«Адна з вэрсіяў сьледзтва, што асоба ехала на счэпным прыстасаваньні паміж вагонамі, альбо хацела пралезьці празь яго паміж вагонамі трамвая на трамвайным прыпынку. А кіроўца, не падазраючы, што ў яго знаходзіцца чалавек паміж вагонамі, набраў хуткасьць» — распавёў чэскаму выданьню idnes.cz прэс-сакратар паліцыі Томаш Гулян.
Як даведалася Радыё Свабода, ахвяра аварыі — гэта 31-гадовая беларуска Юлія Качук, беларуская мастачка, дачка краязнаўцы з Зэльвы Юрыя Качука, аўтара папулярнай кулінарнай кнігі «Моц смаку». Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў сябра сям’і Алесь Чахольскі.
«Правялі ідэнтыфікацыю. Так, гэта Юля. Мы скантактаваліся з МЗС, зараз яны павінны патлумачыць усю працэдуру. Гэта вялізнае гора. Яна была адзінай дачкой у бацькоў. Разумніца была. Некалькі вышэйшых адукацыяў. Мы ўсе ў роспачы».
У Празе Юля Качук скончыла эканамічны факультэт. Працавала і займалася мастацтвам. У 2013 годзе яна ўзяла ўдзел у выставе сучаснага незалежнага мастацтва ў чэскай сталіцы.
Беларусы Прагі заклікаюць прыносіць кветкі і зьнічы на месца трагічнага здарэньня. Абвешчаны збор сродкаў для сям'і загінулай.