Вакол Крэўскага замка камунальнікі ўсталявалі агароджу зь сеткі і раскідалі старыя рыштаваньні, якія шмат гадоў псавалі выгляд старадаўніх муроў. Ці азначае гэта, што нарэшце зьявілася цікавасьць да аднаго з самых знакавых абарончых збудаваньняў на беларускай зямлі?
Крэўскі краязнаўца, гісторык, аўтар дасьледаваньняў гісторыі старадаўняга замка Аляксандар Камінскі апавёў, што на руінах неўзабаве пасьля візыту ў мястэчка міністра культуры Барыса Сьвятлова назіралася нязвыклая актыўнасьць камунальных службаў: сьцены і ўмоўны дах галоўнай (Княскай) вежы вызвалілі ад струхлелых бярвёнаў і рубэройду, выкарчавалі расьліннасьць, якая пачала пускаць карані на самым версе, расчысьцілі ўнутраную тэрыторыю, паставілі плот:
«Літаральна апошнім часам, можа тыдні два таму, прыехалі людзі ва ўніформе і абгарадзілі ўсё такім вось платом-сеткай...»
Карэспандэнт: «Можа, ад ЮНЭСКА „ўрвалі“ крыху грошай?»
«Ну, хіба толькі на плот, на большае наўрад ці можна разьлічваць (сьмяецца). 10 гадоў таму тут валянтэрылі студэнты профільных факультэтаў, рабілі спробу кансэрвацыі: наставілі „шпакоўняў“, пераконвалі, што так будзе лепш. У выніку пакінулі пасьля сябе шмат чаго непатрэбнага, ня вельмі хто іх імпэт ацаніў. Але і зьнесьці тыя канструкцыі таксама не адважваліся. Нарэшце вось сьцены вызвалілі ад усяго лішняга».
Апошнія спробы ўратаваць унікальны замак XIV стагодзьдзя (а паводле некаторых зьвестак — нават сярэдзіны ХІІІ-га) ад поўнага разбурэньня датаваныя канцом 1920-х, калі заходнебеларускія землі былі пад уладай Польшчы. Польскія рэстаўратары з Станіславам Лорэнцам на чале ўмацавалі парэшткі сьценаў мэталічнымі сьцяжкамі, але скончыць задуманае ў поўным аб’ёме так і ня здолелі (ці не пасьпелі). З прыходам у 1939 годзе бальшавікоў ні пра якую кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла, і замак быў кінуты на самавыжываньне. Навуковыя экспэдыцыі ў 1970–80-х збольшага абмяжоўваліся дасьледчыцкімі мэтамі і вылоўліваньнем археалягічных знаходак. Таму, як канстатуе Аляксандар Камінскі, у 700-гадовай гісторыі Крэўскага замка дагэтуль процьма «белых плямаў»:
«Прыкладам, Станіслаў Лорэнц у справаздачы апісвае контрафорс, які яны паставілі для ўмацаваньня сьцяны. Але калі прыгледзецца, то літаральна побач угадваецца яшчэ адна канструкцыя, якая формай нагадвае зноў жа контрафорс. Пра гэта Лорэнц чамусьці ня піша. Як я на гэта зьвярнуў увагу? Пры вывучэньні замка гляджу ня толькі на дакумэнтальныя матэрыялы, на архіўныя апісаньні, на фатаздымкі, але і на мастацкія творы. У мяне ёсьць аматарская карціна літоўскага паліцая, якую захавалі мясцовыя жыхары — нейкі час у Крэве стаяў літоўскі паліцэйскі гарнізон. На ёй намаляваны замак часоў Другой усясьветнай вайны. Дык вось на карціне, якая пазначана 1942 годам, гэтыя фрагмэнты амаль аднолькавыя. Цяперашняя, меншая падпорка выглядае гіпертрафавана, яна фактычна такая самая, якую падчас кансэрвацыі паставілі палякі. На гэта нельга не зьвярнуць увагу, бо на малюнку дыспрапорцыя бачная вельмі выразна. Узьнікае лягічнае пытаньне: ці гэта першапачаткова быў контрафорс, ці дабудаваны ў нейкі пэрыяд? І калі, хто яго адсюль прыбраў?».
Пакрытыя таямніцай і яшчэ шмат якія старонкі гісторыі сярэднявечнага замку. Як кажа суразмоўца, няма адказу на пытаньне, куды падзелася брама ў Княскай ці, як яе яшчэ называлі, Кейстутавай вежы? На фатаздымках і малюнках 100-гадовай даўнасьці яны яшчэ відаць, але потым іх сьлед папросту зьнік. І ці не схаваны за імі ўваход у сутарэньні, дзе вялікі князь Ягайла расправіўся з родным дзядзькам, прэтэндэнтам на вялікакняскі трон Кейстутам?
«Цікавую знаходку зрабіў менскі дасьледчык Уладзімер Багданаў. Калі паглядзець на галоўную вежу з заходняга боку, то цяпер там роўная сьцяна. Але падчас Першай усясьветнай вайны і да яе канца, як сьведчаць тагачасныя фатаздымкі, малюнкі, там выразна бачна нейкая адтуліна, забітая дошкамі. У 1920-я на гэтым месцы яшчэ таксама брама — прынамсі, дзьверы на шматлікіх выявах бачныя дакладна, у тым ліку на малюнках Язэпа Драздовіча з альбому „Крэва“. Але пасьля 1930-х тая адтуліна чароўным чынам зьнікае. У справаздачы па кансэрвацыі, зробленай кіраўніком аднаўленчых працаў Станіславам Лорэнцам у 1930 годзе, пра адтуліну ўжо нічога не гаворыцца. То бок загадка так і засталася неразгаданай. Мы ня ведаем: ці гэта быў старажытны ўваход у вежу, ці гэта германцы прыстасавалі вежу для сваіх патрэбаў у часе вайны?».
За сваё доўгае жыцьцё Крэўскі замак зазнаў нямала нашэсьцяў і выпрабаваньняў самай рознай зброяй. Яго бралі ў аблогу мяцежныя літоўскія князі, перакопскія татары, войскі маскоўскіх ваяводаў. Але вырашальнай для далейшага лёсу стала Першая ўсясьветная вайна: больш за два гады, пачынаючы ад восені 1915-га, замак быў у цэнтры супрацьстаяньня расейскай і германскай арміяў.
Крэва аказалася падзелена лініяй фронту, і старажытны замак трапіў пад «юрысдыкцыю» кайзэраўскіх войскаў. Моцныя сьцены таўшчынёй 2,5 мэтра і вышынёй да 12 мэтраў, магутная Княская вежа сталі для немцаў надзейным шчытом. Паколькі да рускіх пазыцыяў было менш як паўкілямэтра, усходняя частка замка першай прымала на сябе ўдары артылерыі. Цягам вайны, як кажа Аляксандар Камінскі, ад расейскіх абстрэлаў і нямецкай «перабудовы» пацярпеў увесь комплекс абарончых збудаваньняў:
«У часе Першай усясьветнай вайны замак быў на самым рубяжы супрацьстаяньня — на першай лініі нямецкай абароны. І, як каменная пабудова, пастаянна быў пад абстрэлам рускай артылерыі. Немцы яго разглядалі выключна як умацаваньне, без аніякага піетэту. Дый першае прызначэньне замка — не палац, як зазвычай маецца на ўвазе, а крэпасьць. Таму кайзераўцы таксама выкарыстоўвалі яго як крэпасьць. Каменныя сьцены і самі па сабе мелі пэўную сілу, а немцы яшчэ парабілі шмат дадатковых прыбудоваў. На ўнутранай тэрыторыі, каля ўсходняй сьцяны, былі драўляныя ўмацаваньні, аналягічныя — па-за замкам, на заходнім вонкавым баку сьцяны. На тагачасных здымках бачна, што стаялі высокія драбіны, каб назіраць, што адбываецца на расейскіх пазыцыях. Акрамя драўляных пабудоваў, былі і каменныя. Каменьне, мяркуючы па ўсім, выкарыстоўвалі з самога замка.
Некаторыя думаюць, што пабудовы ў раёне меншай вежы — старажытныя. Насамрэч гэта фрагмэнты нямецкага ўмацаваньня пачатку ХХ стагодзьдзя — ужываецца цэмэнт, бэтон, чаго раней не было. Таксама асобныя лічаць аўтэнтычным збудаваньнем напаўкруглую вежу, але навукоўцы даказалі: таксама ўжываўся цэмэнтны раствор, адпаведна, яна ўзьведзена падчас Першай усясьветнай вайны».
Якія пэрспэктывы ў замкавых руінаў? Ці магчыма ўратаваць унікальныя сьцены ад канчатковага разбурэньня? Аляксандар Камінскі перакананы: займацца грунтоўнай кансэрвацыяй трэба ўжо цяпер, не чакаючы, пакуль ад замка застанецца толькі груда камянёў:
«Ну якія тут варыянты? Ратаваць, іншага ня дадзена. Цяпер, здаецца, ужо ўсе ставяцца да Крэўскага замка ня так, як за савецкім часам. Ведаюць, што гэта гістарычная каштоўнасьць, што трэба яе захаваць. Да таго ж няма ніякіх войнаў, канфліктаў, нібыта спрыяльныя ўмовы для захаваньня замка. Тым ня меней муры літаральна на вачах разбураюцца. Прычыны розныя. Па-першае, ён узьведзены на балоцістай мясцовасьці, на сутоку рэк Краўлянкі і Шляхцянкі. Па-другое, побач па трасе бясконца курсуюць машыны — як пад Смаргонямі пабудавалі завод „Кранаспан“, фуры тут пастаянна пралятаюць. Хочаш ня хочаш, адбываецца вібрацыя, ад чаго каменьні паступова вывальваюцца. Бывае нават — экскурсію праводзіш, і толькі чуеш, што там камень зваліўся, там зваліўся. Таму трэба за гэта нарэшце брацца — прынамсі закансэрваваць, каб ён не разбураўся далей».
А ці варта ставіць задачу-максымум, намагаючыся вярнуць Крэўскаму замку намёк на першароднае аблічча? Якія аргумэнты павінны перамагчы ў адвечнай спрэчцы рэстаўратараў — сучасны муляж ці раскіданыя камяні? Як ставіцца да таго, што нават у выпадку рэалізацыі амбітнай задумы на 90% гэта ўжо будзе навадзел? Аляксандар Камінскі лічыць, што сытуацыю трэба ацэньваць аб’ектыўна: пакуль няма разуменьня, якім замак быў адпачатку, ня трэба «загружацца» нерэальнымі плянамі:
«Што рабіць з Крэўскім замкам? Аднаўляць яго да першапачатковага выгляду ня варта, дый наўрад ці гэта магчыма. Асабіста я трымаюся такога меркаваньня. Адбудоўваць, рабіць поўную рэстаўрацыю не патрэбна. Трэба захаваць тое, што яшчэ можна. У такім выпадку гэта будзе дэманстраваць увесь зрэз прамінулага часу і, адпаведна, нашы адносіны да гісторыі. Бо калі спрабаваць аднавіць замак, страціцца напамін пра падзеі, якія тут адбываліся ў розныя пэрыяды, папросту сатрэцца памяць пра лёсавызначальныя этапы яго гісторыі. Справа ў тым, што ніхто дакладна ня ведае, як ён першапачаткова выглядаў — ніякіх чарцяжоў ад той пары не дайшло. Да гэтага часу ідуць спрэчкі паміж навукоўцамі, колькі было вежаў, дзе былі ўваходы, ці было тут возера і г.д. І калі камусьці стварыць умовы, узяўшы за ўзор толькі адну вэрсію таго, як аднаўляць замак, то гэта будзе несправядліва. Будзе толькі нечы суб’ектыўны погляд».
У дакумэнтальным дасьледаваньні «Як карабель на хвалях часу (Крэўскі замак у апісаньнях і выявах)» Аляксандар Камiнскi разглядае некалькі вэрсіяў таго, калі менавіта абарончае збудаваньне магло паўстаць на крэўскай зямлі. Паставіўшы пад сумнеў аргумэнты некаторых апанэнтаў, ён схіляецца да варыянту, які, на думку самога аўтара, наўрад ці сарве аплядысмэнты ад уганараваных навукоўцаў.
Паводле старажылаў, яшчэ ў даваенны час у крэўскай школе працаваў настаўнік Бандаровіч, родам з Валыншчыны. У гутарках са школьнікамі ён расказваў, што на ягонай радзіме бытуе праклён, дзіўным чынам зьвязаны з Крэвам: «Каб ты цягаў камяні на Крэва!». Старыя валынцы казалі, што выслоўе існуе спакон вякоў, першакрыніцы невядомыя. Спадар Камінскі ня верыць, што камяні на замак дастаўлялі з той жа Валыншчыны, бо гэтага дабра хапала і на месцы. Значыць, альбо валынцаў прыцягвалі да будаўнічых працаў, альбо нехта з крэўскіх дойлідаў апынуўся на Валыншчыне, распаўсюдзіўшы там гэты эмацыйны выраз.
Як лічыць дасьледчык, апошні сцэнар больш верагодны. З гісторыі стасункаў паміж князямі ВКЛ і ўладарамі Галіцка-Валынскага княства вядомыя прынамсі два выпадкі, у 1258-м і 1277-м гадах, калі галічане ды валыняне ў саюзе з татарамі нападалі на землі Літвы і Нальшанаў. Удалыя набегі звычайна суправаджаліся паланеньнем мясцовых людзей, у першую чаргу — здольных да працы. Сярод іх маглі аказацца тыя, хто сапраўды «цягаў камяні на Крэва» і ўжываў праклён, якім характарызавалася нялёгкая праца. Асыміляваўшыся з жыхарамі Валыншчыны, яны падзяліліся гэтым злавесным выказваньнем, прынесеным з былой радзімы. Калі ўзяць пад увагу падобныя разважаньні, будоўля Крэўскага замка магла весьціся блізка па часе да згаданых набегаў — у сярэдзіне ХІІІ стагодзьдзя.