У Мазалаўскім сельскім выканкаме прайшоў сход, арганізаваны Віцебскім райвыканкамам пасьля звароту жыхароў вёскі Хайсы і віцебскіх актывістаў. Калектыўны зварот тычыўся просьбы ўшанаваць памяць людзей, чые парэшткі знаходзяць каля вёскі Хайсы, вялікім мэмарыяльным крыжам.
Ксенія Карабач, намесьніца старшыні Віцебскага райвыканкаму, заявіла, што лічыць гэтую прапанову «нясвоечасовай». Маўляў, крыж будзе замінаць працы 52-га пошукавага батальёну, які займаецца эксгумацыяй парэшткаў.
Чыноўніца: мэмарыяльны крыж будзе замінаць працы пошукавікаў
Гэтая выснова выклікала абурэньне прысутных: парэшткі людзей у гэтым лесе знаходзяць з 2014 году, і ўжо тады паўстала пытаньне пра ўшанаваньне іхнай памяці. Мясцовыя старажылы кажуць, што ў гэтых мясьцінах у 1937-38 гадах адбываліся «сталінскія расстрэлы». Аднак пасьля працы вайсковых пошукавікаў у 2015 годзе, якія знайшлі «кавалак тканіны, ідэнтычны той, зь якой шылася нямецкая вайсковая форма», афіцыйнай была прызнана вэрсія, што парэшткі належаць ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Іх нават перапахавалі ў брацкай магіле пад чырвонай зоркай каля чыгуначнай станцыі Лосьвіда.
Сёлета ўвесну мясцовыя жыхары зноў знайшлі ў лесе косьці. Найверагодней, у навакольлі Хайсоў дзейнічаюць «чорныя капальнікі», лічаць вяскоўцы. Мясцовыя ўлады былі зноўку вымушаны выклікаць 52-і пошукавы батальён, але ў заяўцы чарговы раз напісалі, што парэшткі належаць ахвярам мінулай вайны. Аднак, эксгумуючы парэшткі, вайскоўцы знайшлі шмат рэчаў, датаваных не пазьней як 1938 годам. Сярод знаходак быў жаночы грабеньчык з пазначаным імем і фрагмэнтам прозьвішча. Віцебскія актывісты з ініцыятывы «Хайсы» правялі ўласнае дасьледаваньне і лічаць, што адна з ахвяраў — расстраляная ў 1938 годзе настаўніца Вольга Данцыт.
Пошукавікі паклалі парэшткі ў вялікія цыратовыя мяхі, перадалі частку рэчаў на экспэртызу, закапалі ямы, якія ўжо пасьпелі прасесьці пад дажджом, і зьехалі. Намесьніца старшыні Віцебскага райвыканкаму Ксенія Карабач так і не змагла патлумачыць прысутным, якім чынам мэмарыяльны крыж можа перашкодзіць далейшым пошукавым работам. То казала, што «крыж будзе замінаць праводзіць раскопкі», то выказвала меркаваньне, што «людзі пачнуць хадзіць маліцца да крыжа і замінаць 52-у батальёну», які нібыта «калі-небудзь вернецца». Чыноўніца не змагла назваць аніякіх канкрэтных тэрмінаў, калі ўсталяваньне крыжа нарэшце будзе «своечасовым»: гучала і прапанова «пачакаць месяц, пакуль ня прыйдзе афіцыйная папера, што раскопкі скончаныя», і спасылкі на тое, што яшчэ няма вынікаў экспэртызы знойдзеных рэчаў, і заявы пра паўторны выклік пошукавікаў.
Міліцыя «вартуе» актывістаў, але «ня мае магчымасьці» заняцца выкрыцьцём «чорных капальнікаў»
Прысутныя на сходзе гаварылі пра іншае: што крыж — гэта сымбаль памяці, і паставіць яго варта, незалежна ад вынікаў экспэртызы і высноваў вайсковых археолягаў. Упікалі ўлады, што парэшткі знаходзяць колькі гадоў запар, а ставіць крыж, на думку ўладаў, усё яшчэ «несвоечасова».
На што Ксенія Карабач зазначыла:
«Вы ж усё адно наставілі ў лесе крыжоў — на месцы, дзе знайшлі парэшткі ў 2014 годзе. І яны стаяць, ніхто іх не чапае. Ня трэба рабіць з уладаў нейкіх нелюдзяў! Мы згодныя: ушанаваць памяць ахвяраў трэба. І мы самі зробім высновы, як гэта найлепей зрабіць. Але на ўстаноўку крыжа мы дазволу не даём».
Іншыя прадстаўнікі ўладаў, якія сядзелі за сталом перад прысутнымі, увогуле ня мелі што сказаць. Супрацоўніца райвыканкаму Ірына Тарасава, якая «займаецца пытаньнямі ўвекавечваньня ахвяраў войнаў» (так яе ахарактарызавалі прысутным), сказала ўсяго адну фразу: «Я згодная з пазыцыяй раённага кіраўніцтва». Старшыня Мазалаўскага сельскага выканкаму Леанід Дубіна загаварыў толькі тады, калі актывістка Тацяна Севярынец запыталася, якія захады зрабілі мясцовыя ўлады, каб чорныя капальнікі не займаліся блюзьнерствам, штораз выкідаючы зь зямлі парэшткі.
«Лясгас усталяваў фатапасткі», — сказаў спадар Дубіна. «Мы зьвярталіся ў міліцыю, але нам сказалі, што ў іх няма магчымасьцяў арганізаваць ахову», — дадала Ксенія Карабач. Прысутныя засьмяяліся: каля ганкаў сельвыканкаму яшчэ да пачатку сходу быў прыпаркаваны міліцэйскі аўтобус з супрацоўнікамі. Напэўна, дзяжурства каля афіцыйнага будынка куды больш актуальнае, чымсьці выяўленьне «чорных капальнікаў»...
Застаецца адно: ставіць крыжы самім, не спадзеючыся на ўлады
Дарэчы, падчас сходу прадстаўнікам Віцебскага райвыканкаму давялося выслухаць нямала скаргаў, не датычных сытуацыі з парэшткамі і ўстаноўкай крыжа. Людзі казалі, што ў вочы ня бачылі свайго ўчастковага, што падчас зваротаў да мясцовых уладаў ім «затыкаюць раты», што няма павагі да простых людзей. Зрэшты, нават гэты сход чыноўнікі арганізавалі так, як зручней менавіта ім: ня ў вёсцы Хайсы, дзе жыве большасьць тых, хто падпісаў калектыўны ліст, а ў Мазалаўскім сельсавеце. Ды яшчэ ў свой працоўны час, а не тады, калі з працы вернуцца шараговыя працаўнікі, якія на сход трапіць не змаглі.
На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты», сход выразна прадэманстраваў стаўленьне мясцовых уладаў да сытуацыі:
«Яны нізавошта ня хочуць прызнаць, што ў лесе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Нават крыж адмаўляюцца ставіць, спасылаючыся на розныя ўяўныя прычыны. Вельмі выразная пазыцыя, таму мы будзем ставіць крыжы самі. Гэта наш абавязак перад памяцьцю загінулых. Бо ад райвыканкаму не даводзіцца чакаць дапамогі: у 2016 годзе парэшткі, знойдзеныя ў лесе, цішком ад нас пахавалі ў брацкай магіле. Не выключаю, што й гэтым разам сытуацыя паўторыцца».
Актывісты ўжо зьвярталіся да ўладаў, каб ім паведамілі пра вынікі экспэртызы рэчаў і парэшткаў, і прапанавалі перапахаваць ахвяраў тут жа, на месцы загубы, зрабіўшы гэтыя мясьціны мэмарыяльнымі. На што атрымалі адказ зь Віцебскага райвыканкаму: маўляў, дачакаемся афіцыйных папераў ад 52-га батальёну і зробім перапахаваньне так, як будзем лічыць патрэбным.