Фігурант «справы патрыётаў» Міраслаў Лазоўскі пераведзены зь СІЗА КДБ ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, паведаміла прадстаўніца сем’яў затрыманых Ніна Шыдлоўская.
Лазоўскі быў затрыманы ўвечары 21 сакавіка пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах з зброяй». Адзін зь лягераў нібы быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія ва Ўкраіне і ці Літве, ці Польшчы. У той жа дзень і некалькімі днямі пазьней былі затрыманыя яшчэ больш за два дзясяткі чалавек, у тым ліку сябры «Маладога фронту» (на момант публікацыі вызваленыя) і чальцы легальнага клюбу «Патрыёт».
Да затрыманьня Лазоўскі працаваў памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». На пачатку 1990-х ён быў адным са стваральнікаў арганізацыі «Белы Легіён». Сябры «Белага Легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мітынгаў і шэсьцяў у 1996-1999 гадах. Арганізацыя працавала падпольна і спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х.
Па «справе патрыётаў» 16 чэрвеня спынілі перасьлед за «масавыя беспарадкі». Справу, у якой засталося «незаконнае ўзброенае фармаваньне», перадалі з КДБ у Сьледчы камітэт.
У «справе патрыётаў» за кратамі застаюцца 14 чалавек, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы за «навучаньне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках» і «стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня». Праваабаронцы патрабуюць іх неадкладна вызваліць, бо затрыманыя казалі пра катаваньні, але Генпракуратура ня бачыць падставаў для пракурорскай праверкі.
Нявеста Лазоўскага Сьвятлана была ў ліку тых, хто казаў пра катаваньні затрыманых. Паводле яе, Міраслаў быў моцна зьбіты падчас арышту і што ў першыя дні сьледзтва да яго не пускалі адваката, хоць допыты працягваліся, у тым ліку ўначы.