Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшлі на волю 4 фігуранты справы «Белага легіёну». За кратамі застаюцца 7 з 35

абноўлена

Віктар Данілаў з жонкай
Віктар Данілаў з жонкай

28 чэрвеня зь СІЗА № 1 вызвалілі чатырох затрыманых па справе «Белага легіёну» — Уладзімера Румянцава, Цімура Пашкевіча, Алеся Яўдаху, Віктара Данілава.

Радыё Свабода вяло жывую трансьляцыю ад сьцен «Валадаркі».

Поўная трансьляцыя на Facebook:

«Я пляную вярнуцца ў войска, таму што ў мяне ня скончыўся кантракт, — сказаў журналістам у жывой трансьляцыі Ўладзімер Румянцаў. — Я ня ведаю, тут няма лёгікі зусім. Я хацеў бы паглядзець у вочы таму чалавеку, які прапанаваў гэтую справу зь незаконным узброеным фармаваньнем».

Віктар Данілаў адмовіўся ад інтэрвію. Сказаў толькі, што ў яго ўсё цудоўна.

Алесь Яўдаха сказаў, што больш як за тры месяцы адседкі на допыты выклікалі пару разоў. Спачатку ён даў паказаньні па «беспарадках», па другім абвінавачаньні даваць паказаньні адмовіўся. Пасьля перадачы справы ў Сьледчы камітэт яшчэ раз кантактаваў са сьледчай.

Усе вызваленыя казалі, што яны ў добрай форме, пачуваюць сябе выдатна.

«Мы маем новых герояў нацыянальнага маштабу», — сказала Свабодзе пра фігурантаў справы «Белага легіёну» Наста Дашкевіч.

За кратамі застаюцца:

  • Аляксей Абрамаў,
  • Андрэй Дундукоў,
  • Іван Кавальчук,
  • Андрэй Комлік-Ямацін,
  • Міраслаў Лазоўскі,
  • Віктар Мароз,
  • Дзьмітры Новік.
Уладзімер Румянцаў
Уладзімер Румянцаў

Віктар Данілаў
Віктар Данілаў

Сяргей Стрыбульскі, вызвалены днём раней
Сяргей Стрыбульскі, вызвалены днём раней

Жонка Андрэя Дундукова Ганна Дундукова плача, бо яе мужа ня вызвалілі
Жонка Андрэя Дундукова Ганна Дундукова плача, бо яе мужа ня вызвалілі

Віктар Данілаў і Сяргей Стрыбульскі
Віктар Данілаў і Сяргей Стрыбульскі

Наста Дашкевіч вітае Віктара Данілава
Наста Дашкевіч вітае Віктара Данілава

«Справа патрыётаў» распачалася ў 20-х чыслах сакавіка 2017. Затрыманьні па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра «баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй». КДБ спачатку завёў крымінальную справу па факце навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Усяго па справе было затрымана 35 чалавек — былыя актывісты арганізацыі «Белы легіён» (якая спыніла сваю дзейнасьць больш за 15 гадоў таму), арганізатары афіцыйна зарэгістраванага клюбу «Патрыёт», а таксама маладафронтаўцы. Пазьней некаторым затрыманым было выстаўлена дадатковае абвінавачаньне паводле артыкула 287 Крымінальнага кодэксу «Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня».

Пасьля некаторым зьмянілі меру ўтрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, хатні арышт.

У сярэдзіне красавіка вызвалілі маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча, Сяргея Пальчэўскага ды іншых.

29 красавіка зь СІЗА-1 быў вызвалены Ян Міхалькоў, а 18 траўня — кіраўнік бабруйскага клюбу «Патрыёт» Мікалай Міхалькоў.

3 чэрвеня выйшаў на волю Сяргей Кунцэвіч, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і паплечнік Міколы Статкевіча.

16 чэрвеня стала вядома, што справа аб масавых беспарадках спыненая. Сьледчы камітэт прыняў да вытворчасьці крымінальную справу паводле артыкула 287 — стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня.

27 чэрвеня на волю выйшлі трое фігурантаў справы «Белага легіёну» — Сяргей Стрыбульскі, Аляксандар Зімніцкі і Ўладзімер Фёдараў.

13 чэрвеня старшыня КДБ Валеры Вакульчык заявіў, што лічыць заўчасным гаварыць пра тое, ці дойдзе справа «Белага легіёну» да суду. «Справа ў тым, што сьледзтва абʼектыўна разьбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсьць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачваньні сурʼёзныя былі прадʼяўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаваты, ім усё спынена. І гэтая праца ідзе для таго, каб абʼектыўна разабрацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG