Былы прэзыдэнт Грузіі і былы губэрнатар Адэскай вобласьці Міхэіл Саакашвілі, якому напярэдадні ўказам прэзыдэнта Ўкраіны спынілі ўкраінскае грамадзянства, заяўляе, што ён вернецца ва Ўкраіну ў верасьні.
«Я вярнуся ва Ўкраіну. Я прыеду 10 верасьня з Польшчы праз пункт пропуску «Кракавец», — сказаў ён у часе онлайн-канфэрэнцыі.
Саакашвілі таксама заявіў пра намер у судзе аспрэчыць страту ўкраінскага грамадзянства.
Акрамя таго, ён заклікаў украінскія ўлады не ператвараць факт яго прыезду ў «чарговы цырк для расейскіх каналаў».
У апошнія гады Саакашвілі жыў ва Ўкраіне, дзе яму было дадзенае ўкраінскае грамадзянства, і быў прызначаны старшынём Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.
Пасьля адстаўкі з гэтай пасады Саакашвілі стаў рэзка крытыкаваць уладу Ўкраіны. У канцы ліпеня стала вядома, што прэзыдэнт Пётр Парашэнка сваім указам зацьвердзіў пазбаўленьня Міхэіла Саакашвілі грамадзянства Ўкраіны — паводле паведамленьняў, празь сьвядомае прадстаўленьне ілжывых зьвестак пры набыцьці ўкраінскага грамадзянства. У Генпракуратуры заяўлялі, што Міхэіл Саакашвілі можа трапіць ва Ўкраіну толькі пасьля афармленьня візы.
Сам Саакашвілі на той момант знаходзіўся ў ЗША, адкуль прыбыў у Польшчу, а затым у Літву.