Сустрэча прайшла 19 сьнежня, у ёй таксама ўдзельнічаў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, паведамляе «Парлямэнцкі канал».
«Беларусы, якія ваююць ва Ўкраіне, — гэта героі, якія абараняюць Эўропу ад Расеі. Мне крыўдна і балюча, што па тых ці іншых прычынах іх праблемы не вырашаюцца. У мяне цяпер няма гатовых адказаў, але я абяцаю, што мы паспрабуем іх знайсьці», — адзначыў на сустрэчы Міхал Каміньскі, маючы на ўвазе цяжкасьці былых добраахвотнікаў зь легалізацыяй і сацыялізацыяй у краінах Эўропы.
18 сьнежня старшыня камісіі Каардынацыйнай рады па нацыянальнай бясьпецы, былы добраахвотнік палка Каліноўскага Аляксандар Клачко (пазыўны «Кусь») правёў адзіночны пікет каля літоўскага Дэпартамэнту міграцыі ў Вільні, каб прыцягнуць увагу да праблемы легалізацыі беларусаў, у тым ліку добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны.
У канцы лістапада на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні Аляксандар Клачко заявіў, што «беларускія добраахвотнікі і іх сем’і за мяжой часьцяком сутыкаюцца зь неразуменьнем як з боку саміх беларусаў, так і з боку дзяржаваў, у якіх яны апынуліся», а сытуацыя з экстрадаваным у Беларусь экс-байцом Палку Кастуся Каліноўскага Васілём Верамейчыкам — толькі «адна зь верхавінаў нявырашаных момантаў, якія існуюць ужо два з паловай гады». Паводле Клачко, агулам налічваецца «ад 800 да 1 500 беларускіх вэтэранаў», а таксама «70 сем’яў загінулых беларускіх добраахвотнікаў».
Форум