Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавая дапамога Крэўскаму замку: якія шанцы на ўратаваньне рэліквіі?


Руіны Крэўскага замку
Руіны Крэўскага замку

З прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва будзе выдаткавана амаль 370 тысяч рублёў на рэстаўрацыйныя работы і капітальны рамонт Барысаглебскай (Калоскай) царквы XII стагодзьдзя ў Горадні і кансэрвацыю Княскай вежы Крэўскага замка XIV стагодзьдзя. Такое рашэньне зацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка.

Грошы з прэзыдэнцкага фонду на кансэрвацыю Княскай вежы

Каложу, як мяркуюць адмыслоўцы, пры добрым падыходзе яшчэ можна давесьці да ладу. А вось стан Крэўскага замка выклікае трывогу: горы каменьня пад мурамі ўздымаюцца ўсё вышэй, надзеі на ўратаваньне ўнікальнага помніка ўсё меней.

Замкавыя руіны на Смаргоншчыне ўнесеныя ў сьпіс з амаль трох дзясяткаў аб’ектаў даўніны, забесьпячэньне захаванасьці якіх ускладаецца на рэспубліканскі бюджэт — ні лякальная, ні раённая, ні нават абласная казна не пацягне такіх выдаткаў.

Старшыня Крэўскага сельсавету Сяргей Капыш — нараджэнец мястэчка, гісторык паводле адукацыі. За гаротны стан помніка перажывае, як і ўсе тутэйшыя. Іншая справа, ці не занадта прыпазьнілася дапамога:

«Нават ня ведаю, што можна зрабіць... Многія, хто сюды прыяжджаюць, кажуць, што тут ужо дапамога — як хваробе кашаль, разумееце? Вядома, хацелася б захаваць, але ці не занадта позна? Пляны наогул якія? Аднавіць Княскую вежу з экспазыцыяй музэю. Па пэрымэтры замка створана ахоўная зона. Спачатку былі нават думкі адрэстаўраваць сынагогу, зрабіць там адміністрацыйны цэнтар кіраўніцтва замкам — зноў жа, з экспазыцыяй габрэйскай культуры. Але ж самі бачыце, у якім стане будынак, ці можна яго рэальна аднавіць? Тое самае з замкам. Таму на сёлетні год заплянаваная толькі кансэрвацыя Княскай вежы. Як яна будзе выглядаць, я праект ня бачыў. Але спадзяюся, што гэта будзе зроблена, вежа будзе захаваная — хоць бы ў такім выглядзе, у якім яна ёсьць сёньня».

Сынагога ў Крэве
Сынагога ў Крэве

Крэўскі замак — першы на тэрыторыі Беларусі, цалкам збудаваны з каменю. За сваю доўгую гісторыю вытрымліваў аблогі мяцежных літоўскіх князёў, татарскага і маскоўскага войскаў. У XIX стагодзьдзі страціў сваё абарончае значэньне і быў закінуты. Вырашальнай для яго далейшага лёсу стала Першая ўсясьветная вайна: ад расейскіх абстрэлаў і нямецкай перабудовы пацярпеў увесь комплекс абарончых збудаваньняў.

У зацікаўленых ведамствах не даюць ніякай гарантыі, што Крэўскі замак можа быць адрэстаўраваны, нават калі знойдуцца грошы. Перадусім спасылаюцца на тое, што няма дакладных зьвестак пра яго першароднае аблічча. Таму падрыхтаваны праект кансэрвацыі муроў з магчымай рэканструкцыяй Княскай вежы на паўночнай сьцяне. З такім падыходам згодны і Сяргей Капыш:

«Асабіста я, зыходзячы з той рэальнасьці, якая ёсьць, аднавіў бы толькі вежу. Што да астатняга, прыклаў бы максымум намаганьняў, каб закансэрваваць — каб ня сыпаліся камяні, каб засталіся хаця б рэшткі муроў. Давайце разважаць цьвяроза: аднавіць замак у тым выглядзе, у тым стане, у якім будаваўся ў XIV стагодзьдзі, нерэальна. Хоць, як на мой погляд, ён мае большую гістарычную каштоўнасьць, чым тыя ж Нясьвіскі і Мірскі замкі. Сёньняшняй мовай кажучы, што такое палац у Нясьвіжы? Лецішча, калі па вялікім рахунку. А гэта адзін зь першых абарончых замкаў на тэрыторыі Беларусі, у якім была задзейнічана так званая вежа-данжон ды іншыя атрыбуты ваеннага прызначэньня. Проста стан і Нясьвіскага, і Мірскага замкаў быў нашмат лепшы, таму туды і былі скіраваныя сродкі. А тут нешта аднаўляць складана».

Рэстаўрацыя па-бальшавіцку: разабраць пад індустрыяльныя патрэбы

Апошнія спробы ўратаваць унікальны замак датаваныя пэрыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. Рэстаўратары на чале са Станіславам Лорэнцам умацавалі рэшткі сьценаў мэталічнымі сьцяжкамі, паставілі контрафорс, аднак скончыць задуманае ў поўным аб’ёме не пасьпелі — з прыходам у 1939 годзе бальшавікоў ні пра якую кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла.

Мала таго, пасьля вайны замак рыхтаваліся разабраць пад «індустрыяльныя патрэбы». Як прыгадваюць мясцовыя старажылы, каменьне хацелі вывезьці ў Смаргонь — нешта адбудаваць, нешта пусьціць на новы аэрадром. Праўда, адужаць крэпасьць не ўдалося: нагрузілі два дзясяткі вазоў з таго, што здолелі скалупнуць зьверху, асноўныя муры будаўнічым кіркам не паддаліся.

За савецкім часам Княскую вежу ўзялі ў рыштаваньні і накрылі рубэроідам. Але здаецца, што толькі нашкодзілі — пад накрыўкай зьбіралася вада, цэгла хутка рабілася непрыдатнай. Пару гадоў таму сумнеўную канструкцыю дэмантавалі:

«Была кансэрвацыя паводле прынцыпу „цяп-ляп“, хто яе праводзіў, нават ня ведаю, — абураецца старшыня Крэўскага сельсавету. Праз усю сьцяну былі прабітыя адтуліны, у іх замацавалі бэлькі. А наверх паставілі нейкую „шпакоўню“, інакш ня скажаш. Гэта ж атрымліваецца яшчэ большая „паруснасьць“, яно болей разбурае, чым захоўвае. Сьцяна ў выніку выветрылася, дах канструкцыі прадзіравіўся, пацякла вада. У выніку прынялі рашэньне тую пародыю разабраць. Мала таго, што не ўпрыгожвала, дык толькі шкодзіла... Але і без таго ўсё кожны дзень бурыцца, валіцца, ссоўваецца. Калі мае людзі прыходзяць абкошваць, сьмецьце прыбіраць, тэлефануюць, што там валун вываліўся, там яшчэ адзін. Страчваем паступова тое, што павінна быць нашым агульным гонарам».

З падкошаных сьценаў крэўскай руіны раз-пораз глуха «страляюць» камяні, папаўняючы немалыя завалы ўнізе. Найперш ва ўсходняй частцы, уздоўж якой пралегла сьвежая баразна ад бульдозэрнай зачысткі — геолягі аўтаномна ад археолягаў прыступілі за забору грунту, яшчэ больш падвысіўшы рызыку ссоўваньня муроў.

Бальшыня экспэртаў сходзіцца на думцы, што сытуацыю трэба ацэньваць аб’ектыўна: пакуль няма разуменьня, якім замак быў першапачаткова, наўрад ці ёсьць сэнс «загружацца» нерэальнымі плянамі. Галоўнае — захаваць тое, што яшчэ магчыма, а не пакінуць нашчадкам кучу бессэнсоўнага друзу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG