Пра яго расказаў Дзьмітры Ганчароў, старажыл вёскі Хайсы. Гэтую вёску цяпер называюць «віцебскімі Курапатамі», бо ў суседнім лесе «чорныя капальнікі» разрабавалі невядомае пахаваньне ахвяраў сталінізму.
Паводле ўспамінаў 89-гадовага спадара Ганчарова, у гэты лес па начох прыяжджалі машыны, раздаваліся стрэлы, і людзі ў скураных куртках забаранялі мясцовым жыхарам хадзіць у грыбы. Але рызыканты знаходзіліся, і адзін зь іх, брыгадзір Верамееў, аднойчы натрапіў у лесе на дрэнна закапаную яму, зь якой тырчаў рукаў знаёмага пінжака. Акурат такога, які быў у Антона Рамашкі, арыштаванага колькі месяцаў таму старшыні тутэйшага калгасу «Прызыў».
Пра страшную знаходку паведамілі жонцы старшыні. А праз пару гадоў сям’я рэпрэсаванага назаўжды пакінула гэтыя мясьціны.
Паводле ўспамінаў вясковых старажылаў, у Антона Рамашкі, абвінавачанага ў прыналежнасьці да антысавецкай «Польскай арганізацыі вайсковай» было двое дзяцей. Віцебскія актывісты хочуць адшукаць старэйшую дачку, якая можа памятаць тагачасныя падзеі. Яны высьветлілі, што Яўгенія Антонаўна Рамашка, 1928 году нараджэньня, зьяўляецца жыхаркай Краснадарскага краю, і цяпер спрабуюць зь ёй зьвязацца.
Актывісты мяркуюць, што аповед дачкі рэпрэсаванага нарэшце пераканае мясцовыя ўлады, якія ўпарта не прызнаюць урочышча каля вёскі Хайсы месцам масавых «сталінскіх расстрэлаў». Згодна з рашэньнем Мазалаўскага сельскага выканкаму, вялікая частка парэшткаў, знойдзеных у лесе ў 2015-м годзе, была пахавана ў брацкай магіле як «ахвяры Вялікай Айчыннай вайны».
Удзельнікі ініцыятывы сабралі ўжо каля 30 сьведчаньняў мясцовых старажылаў, якія пацьвярджаюць, што ў лесе пад вёскамі Хайсы і Дрыкольле расстрэльвалі людзей. У памяць пра расстраляную настаўніцу Вольгу Данцыт тут ужо ўсталявалі мэмарыяльную шыльду. Імя жанчыны было надрапана на грабеньчыку, знойдзеным сярод чалавечых парэшткаў у масавым пахаваньні.
Актывісты правялі ўласнае дасьледаваньне і лічаць, што тут, пад Хайсамі, у 1930-я гады зьнішчылі каля сотні чалавек, імёны якіх на сёньня вядомыя, але месца згубы і пахаваньня дагэтуль застаецца таямніцай. Гэта людзі, расстраляныя ў адзін дзень з Вольгай Данцыт і Антонам Рамашкам, тлумачыць стваральнік віцебскай ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў:
«Вольга Данцыт была латышка. Паводле агульнадаступных крыніц, у адзін дзень зь ёй былі расстраляныя яшчэ 66 чалавек, пераважна латышоў і літоўцаў, арыштаваных у Віцебску ці Віцебскім раёне. Усе — па абвінавачаньні за ўдзел у латыскай контрарэвалюцыйнай групоўцы. Яшчэ 47 чалавек — гэта абвінавачаныя за дзейнасьць у прыдуманай чэкістамі польскай вайсковай арганізацыі і расстраляныя ў адзін дзень з Антонам Рамашкам».
Увогуле ж актывісты-дасьледнікі лічаць, што ў лесе пад Хайсамі расстраляна некалькі тысяч чалавек. Пакуль улады адмаўляюцца ўзяць гэтыя мясьціны пад ахову, у лесе зьяўляюцца ўсё новыя і новыя раскопы «чорных капальнікаў».