Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў рашэньне рады фонду прэзыдэнта па падтрымцы культуры і мастацтва аб выдзяленьні са сродкаў фонду 369 834 рублёў на фінансаваньне творчых праектаў.
Грошы будуць накіраваныя на выкананьне рэстаўрацыйных работ і капітальны рамонт Барысаглебскай (Калоскай) царквы XII стагодзьдзя ў Горадні і кансэрвацыю Княжацкай вежы Крэўскага замка XIV стагодзьдзя, паведамляе БелаПАН.
Сродкі таксама выдзеляць Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музэю-запаведніку на таніраваньне адслаеньняў роспісаў XVIII-XIX стагодзьдзяў Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагодзьдзя.
Сьвята-Барысаглебская Калоская царква — унікальны помнік старажытнага праваслаўнага дойлідзтва XII стагодзьдзя ў Беларусі і Ўсходняй Эўропе. Мяркуецца, што мураваная царква ў Горадні была ўзьведзеная ў 1140–1170 гадах.
Руіны Крэўскага замка знаходзяцца ў мястэчку Крэва каля Смаргоні. Гэта адзін з найстарэйшых беларускіх замкаў пачатку XIV стагодзьдзя, першы на тэрыторыі Беларусі замак, цалкам пабудаваны з каменя. У XVI стагоддзі замак вытрымліваў аблогі татарскага і маскоўскага войскаў. У XIX стагодзьдзі Крэўскі замак страціў сваё абарончае значэньне і быў закінуты. Падчас Першай усясьветнай вайны замак быў моцна разбураны.