Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначаная дата суду над жанчынай, якая нараджала дома і страціла дзіця


 Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву
Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву

30 жніўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску пачнецца разгляд судовай справы ў дачыненьні да жанчыны, якая нараджала дома, і ў выніку родаў дзіцё памерла.

30-гадовую Вольгу вінавацяць паводле часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу Беларусі — прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці. Сьледзтва ў крымінальнай справе доўжылася ад лютага.

Магчымае пакараньне — папраўчыя работы тэрмінам да 2 гадоў, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленьне волі на такі самы тэрмін.

Некалькі апошніх месяцаў абвінавачаная знаходзілася пад вартай. Сьледчыя асьцерагаліся, што жанчына, якая стала пражывае ў Расейскай Фэдэрацыі, паспрабуе ўцячы ад адказнасьці.

Тым часам на пляцоўцы Change.org працягваецца збор подпісаў з патрабаваньнем выпусьціць з-пад варты і вынесьці апраўдальны прысуд маці, якая страціла дзіця падчас родаў.

На гэты момант пад пэтыцыяй падпісаліся больш за 2700 чалавек.

«Такое магло здарыцца дзе і з кім заўгодна, — гаворыцца ў пэтыцыі. — Хатнія роды не злачынства, а неад’емнае права бацькоў. Вольгу і іншых жанчын не павінны караць і перасьледаваць за іх выбар. Ніжэй мы выказваем наша меркаваньне аб хатніх родах, паколькі гэты сумны выпадак зьяўляецца, мяркуючы па ўсім, яшчэ і спробай запалохаць тыя сем’і (а іх больш з кожным днём), якія выбіраюць роды дома. У самых разьвітых краінах вялікі працэнт родаў прыпадае на хатнія — Нідэрлянды, Вялікая Брытанія ды іншыя. У Канадзе акушэрка ня можа абараніць ліцэнзію, не прыняўшы раз на год хоць адны роды дома».

Інцыдэнт, які мае разгледзець суд Чыгуначнага раёну Віцебску, здарыўся 17 лютага. Незадоўга да гэтай даты жыхарка Санкт-Пецярбургу, прапісаная ў абласным цэнтры, прыехала сюды да маці. Тут, у бацькоўскай кватэры, яна хацела нарадзіць сваё другое дзіця.

Яшчэ падчас цяжарнасьці спадарыня агучыла цьвёрды намер нараджаць дома — маўляў, не давярае афіцыйнай мэдыцыне. Яна цьвердзіла, што вывучыла шмат літаратуры на гэтую тэму і мае ўжо станоўчы досьвед — першае дзіця таксама нараджала ў хатніх умовах. Таму, чакаючы другога, загадзя падпісала дакумэнты ў жаночай кансультацыі Віцебскага абласнога радзільнага дому, што адмаўляецца ад дапамогі лекараў на час родаў. Супрацоўнікі кансультацыі папярэджвалі маці пра небясьпеку і адказнасьць, аднак не пераканалі.

Жанчына нарадзіла дзяўчынку, аднак падчас родаў у лёгкія дзіцяці трапілі каляплодныя воды. Парадзіха заўважыла, што стан немаўляці пагаршаецца, і спрабавала сама дапамагчы яму, але потым папрасіла сваю маці, якая была побач, выклікаць «хуткую». Нованароджаную забралі ў рэанімацыю, але празь дзьве гадзіны яна памерла.

«Страшна нават уявіць як адчувае сябе гэтая няшчасная жанчына і яе блізкія, мы проста абавязаны за яе заступіцца. У тым ліку і таму, што ў падобнай сытуацыі можа апынуцца любая. Мы патрабуем яе неадкладнага вызваленьня і кампэнсацыі шкоды, нанесенай ёй і ўсёй сям’і. А таксама прызнаньня за жанчынамі права па сваім жаданьні нараджаць дома ці ў радзільні, забесьпячэньне бясьпекі гэтага працэсу».

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасьці за хатнія роды: жанчына мае права выбіраць, нараджаць у дзяржаўнай мэдычнай установе ці ў іншых умовах. Крымінальную справу супраць парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG