Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пазьняк 18 гадоў кіруе КХП-БНФ і чым займаецца яго партыя? Тлумачыць Юрась Беленькі


Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ правяла ў Менску XI зьезд. У ім узялі ўдзел звыш 100 чалавек. Сярод апазыцыйных партыяў КХП-БНФ, бадай, найбольш ізаляваная. Яе структуры дзейнічаць у напаўпадпольным рэжыме.

Пра дзейнасьць партыі распавёў Свабодзе выканаўца абавязкаў старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

Юры Беленькі
Юры Беленькі

— Сп.Юры, Зянон Пазьняк быў пераабраны старшынём партыі ў чарговы раз. Як вы самі патлумачыце адзінагалосную падтрымку і тое, што спадар Пазьняк пераабіраецца на гэтай пасадзе ад 1999 году?

Стратэгія, якую распрацоўваў Пазьняк, пацьверджаная жыцьцём.

Зянон Пазьняк сваім жыцьцём і дзейнасьцю даказаў сваю вартасьць як палітыка і як аналітыка. Свае здольнасьці і волю ён рэалізаваў, прывёўшы краіну да незалежнасьці. Цяпер, калі трэба трымаць абарону, многія людзі, якія называюць сябе палітыкамі, пайшлі ў рэчышча канфармізму. Пазьняк, нягледзячы на абставіны, заўжды казаў праўду і рабіў правільныя прагнозы. Стратэгія, якую ён распрацоўваў, пацьверджаная жыцьцём. Ня так даўно шмат хто гнеўна казаў пра ягоную ацэнку Расеі, а пасьля падзеяў ва Ўкраіне ўсё пацьвердзілася на 100%. Сёньня пазьнякоўскімі словамі кажуць многія палітыкі і ў самой Украіне, і нават на Захадзе, у Амэрыцы. Маючы ў шэрагах партыі такую асобу, гэта лягічна, што мы вылучылі яго.

— У партыі ня было ахвотных кінуць выклік Зянону Пазьняку?

—​ Мы працуем як партыя. Гэта ж не калгасны сход, маўляў, давайце абярэм. Ёсьць паліткамітэт, Сойм, управа. Калі ідзе падрыхтоўка да зьезду, то аргкамітэт прапануе, аналізуе, выбірае думкі калег. Гэта не было спантаннае рашэньне. Ішлі сур’ёзныя кансультацыі. Але маючы такую асобу, маючы Пазьняка, казаць, «а давайце выбярэм некага іншага», было б дзіўна.

КХП-БНФ падчас сьвяткаваньня ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну
КХП-БНФ падчас сьвяткаваньня ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну

— Часта вашу партыю крытыкуюць, маўляў, мала людзей і неактыўныя. А колькі іх насамрэч?

—​ У Міністэрстве юстыцыі ёсьць уся інфармацыя. Гэта 1200-1350 чалавек. Гаворка пра людзей, якія не баяцца называць свае імёны. На гэтым зьезьдзе мы прынялі рашэньне пра афіліяванае сяброўства ў партыі. Ёсьць шмат людзей, якія дэ-факта партыйныя, але фармальна ня могуць быць у партыі. Яны б адразу страцілі працу. Фактычна мы ўзаконілі тое, што існуе даўно.

— Вашу партыю папракаюць у тым, што яна працуе ў ізаляцыі і не супрацоўнічае з рэштай апазыцыі. Ці ёсьць сярод апанэнтаў улады тыя, хто вам блізкі па духу і з кім бы вы супрацоўнічалі?

Наша мэта — моцная і незалежная Беларусь. Наш стрыжань — нацыянальная Беларусь. Кожны на гэтай плятформе можа да нас далучыцца.

— Нашыя пазыцыі адкрытыя. Яны гучаць на мітынгах у Курапатах, Лошыцы, у Ігумене і ў Слуцку, а таксама ў нашай друкаванай і электроннай прадукацыі. Мы не працуем дзеля кааліцый. Калі выбараў няма, то мы ня хочам падманваць людзей і ісьці на ўчасткі. Таму кааліцыі бессэнсоўныя. Дзеля чаго? Наша мэта — моцная і незалежная Беларусь. Наш стрыжань — нацыянальная Беларусь. Кожны на гэтай плятформе можа да нас далучыцца. І стварэньне праграмы «Вольная Беларусь» гэта пацьвярджае. Яе аўтарамі зьяўляюцца ня толькі сябры партыі, але і незалежныя экспэрты.

— Вы ўзгадалі праграму «Вольная Беларусь». Зянон Пазьняк нейкі час таму пісаў, што спадзяваньні на самаарганізацыю людзей ня спраўдзіліся. Ці адрынулі вы сцэнар стварэньня гэтага руху?

— Не. Проста чаканьні ня спраўдзіліся. Яны былі рэакцыяй на «Маршы недармаедаў». Але будзьма шчырымі: рэжым жорстка задушыў гэтыя выступленьні. У 1980-я гады людзі масава запісваліся ў БНФ на мітынгах. Але тады людзі былі больш адкрытымі. Цяпер такія людзі падвяргаюцца перасьледу. Цяпер у нас іншы альгарытм.

— Які гэта альгарытм?

— Ва ўмовах унутранай акупацыі, калі праз выбары нічога ня зьменіш, самае галоўнае — гэта палітычныя і нацыянальная асьвета. Сытуацыя павінна высьпець, і калі будуць умовы, як напрыканцы 1980-х, мусіць быць сфармаваная крытычная маса людзей у краіне, якія возьмуць на сябе адказнасьць за яе. Дзеля гэтага была зробленая праграма «Вольная Беларусь». Уся нашая праца накіраваная на тое, каб стварыць супольнасьць людзей, якія разумеюць сытуацыю і ў адпаведны момант будуць дзейнічаць.

Зянон Пазьняк прэзэнтуе праграму "Вольная Беларусь" у Вільні
Зянон Пазьняк прэзэнтуе праграму "Вольная Беларусь" у Вільні

— Дарэчы, на зьезьдзе прысутнічалі пераважна людзі сярэдняга і стала веку. Ці прыходзіць да вас моладзь і якое месца ёй адводзіцца ў партыі?

— Многіх маладых людзей, якія прасіліся, мы адгаворвалі, каб абараніць ад перасьледу. Сябра нашай партыі можа лёгка страціць працу. Але ў нас вялікая колькасьць маладых людзей. На зьезьдзе мы абралі ў Сойм 27-гадовага Ігара Шчамлёва. Ён ужо даўно працуе ў партыі. Дарогу маладым мы даем, але чалавек павінен рэальна ацэньваць магчымасьці.

— І што вы прапануеце гэтым маладым і старэйшым? Як можна эфэктыўна рэалізоўваць мэты партыі, ня стаўшы ахвярай рэпрэсіяў?

— Усё даўно сказана і ўсё ясна. Каму няясна, што рэжым ёсьць несамастойны і вытворны ад маскоўскай імпэрыі? Можна спрачацца, у якім аб’ёме залежны і якія мэханізмы залежнасьці. Але сутнасьць ясная. І ў такой сытуацыі трэба адстойваць незалежнасьць і ствараць перадумовы для паўнавартаснай дзяржавы з дэмакратычным ладам. Тактыка і стратэгія адна: нацыянальная і палітычная асьвета. Калі ня будзе носьбітаў незалежніцкіх каштоўнасьцяў, то ня будзе ніякіх пераменаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG