Суд Чыгуначнага раёну Гомля вынес прысуд у дачыненьні былога начальніка Веткаўскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Ўладзіслава Антоненкі. Паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу ён прызнаны вінаватым у хуліганстве і аштрафаваны за зьбіцьцё падлетка Вадзіма Шрэмава на 30 базавых велічыняў, што складае 690 рублёў.
«Дзякуй богу, усё скончылася, — уздыхае Людміла Шрэмава, маці Вадзіма, якому яшчэ ня споўнілася і шаснаццаці. — Мы столькі перажылі, перацярпелі, што не перадаць. Маральнай кампэнсацыі не патрабавалі».
«Справа мае вялікі розгалас»
Дзяржаўны абвінаваўца, намесьнік гарадзкога пракурора Аляксей Гаўрыкаў зрабіў выснову, што дзеяньні Антоненкі сьледзтвам кваліфікаваныя правільна паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу — хуліганства. Артыкул прадугледжвае разнастайныя пакараньні — грамадзкія працы, штраф, папраўчыя працы да 2 гадоў, арышт, абмежаваньне волі да 2 гадоў альбо пазбаўленьне волі да 3 гадоў.
«Справа мае вялікі грамадзкі розгалас, увагу з боку прэсы. Найперш з прычыны пасады, якую займаў Антоненка на момант учыненьня злачынства. Але гэта не пасада ўчыняла злачынства, а грамадзянін. Такія злачынствы, на жаль, наш суд разглядае сыстэматычна».
Намесьнік пракурора папрасіў прызначыць былому начальніку РАУС пакараньне штрафам у 40 базавых велічыняў. Меркаваў, што трэба ўлічыць шчырае раскайваньне Антоненкі, ягоную нэгатыўную ацэнку свайго ўчынку, адсутнасьць засуднасьці і нават адміністрацыйнага пакараньня, а таксама наяўнасьць дваіх непаўналетніх дзяцей. Абцяжлівыя абставіны — нецьвярозы стан, але, як лічыць дзяржаўны абвінаваўца, ёсьць дараваньне пацярпелага і яго маці, «віна перад імі загладжаная».
Ані слова ў абарону
Сам Уладзіслаў Антоненка заявіў, што яму няма чаго сказаць у сваю абарону. Ён яшчэ раз выбачыўся за хуліганства перад пацярпелым падлеткам і ягонай маці, а таксама перад УУС Гомельскага аблвыканкаму. На першым паседжаньні суду прызнаў, што «цалкам вінаваты, а ўчынак ганебны».
Інцыдэнт з удзелам начальніка міліцыі адбыўся сёлета 25 красавіка. Позна ўвечары нападпітку Ўладзіслаў Антоненка выгульваў сабаку-баксэра разам з супрацоўніцай міліцыі Галінай Кавалёвай. Сабака кінуўся пад ногі маладой пары. Мясцовы жыхар Уладзімер Сідараў зрабіў заўвагу, што сабака без намызьніка. П’яному начальніку міліцыі і ягонай спадарожніцы заўвага не спадабалася. Антоненка з кулакамі кінуўся разьбірацца з тым, хто насьмеліўся нешта пярэчыць яму, начальніку міліцыі. Пераблытаў, напаў на падлетка Вадзіма Шрэмава, які таксама ішоў па вуліцы зь дзяўчынай.
Нецэнзурная лаянка — царыца абвінавачваньня
Напачатку інцыдэнт падаваўся як у выпадках з прадстаўнікамі апазыцыі, якіх міліцыя хоча прэвэнтыўна ізаляваць. Маўляў, Антоненка ішоў паўз краму «Эўраопт», за ім Кавалёва з сабакам. Каля крамы хлопец «нецэнзурна лаяўся» — нібыта высьвятляў зь дзяўчынай адносіны. Антоненка зрабіў яму заўвагу, але той не адрэагававаў. Начальнік міліцыі падышоў бліжэй, папрасіў супакоіцца. У гэты час падбег Уладзімер Сідараў і стукнуў начальніка міліцыі ў твар — той упаў. Кавалёва адцягнула Сідарава і патэлефанавала ў міліцыю.
«Я разьлічваў, што крымінальная справа будзе спынена. Думаў, што застануся на працы ў міліцыі», — тлумачыў у судзе Ўладзіслаў Антоненка свае пачатныя паказаньні раённаму сьледчаму.
Паставіў усё на месца сьледчы з Гомля, які стаў разьбіраць хуліганства ў Ветцы з удзелам начальніка міліцыі.
Беларускі парадак
Выпадак у Ветцы — ня першы, калі службоўцы бяз дай прычыны ўчыняюць гвалт над шараговымі грамадзянамі. На Берасьцейшчыне міліцыянт пабіў 9-гадовага хлопчыка, за што яго ўрэшце звольнілі. Праўда, міліцыянтава жонка наважылася праз суд спагнаць з маці пабітага хлопчыка 500 даляраў маральнай шкоды, паверыўшы ў бязгрэшнасьць мужа пры пагонах.
З незалежных мэдыяў вядома, што міліцыянты беспрычынна зьбіваюць апазыцыянэраў. Набыткам галоснасьці робіцца жорсткасьць ахоўнікаў у мэтро, на пляжы, нават у судзе. П’яныя міліцыянты нярэдка сядаюць за стырно і ўчыняюць дарожныя аварыі са сьмяротным зыходам.
Сябра АГП, адстаўны падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў лічыць, што гэта вынік атмасфэры беспакаранасьці, якая пануе ў міліцэйскім асяродку.
«Усё пачынаецца з малога, — кажа Казлоў. — Атрымалі карт-блянш на зьбіцьцё і пасадкі апазыцыянэраў. Гэта як сыгнал ад уладных вярхоў. Далей мэтады гвалту і бязьмежжа пакрысе пераносяцца на астатніх грамадзянаў, якіх паводле закону яны абавязаныя бараніць. Такая лёгіка разьвіцьця беспакаранасьці. Спачатку выключэньне, а пасьля выключэньне становіцца правілам. Бо міліцыянт пачынае лічыць, што ён — „гаспадар жыцьця“: у яго паўнамоцтвы, ён пры зброі, за яго пракуратура і суды. І калі ў міліцыю набіраюць людзей не асабліва падрыхтаваных, „кручаных“ — усё гэта і вылазіць, як шыла зь меху».
На думку Мікалая Казлова, атмасфэра ў кожнай міліцэйскай структуры шмат у чым залежыць ад начальніка. Службоўцы зь ліку падначаленых разважаюць: «Ага, ён робіць гэтак — і стаў начальнікам! Дык і мне трэба раўняцца, каб падняцца хоць на прыступку вышэй».
«І калі ў звычайнай побытавай сытуацыі чалавек, які мае пагоны, кідаецца ў бойку, значыць, гэта для яго звыклая справа, рутына — ён вышэйшы за закон. У такога службоўца бракуе ўнутраных мэханізмаў стрыманьня. Дзіўлюся, як наагул у такіх сытуацыях даводзяць начальнікаў да суду. Гэта альбо сьведкаў было шмат, альбо меліся нейкія іншыя неабвержныя доказы злачынства», —лічыць былы міліцыянт Казлоў.
Відэакамэра як сродак галоснасьці
Момант хуліганства начальніка Веткаўскага РАУС зафіксавала камэра вонкавага назіраньня. Ніхто на яго не нападаў, не штурхаў, як спрабаваў тлумачыць у судзе сам Антоненка. Меў месца п’яны начальніцкі кураж.
Уладзіславу Антоненку няма яшчэ і 40. Скончыў Акадэмію МУС. Службу пачынаў у Гомельскім СІЗА, пасьля прасоўваўся па кар’ернай лесьвіцы ў Веткаўскім РАУС — ад афіцэра інспэкцыі ў справах непаўналетніх да начальніка аддзелу. Красавіцкае здарэньне з удзелам Антоненкі ў цэнтры Веткі расьсьледавалі супрацоўнікі УСК Гомельскай вобласьці. Падпалкоўніка міліцыі звольнілі са службы за парушэньне правілаў прафэсійнай этыкі.