Грамадзяне Францыі ў нядзелю бяруць удзел у другім туры парлямэнцкіх выбараў. Прэзыдэнт Эмануэль Макрон і яго партыя «Наперад, рэспубліка!» лідзіравалі ў першым туры і разьлічваюць умацаваць свае пазыцыі ў парлямэнце і стварыць базу для правядзеньня рэформаў.
Чакаецца, што паплечнікі Макрона атрымаюць перамогу і заваююць большасьць месцаў у нацыянальным сходзе Францыі, хаця Макрон стварыў партыю «Наперад, рэспубліка!» у красавіку 2016 года, і палова яе кандыдатаў ня мае палітычнага досьведу, паведамляе ВВС.
Пасьля другога тура партыя Макрона і сяброўскі зь ёю «Дэмакратычнай рух» могуць, паводле адзнак экспэртаў, заняць 445 з 577 месцаў у ніжняй палаце парлямэнта.
Партыі з больш багатай гісторыяй заклікалі выбарцаў падтрымаць супэрнікаў Макрона, каб перашкодзіць манапалізацыі ўлады.
Выбары ў нацыянальную асамблею праводзяцца ў два туры. 18 чэрвеня галасуюць выбарцы ў тых акругах, дзе кандыдаты ў першым туры не набралі больш за 50% галасоў.
У першым раўндзе партыя Макрон і «Дэмакратычнай рух» разам сабралі 32,3% галасоў.
Другое месца ў першым туры заняла правацэнтрысцкая партыя «Рэспубліканцы» экс-прэзыдэнта Нікаля Сарказі з вынікам у 15,77%. Ультраправы «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн атрымаў 13,2% галасоў. Сацыялістычная партыя папярэдніка Макрон Франсуа Алянда, якая страціла статус кіруючай, атрымала ўсяго 9,5%.
Яўка ў першым туры была самай нізкай за ўвесь час існаваньня Пятай рэспублікі (з 1958 года).
Адзін зь лідэраў партыі «Рэспубліканцы» Франсуа Баруен пасьля першага тура заявіў, што нізкая яўка выбарцаў сьведчыць пра «глыбокі раскол» у францускім грамадстве, а Марын Лё Пэн сказала, што выбарчая сыстэма Францыі мае патрэбу ў рэформах.