадоў, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленьне волі на такі самы тэрмін. Сьледзтва па крымінальнай справе доўжылася ад лютага, цяпер цягам двух тыдняў павінны прызначыць дату судовага разбору.
Апошнія некалькі месяцаў абвінавачаная знаходзілася пад вартай. Гэта было рашэньне сьледчых: яны апасаліся, што жанчына, якая стала пражывае ў Расейскай Фэдэрацыі, паспрабуе ўцячы ад адказнасьці.
Падчас цяжарнасьці жанчына абвясьціла, што не давярае лекарам і народзіць дома
Інцыдэнт, які мае разгледзець суд Чыгуначнага раёну Віцебску, здарыўся 17 лютага 2017 году. Незадоўга да гэтай даты жыхарка Санкт-Пецярбургу, прапісаная ў абласным цэнтры, прыехала сюды да маці. Тут, у бацькоўскай кватэры, яна хацела нарадзіць сваё другое дзіця.
Яшчэ падчас цяжарнасьці спадарыня агучыла цьвёрды намер нараджаць дома — маўляў, не давярае афіцыйнай мэдыцыне. Яна цьвердзіла, што вывучыла шмат літаратуры на гэтую тэму і мае ўжо станоўчы досьвед — першае дзіця таксама нараджала ў хатніх умовах. Таму, чакаючы другога, загадзя падпісала дакумэнты ў жаночай кансультацыі Віцебскага абласнога радзільнага дому, што адмаўляецца ад дапамогі лекараў на час родаў. Супрацоўнікі кансультацыі папярэджвалі маці пра небясьпеку і адказнасьць, аднак не пераканалі.
17 лютага жанчына нарадзіла дзяўчынку, аднак падчас родаў у лёгкія дзіцяці трапілі каляплодныя воды. Парадзіха заўважыла, што стан немаўляці пагаршаецца, і спрабавала сама дапамагчы яму, але потым папрасіла сваю маці, якая была побач, выклікаць хуткую дапамогу. Нованароджаную забралі ў рэанімацыю, але празь дзьве гадзіны яна памерла.
Ці стала прычынай няшчасьця выключна саманадзейнасьць маці, вырашыць суд
Цяпер суду належыць вырашыць, ці можна было б прадухіліць сьмерць нованароджанай, калі б яна зьявілася на сьвет у радзільні, дзе побач былі б мэдыкі. Або адказнасьць за сьмерць дзіцяці ляжыць выключна на маці, якая да апошняга не давярала лекарам.
Адмыслоўцы кажуць, што сытуацыю з асьпірацыяй каляплоднымі водамі ва ўмовах мэдычнай установы вырашаюць за некалькі хвілін, і немаўля застаецца жывым і здаровым. Паводле вынікаў патолягаанатамічных дасьледаваньняў, дзіця нарадзілася здаровым і ня мела ніякіх захворваньняў, якія маглі б быць прычынай сьмерці.
Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасьці за хатнія роды: жанчына мае права выбіраць, ці нараджаць у дзяржаўнай мэдычнай установе, ці ў іншых умовах. Крымінальную справу супраць парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула.