Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца Мінздароўя пра сьмерць пасьля хатніх родаў: «Хачу нікога не асуджаць»


Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву
Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву

Начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Алена Богдан 29 жніўня пракамэнтавала журналістам узбуджэньне крымінальнай справы ў Віцебску па факце сьмерці дзіцяці пасьля хатніх родаў.

«У Рэспубліцы Беларусь няма ўзаконеных родаў дома», — заявіла яна.

У Рэспубліцы Беларусь няма ўзаконеных родаў дома

Паводле Богдан, дзеяньні сьледчых і чаканае рашэньне суду не абмяркоўваюцца Міністэрствам аховы здароўя.

«Як бы ні складалася сытуацыя, акушэры-гінэколягі выдатна ведаюць, што часам нават у самых сучасных умовах узьнікаюць крытычныя акушэрскія сытуацыі. І толькі аснашчэньне неабходным абсталяваньнем, наяўнасьць запасаў крыві, брыгады кваліфікаваных хірургаў могуць дапамагчы».

Паводле Богдан, дзяржава павінна «стварыць умовы для камфортнай, кваліфікаванай родадапамогі, якая зьберагае жыцьцё маці і дзіцяці».

«У любым выпадку кожны чалавек мае права зьвярнуцца па мэдычную дапамогу ці не зьвяртацца па яе.

У любым выпадку кожны чалавек мае права зьвярнуцца па мэдычную дапамогу ці не зьвяртацца па яе

Але ў дадзеным выпадку мы гаворым пра іншае: гэта пакіданьне дзіцяці ў небясьпецы ва ўмовах, небясьпечных для яго жыцьця», — цытуе БелаПАН прадстаўніцу міністэрства.

«Я хачу ў гэтым выпадку нікога не асуджаць, гэта выбар чалавека. Але хачу сказаць, што сёньня дзяржава стварыла ўмовы для захаваньня жыцьця і здароўя жанчыны і дзіцяці. І ніхто нічога лепшага ў сьвеце не прыдумаў», — сказала Богдан.

Вечарам 17 лютага 30-гадовая жыхарка Санкт-Пецярбургу дома ў маці ў Віцебску нарадзіла дзяўчынку. Аднак падчас родаў у лёгкія дзіцяці трапілі каляплодныя воды. Парадзіха заўважыла, што стан немаўляці пагаршаецца, і спрабавала сама дапамагчы яму, але потым папрасіла сваю маці, якая была побач, выклікаць «хуткую». Нованароджаную забралі ў рэанімацыю, але празь дзьве гадзіны яна памерла.

У сакавіку 2017 году Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту распачаў справу па ч. 1 арт. 144 КК (прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці) па факце сьмерці нованароджанага ў Віцебску.

30 жніўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску пачнецца разгляд судовай справы супраць жанчыны, чыё дзіця памерла пасьля родаў. Магчымае пакараньне — папраўчыя працы тэрмінам да 2 гадоў, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленьне волі на такі самы тэрмін. Некалькі апошніх месяцаў абвінавачаная правяла пад вартай.

Тым часам на партале Change.org працягваецца збор подпісаў з патрабаваньнем выпусьціць з-пад варты маці, якая страціла дзіця падчас родаў, і вынесьці ёй апраўдальны прысуд. На гэты момант пад пэтыцыяй падпісаліся больш за 3260 чалавек.

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасьці за хатнія роды: жанчына мае права выбіраць, ці нараджаць у дзяржаўнай мэдычнай установе, ці ў іншых умовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG