«Недзе месяцы два таму пачалі раўняць адхоны бульдозэрам, каб змагла заехаць машына з абсталяваньнем. Так разумею, бралі на аналіз грунт, бо прабівалі зямлю, заганялі туды мэталічныя трубы. Праехалі кругам навокал, потым сталі ўнутры, там капалі. Між сабой казалі, што паступіла фінансаваньне, трэба праверыць структуру глебы», — кажа жыхарка Крэва пра сьляды актыўнасьці вакол старадаўняга замка.
Інжынэрна-геалягічныя пошукі: праверка на жывучасьць
Стан Крэўскага замка даўно выклікае трывогу і ў адмыслоўцаў, і ў наведнікаў: горы каменьня пад мурамі ўздымаюцца ўсё вышэй, надзеі на ўратаваньне ўнікальнага помніка ўсё меней.
І вось пасьля доўгіх гадоў зацішша на занядбанай тэрыторыі зафіксаваная чалавечая актыўнасьць. Не зважаючы на мароз, пасярод зімы геолягі пачалі варочаць месіва са сьнегу, чарназёму і камянёў — здабывалі пробы грунту. А як у сакавіку ўсё растала, вачам адкрылася прыкрае відовішча: глыбокія сьляды колаў, вывернутая зямля, ссунутыя валуны.
Старшыня Крэўскага сельсавету Сяргей Капыш — чалавек мясцовы, паводле адукацыі гісторык. За гаротны стан помніка перажывае гэтак жа, як і ўсе тутэйшыя людзі. Разумее, што ні лякальная, ні раённая, ні нават абласная казна не пацягне выдаткаў на такі маштабны аб’ект. Прывідныя спадзевы хіба на леташнюю пастанову Савету міністраў (№ 437): Крэўскі замак унесены ў сьпіс з амаль трох дзясяткаў памятак даўніны, забесьпячэньне захаванасьці якіх ускладаецца на рэспубліканскі бюджэт:
«Была зіма, ляжаў сьнег, усё замецена. Але ж самі разумееце, як у нас адбываецца: як ёсьць сродкі, тады іх і асвойваюць. Падагналі бурыльную машыну, але, відаць, праз каменьне не маглі ўзяць грунт, таму экскаватар крыху адгарнуў зямлю, каб бур прайшоў углыб. Але тое, што пайшла гуляць інфармацыя — маўляў, замак руйнуюць бульдозэрам, зносяць сьцены — дык гэта поўнае глупства. Мне за такую падачу вельмі крыўдна. Узялі забор грунту. Калі простай мовай — наколькі зямля дазваляе праводзіць далейшыя працы. Ці можна нарошчваць муры, ці будзе асадка; якія ўнізе пароды — гліна, пясок, вада? Асноўнае пытаньне — ці вытрымае замак рэстаўрацыю, кансэрвацыю?»
У Міністэрстве культуры не даюць ніякай гарантыі, што Крэўскі замак можа быць адрэстаўраваны, нават калі знойдуцца грошы. Перадусім спасылаюцца на тое, што няма дакладных зьвестак пра яго першароднае гістарычнае аблічча. Таму падрыхтаваны праект кансэрвацыі муроў з магчымай рэканструкцыяй Княскай вежы на паўночнай сьцяне.
Па-першае, яе выявы захаваліся на фатаздымках кайзэраўскіх салдат і афіцэраў, якія стаялі ў Крэве ў Першую ўсясьветную вайну. Па-другое, аналягічныя прапорцыі вынікаюць і з матэрыялаў натурных дасьледаваньняў. Паколькі ў межах распрацоўкі праекту рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўленьня замка былі заплянаваныя інжынэрна-геалягічныя пошукі, яны і былі выкананыя.
Добраахвотная адмова ад аўтэнтыкі: захаваць хоць бы мізэр
Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч чуе шмат нараканьняў, што ягоная арганізацыя няслушна ігнаруе факты парушэньня ахоўнага заканадаўства. Спадар Астаповіч удакладняе: на месцы, дзе меркавалася закласьці сьвідравіны і правесьці статычнае зандаваньне, аказалася багата каменнага друзу, і працаваць было немагчыма. Таму тэрыторыю расчысьцілі цяжкой тэхнікай:
«Не хачу сказаць, што гэта добра — упэўнены, што працы можна было зрабіць ашчадней. Але пачаўся пэўны працэс у межах рэстаўрацыі, таму падобная сытуацыя будзе ўзьнікаць усё часьцей і часьцей. То бок, ставячы пытаньне аб рэстаўрацыі таго ці іншага аб’екта, заўсёды трэба быць гатовым: нешта пойдзе ня так, як бы нам хацелася, а ў некаторых выпадках нават прыйдзецца разьвітацца з часткай аўтэнтыкі. Калі вярнуцца да сытуацыі з Крэўскім замкам, то з фармальнага пункту гледжаньня зроблена толькі адно парушэньне — працы праводзіліся ў адсутнасьць археалягічнага нагляду. З гэтай праблемай ужо працуе Інстытут гісторыі».
Кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Алег Дзярновіч шмат гадоў займаецца раскопкамі па пэрымэтры Крэўскага замка. Але гэтым разам геалягічныя дасьледаваньні адбываліся без удзелу адмыслоўцаў-археолягаў:
«Наколькі я зразумеў, ладзіліся інжынэрна-геалягічныя пошукі на замову „Белрэстаўрацыі“. У прынцыпе, этап неабходны, бо перад пачаткам рэканструкцыі трэба зразумець, якая характарыстыка грунтоў.
Такія дасьледаваньні, вядома, могуць праводзіцца аўтаномна, але, мяркуючы па фатаздымках, частка пластоў усё ж парушана. На жаль.
Як на добры толк, інструкцыя заканадаўства адназначна патрабуе: археалягічны нагляд у такіх выпадках неабходны. А мне, прынамсі, невядома, каб ён там быў.
Паўтаруся: калі па-нармальнаму, то любыя зямельныя працы на помніках падобнага значэньня павінны быць шчыльна ўвязаныя з археалёгіяй».
За сваё доўгае жыцьцё Крэўскі замак зазнаў нямала выпрабаваньняў. Яго бралі ў аблогу мяцежныя літоўскія князі, перакопскія татары, войскі маскоўскіх ваяводаў. Але вырашальнай для далейшага лёсу стала Першая ўсясьветная вайна: больш за два гады, пачынаючы ад восені 1915-га, замак быў у цэнтры супрацьстаяньня расейскай і германскай арміяў.
Крэва было падзелена лініяй фронту, замак трапіў пад «юрысдыкцыю» кайзэраўскіх войскаў — сьцены таўшчынёй 2,5 мэтра і вышынёй да 12 мэтраў, магутная Княская вежа сталі для іх надзейным антырасейскім шчытом. Але да варожых пазыцыяў было менш як паўкілямэтра, і ўсходняя частка прымала на сябе асноўныя ўдары артылерыі. Цягам вайны ад расейскіх абстрэлаў і нямецкай «перабудовы» пацярпеў увесь комплекс абарончых збудаваньняў.
Стогны сярэднявечных муроў: безабароннасьць перад прагрэсам
Колькі часу мы з калегам-фатографам хадзілі вакол рэшткаў некалі велічнай фартыфікацыі, столькі чуліся «стогны» муроў — з падкошаных сьцен глуха «выстрэльвалі» камяні, папаўняючы і без таго немалыя завалы ўнізе. Найперш ва ўсходняй частцы, уздоўж якой пралегла баразна ад бульдозэрнай зачысткі.
Дом 87-гадовага спадара Ёсіфа — акурат насупраць замкавай сьцяны. Гаспадар расказвае, што раней калі які камень і вываліцца, дык гэта было надзвычайнае здарэньне. Цяпер жа, перакананы стары, дзеля бясьпекі варта забараніць падыходзіць да замка наогул:
«Калі і адвальваўся камень, дык толькі пасьля вялікага марозу. Сам па сабе ніводзін ня падаў. Я туды штодня хадзіў, скаціну вадзіў. У нас конік быў, навязваў у замку, дазволілі пасьвіць, бо сачыў за парадкам: касіў, падчышчаў, пільнаваў, адным словам. Дык вось камень не валіўся ніколі! Толькі пад вясну, пасьля маразоў, калі-нікалі пачуеш — бух! А цяпер — так, часьцяком. А што ж хочаце? Экскаватар моцны, адгортваў ад сьцяны зямлю, каменьне. Дарэчы, нешта тут рабочыя знайшлі. Я ўжо ведаў іх з выгляду, заўсёды падыходзіў. Пагаварылі, а потым бачу, што замінаю. Ну і праўда: трэба забраць адну рэч, дык ідзі, бацька, дахаты. Ня будзеш жа выступаць, пайшоў. Значыць, нешта вывернулі, а што — ня ведаю».
Апошнія спробы ўратаваць унікальны замак XIV стагодзьдзя (паводле некаторых зьвестак — нават сярэдзіны ХІІІ) датаваныя пэрыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. Рэстаўратары на чале са Станіславам Лорэнцам умацавалі парэшткі сьцен мэталічнымі сьцяжкамі, усталявалі контрафорс, аднак скончыць задуманае ў поўным аб’ёме не пасьпелі. З прыходам у 1939 годзе бальшавікоў ні пра якую кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла.
Наадварот, як добра памятае спадар Ёсіф, рыхтаваліся разабраць сьцены пад «індустрыяльныя патрэбы». Праўда, адужаць княскую крэпасьць новым уладарам не ўдалося:
«Памятаю, хадзіў за палякамі ў школу, якраз рабілі падпору — там, дзе была брама. А ўжо па вайне, як прыйшлі бальшавікі, прыгналі людзей, каб разабраць замак. Хацелі вывезьці ў Смаргоні: нешта адбудаваць, нешта пусьціць на аэрадром. Прыехалі на падводах аж зь Пераходаў, кілямэтраў 15 адсюль. Такі тлум стаяў, па гародах абыходзілі, па платах. Ну і што? Не далі рады, не змаглі разабраць. Кіркі, ламы, молаты. Грымела, як на вайне. Дык ведаеце, ніводнай цэлай цэглы не адбілі, хоць усходняя сьцяна амаль уся была з цэглы, уверсе толькі камень. Разьбіваюць да крошкі, і ўсё, толькі аскепкі з вачэй выкалупваюць. Вазоў 30 нагрузілі, што здолелі скалупнуць зьверху, зь лесьвіц зьбівалі, і разьехаліся. Да паўночнай і заходняй наагул не падступіліся».
Вытокі Крэўскага праклёну: цана пытаньня ў цэлае стагодзьдзе
Да імавернага пэрыяду зьяўленьня Крэўскага замка дасьледчыкі дадаюць плюс-мінус стагодзьдзе. Але мясцовыя старажылы пераказваюць гісторыю, якая звужае храналягічныя рамкі.
Яшчэ за польскім часам у крэўскай школе працаваў настаўнік Бандаровіч, родам з Валыні. Вучням расказваў, што на ягонай радзіме быў дзіўны праклён: «А каб ты цягаў камяні на Крэва!». Старыя валынцы казалі, што выслоўе існуе спакон вякоў. Наўрад ці камяні на замак дастаўлялі з Валыні — больш верагодна, што альбо валынян прыцягвалі да будаўнічых працаў, альбо нехта з крэўскіх дойлідаў апынуўся там і занёс эмацыйны выраз.
З гісторыі стасункаў паміж князямі ВКЛ і ўладарамі Галіцка-Валынскага княства вядомыя прынамсі два выпадкі — у 1258 і 1277 гадах — калі галічане і валыняне ў саюзе з татарамі нападалі на землі Літвы. Удалыя набегі звычайна суправаджаліся паланеньнем працаздольных мясцовых людзей. Сярод іх маглі аказацца тыя, хто сапраўды «цягаў камяні на Крэва» і ўжываў праклён для характарыстыкі нялёгкай працы. Калі кіравацца такой лёгікай, будоўля Крэўскага замка сапраўды магла весьціся блізка па часе да згаданых набегаў — у сярэдзіне ХІІІ стагодзьдзя.
Шмат якія старонкі гісторыі сярэднявечнага замка пакрытыя таямніцай. Напрыклад, няма адказу на пытаньне, куды падзелася брама ў Княскай ці, як яе яшчэ называлі, Кейстутавай вежы? На фатаздымках і малюнках 100-гадовай даўнасьці яна яшчэ відаць, але потым яе сьлед папросту зьнік. І ці не схаваны за ёй уваход у сутарэньні, дзе вялікі князь Ягайла расправіўся з родным дзядзькам, прэтэндэнтам на вялікакняскі трон Кейстутам?
Дык ці варта ставіць задачу-максымум, намагаючыся вярнуць Крэўскаму замку намёк на аблічча нейкага гістарычнага пэрыяду? Якія аргумэнты павінны перамагчы ў адвечнай спрэчцы рэстаўратараў: сучасны муляж ці раскіданыя камяні? Як ставіцца да таго, што нават у выпадку рэалізацыі амбітнай задумы на 90% гэта ўжо будзе навадзел? Бальшыня экспэртаў сыходзіцца на думцы, што сытуацыю трэба ацэньваць аб’ектыўна: пакуль няма разуменьня, якім замак быў адпачатку, наўрад ці ёсьць сэнс «загружацца» нерэальнымі плянамі. Галоўнае — захаваць тое, што яшчэ магчыма, а не пакінуць нашчадкам кучу бясформеннага і бессэнсоўнага друзу.