У сьледчым ізалятары дагэтуль знаходзяцца Аляксей Абрамаў, Андрэй Дундукоў, Іван Кавальчук, Андрэй Комлік-Ямацін, Міраслаў Лазоўскі, Віктар Мароз, Дзьмітры Новік, арыштаваныя ў рамках так званай «справы патрыётаў», або справы «Белага легіёну», якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў 25 сакавіка.
За апошнія пару дзён выпусьцілі семярых — Сяргея Стрыбульскага, Аляксандра Зімніцкага, Уладзімера Фёдарава, Уладзімера Румянцава, Цімура Пашкевіча, Алеся Яўдаху, Віктара Данілава. Паводле вызваленых, за тры месяцы адседкі на допыты іх выклікалі па 2-3 разы, сьледчыя дзеяньні амаль не вяліся.
Свабода папрасіла пракамэнтаваць, што гэта азначае, праваабаронцу Валянціна Стэфановіча:
— Інфармацыі пра справу было няшмат, цяпер людзі выходзяць і высьвятляецца ўсё больш і больш нюансаў. А расказваюць яны вельмі цікавыя рэчы. Вось маладафронтаўцы распавядалі аб парушэньнях правоў, у тым ліку і на абарону, на непрацэсуальныя стасункі без адвакатаў. Ну а тое, што ўчора казалі вызваленыя, — іх дапытвалі за 3 месяцы ўсяго пару разоў. Гэта азначае, што доказнай базы там фактычна не было.
Калі доказная база слабая, то лепей да суду гэтую справу не даводзіць, спыніць яе і вызваліць людзей. Таму што судзіць публічна людзей бяз доказаў — гэта будзе ўжо відавочна для ўсіх, што справа шытая белымі ніткамі.
Калі доказная база слабая, то лепей да суду гэтую справу не даводзіць, спыніць яе і вызваліць людзей. Таму што судзіць публічна людзей бяз доказаў — гэта будзе ўжо відавочна для ўсіх, што справа шытая белымі ніткамі. Таму я спадзяюся, што нашы ўлады і сьледчыя органы, зразумеўшы беспэрспэктыўнасьць гэтай справы, паступова будуць яе закрываць.
Пакуль што ў тых, хто вызваляецца, працэсуальны статус не зьмяніўся, яны застаюцца падазраванымі. Але тое, што ім зьмянілі меру ўтрыманьня са знаходжаньня пад вартай пад падпіску аб нявыезьдзе, мне здаецца, можа быць першым крокам да таго, каб вядзеньне гэтай справы было цалкам спыненае.
Прынамсі, тое самае мы назіралі ў першай справе, якая была заведзеная яшчэ 22-23 сакавіка, калі былі першыя затрыманьні «па падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў». Спачатку яны вызвалялі людзей, зьмяняючы ім меру стрыманьня, вызвалілі такім чынам фактычна ўсіх, хто абвінавачваўся толькі паводле гэтага артыкулу, каму не была дадаткова інкрымінаваная «арганізацыя незаконнага ўзброенага фармаваньня». Пасьля таго, як усіх вызвалілі, справа была перададзеная Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Сьледчаму камітэту. І вытворчасьць па арганізацыі масавых беспарадкаў была спыненая цалкам. Я мяркую, што такое ж разьвіцьцё падзей мы ўбачым і ў гэтай справе. Хаця, калі аналізаваць усё цалкам, калі сапраўды так здарыцца, што справа будзе цалкам закрытая, тут узьнікае вялікая колькасьць пытаньняў да таго, што мы ўбачылі ўвесну: да фраў А., да апэратыўных здымак з бутэлькамі з запальнай вадкасьцю і яшчэ шмат да чаго.
Будзем спадзявацца, што так і будзе — у сьледчым ізалятары нікога не застанецца і справа да суду ня дойдзе.
— Але ж людзі адседзелі, некаторыя больш за 3 месяцы. Яны могуць спадзявацца на нейкую кампэнсацыю — маральную, матэрыяльную?
Калі вытворчасьць у справе будзе цалкам спыненая, то ў людзей зьяўляецца права патрабаваць кампэнсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды ад сьледчых органаў за незаконнае ўтрыманьне пад вартай.
— Так, немалы тэрмін людзі правялі за кратамі; тыя, хто днямі вызваліўся, — па 100 дзён. Калі вытворчасьць у справе будзе цалкам спыненая, як у выпадку са справай пра арганізацыю масавых беспарадкаў — «праз адсутнасьць складу злачынства ў дзеяньнях абвінавачваных», то ў людзей зьяўляецца права патрабаваць кампэнсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды ад сьледчых органаў за незаконнае ўтрыманьне пад вартай. Таму што, калі справа спыненая «праз адсутнасьць складу злачынства», гэта азначае, што чалавека трымалі пад вартай незаконна. Зь дзяржаўнай казны ім павінны выплаціць кампэнсацыю. І Грамадзянскі кодэкс прадугледжвае такое права на кампэнсацыю. Я, праўда, выпадкаў такіх не прыгадаю.
Але зараз некалькі маладафронтаўцаў — у прыватнасьці, Камянецкі і Леўчанка — падалі заявы ў сьледчыя органы, якія мусяць прызнаць права на кампэнсацыю маральнай шкоды. У нас, дарэчы, вельмі дзіўная працэдура ў гэтай частцы, зь якой я абсалютна ня згодны. Чамусьці я мушу запытвацца аб магчымасьці рэалізаваць сваё права на кампэнсацыю маральнай шкоды ў органу крымінальнага перасьледу, які цябе і пасадзіў. Арыгінальная форма! Я ж не пытаю ў пазванага: «Выбачайце, шаноўны, ці магу я падаць на вас у суд на кампэнсацыю маральнай шкоды ці не?» Але мы вымушаны дзейнічаць у адпаведнасьці з той працэдурай, якая вызначана. Я спадзяюся, такое права будзе замацавана і нам не давядзецца судзіцца з органамі крымінальнага перасьледу ў сувязі з адмовай. Я лічу, што такія прэцэдэнты трэба ствараць, таму што мусіць быць належная кампэнсацыя, а таксама прынятыя іншыя захады для аднаўленьня правоў тых людзей, якіх незаконна ўтрымлівалі пад вартай.