Рух прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона «Наперад, Рэспубліка!» атрымаў перамогу ў другім туры парлямэнцкіх выбараў. Як паведамляе выданьне Le Monde, прыхільнікі Макрона ды іхныя саюзьнікі атрымаюць у Нацыянальнай асамблеі каля 350 месцаў — з 577.
У цэлым па краіне за рух Макрона прагаласавалі больш за 40 працэнтаў французаў, за правую партыю «Рэспубліканцы» — прыкладна ўдвая менш.
У «Рэспубліканцаў» будзе крыху больш за 100 месцаў у парлямэнце. У Сацыялістычнай партыі, якой раней належала большасьць — каля 30. Прыкладна столькі ж ва ультралевых — руху «Непакорлівая Францыя», які ўзначальвае Жан-Люк Мэляншон, і камуністаў.
Чакаецца, што ў парлямэнт будуць выбраныя 8 дэпутатаў ад «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пэн. У мінулым скліканьні іх было ўсяго 2. Сама Лё Пэн таксама стала дэпутаткай, атрымаўшы перамогу ў акрузе Энэн-Бамон на поўначы краіны.
Выбары прайшлі празь месяц зь нечым пасьля таго, як Макрон выйграў прэзыдэнцкія выбары ў Лё Пэн. Сярод палітычных мэтаў Макрона — значнае зьмякчэньне строгага працоўнага заканадаўства і скарачэньне дзясяткаў тысяч працоўных месцаў у дзяржаўным сэктары.