Адвакат Яраслаў Яцэнка патрабуе ад сьледзтва дапытаць у якасьці сьведак Аляксандра Лукашэнку ды Пятра Парашэнку ў справе актывісткі Femen Анжаліны Дыяш, якая зладзіла акцыю «Жыве Беларусь!» 21 ліпеня ў Кіеве падчас супольнай заявы кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны для журналістаў.
Украінскае правасудзьдзе кваліфікавала гэтыя дзеяньні актывісткі Femen як крымінальнае злачынства — ёй інкрымінуюць хуліганства, зьвязанае з супрацівам прадстаўніку ўлады, паводле часткі 3 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (прадугледжвае некалькі санкцыяў — штраф ад 8,5 да 17 тысяч грыўняў (300-650 даляраў у эквіваленце), арышт на тэрмін да шасьці месяцаў і абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў).
Як паведаміў Радыё Свабода Яраслаў Яцэнка, адпаведнае хадайніцтва было перададзена і зарэгістраванае ў Пячэрскім раённым судзе Кіева.
«З матэрыялаў крымінальнай справы выплывае, што сьведкамі падзей 21 ліпеня, якія сталі падставай для абвінавачаньня Анжаліны Дыяш, і кваліфікацыі яе дзеяньняў як крымінальнае правапарушэньне былі прэзыдэнт Украіны Парашэнка Пятро Аляксеевіч і прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч. Для высьвятленьня ўсіх абставінаў існуе неабходнасьць у правядзеньні допытаў сьведак», — адзначаецца ў дакумэнце.
Згодна з працэсуальным заканадаўствам Украіны, гэтае хадайніцтва мае быць разгледжана на працягу трох дзён.
«Заўтра ў Пячэрскім раённым упраўленьні паліцыі Кіева сьледчы мае дапытаць Анжаліну Дыяш у гэтай справе, і, напэўна, ужо будуць вядомыя і дзеяньні адносна гэтага хадайніцтва», — паведаміў Яраслаў Яцэнка.
15 жніўня Анжаліне Дыяш было аб’яўлена яшчэ адно падазрэньне — ва ўчыненьні крымінальнага правапарушэньня паводле часткі 4 артыкулу 358 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — «выкарыстаньне заведама падробленага дакумэнту». Як вядома, на сустрэчу Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі актывістка Femen трапіла з фальшывым журналісцкім пасьведчаньнем.
Для атрыманьня яшчэ аднаго абвінавачаньня Анжаліна Дыяш прыйшла ў паліцыю ў касьцюме людаеда. Паводле яе, краіна, у якой актывіст можа панесьці крымінальнае пакараньне за мірны пратэст, ня можа лічыцца разьвітай і цывілізаванай. «Гэта хутчэй краіна дзікуноў і варвараў», — сказала актывістка журналістам.