Чарнякевіч, Касатая, Краўцэвіч — Радыё Свабода запытала ў аўтарытэтных экспэртаў, як яны ацэньваюць словы нобэлеўскай ляўрэаткі пра магчымасьць канфліктаў паміж каталікамі і праваслаўнымі.
9 чэрвеня ў эфіры расейскага тэлеканалу «Дождь» Сьвятлана Алексіевіч, адказваючы на пытаньне пра сытуацыю на Данбасе, заявіла, што Расея можа разьвязаць канфлікт і ў Беларусі. «Дайце ў Беларусь танкі, зброю, і там каталікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна», — сказала Алексіевіч.
Вырванае з кантэксту выказваньне
«Выказваньне Алексіевіч было вырвана з кантэксту журналістамі. Там ішла гаворка не пра прыроду канфлікту, а пра тое, што канфлікт можа ўзьнікнуць празь зьнешняе ўзьдзеяньне, гэта вельмі важна», — кажа Андрэй Чарнякевіч, дацэнт ЭГУ і сябра Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту.
На думку гісторыка, канфэсійны падзел можа быць адным з тых, якія можна выкарыстаць для стварэньня ў Беларусі канфліктнай сытуацыі.
«Мне ў выказваньні Сьвятланы Алексіевіч не падалося гэта дзіўным. Падзел існуе. Па-другое, канфлікты на гэтай глебе былі. Адзін зь нядаўніх — трагедыя беларускіх вёсак на Падляшшы. Там канфэсійна-этнічны канфлікт. І адбыліся гэтыя падзеі ня так даўно — 1946 год. Гэта вядомая тэма», — кажа Чарнякевіч.
Гісторык дадае, што ляканічныя публікацыі ў СМІ шмат што пакідаюць па-за сваімі межамі, а тым часам развагі пра прычыны збройных канфліктаў патрабуюць пашыранай дыскусіі.
«Размаўляць насамрэч ёсьць пра што. Беларускае грамадзтва ніколі не было маналітным, — кажа Чарнякевіч. — Першая сусьветная вайна, Другая сусьветная вайна, развал СССР — усё гэта паказвае, што беларускае грамадзтва дзеліцца па тых кірунках, якія ў штодзённым жыцьці канфліктаў не выклікалі. Напрыклад, калі беларускія бежанцы ў 1918–19 гадах вярталіся ў краіну, то ўбачылі, што шмат дзе іх суседзі раптам зрабіліся палякамі. А яны выпалі з гэтага кантэксту. І пазьней былі канфлікты. У 1939, 1941, 1944 гадах. Канфэсійны падзел быў у іх толькі штуршком».
Чарнякевіч кажа, што ўсе канфлікты ўнутры Беларусі адбываліся ў першую чаргу ва ўмовах рэаліяў і пад вялікім уплывам зьнешніх прычын. Гісторык дадае, што прыкладаў канфліктаў паміж прадстаўнікамі розных канфэсій у Беларусі дастаткова. Яны адбываліся і ў 16, і ў 17, і ў 18 стагодзьдзях.
«Тут яшчэ варта зьвяртаць увагу і на мову Алексіевіч. Яе мова адрозьніваецца радыкальнасьцю. І, выклікаючы канфлікт, яна зьвяртае нашу ўвагу на тыя праблемы, якія мы з той ці іншай прычыны не выносім за межы сваіх штодзённых размоваў», — кажа Чарнякевіч.
Не да канца сфармаваная нацыянальная ідэнтычнасьць
«У гісторыі Беларусі існавалі канфлікты паміж прадстаўнікамі розных канфэсій. Але цяпер, я думаю, гэта наўрад ці магчыма. Чаму? Па-першае, ёсьць агульнахрысьціянскія каштоўнасьці. А па-другое, за што ім змагацца? Калі раней можна было за землі, за нейкую ўладу, то цяпер гэтага няма. Сэкулярызацыя адыграла сваю ролю», — кажа гісторык, дактарант Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук Тацяна Касатая.
Тацяна дадае, што першапачаткова і сама ўспрыняла выказваньні Сьвятланы Алексіевіч як абразу.
«Я сама грэка-каталічка. Гэта важна. Канфэсійная прыналежнасьць дагэтуль мае значэньне для беларусаў. Гэта гістарычная памяць, — кажа Тацяна Касатая. — Дагэтуль жа вельмі часта зьяўляюцца такія ідэнтыфікацыі, як не „каталік“, а „паляк“, не „праваслаўны“, а „рускі“. У нас гэта жыве. Нягледзячы на тое, што мы разумеем: нацыянальная прыналежнасьць і канфэсія — гэта розныя рэчы».
Чаму частка грамадзтва так востра адрэагавала на словы пра магчымы канфлікт паміж каталікамі і прадстаўнікамі іншай канфэсіі? Дасьледчыца лічыць, што справа можа быць у не да канца сфармаванай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
«Вострая дыскусія вакол выказваньняў Сьвятланы Алексіевіч выкліканая, напэўна, нашай не да канца сфармаванай нацыянальнай ідэнтычнасьцю. Бо мы ўсё яшчэ хапаемся за іншыя — за „тутэйшых“, за канфэсійную прыналежнасьць. А канфэсійная, яна яшчэ і на эмацыйным узроўні вельмі моцна ўспрымаецца. Таму і выклікае такую рэакцыю», — кажа Тацяна Касатая.
Дарма зрабілі сэнсацыю
«Адметнасьць нашай краіны ў тым, што мы ня мелі рэлігійных войнаў. Хоць гэта не азначае, што не было сутыкненьняў. У другой палове 16 стагодзьдзя, пад канец 16 стагодзьдзя ў Вільні былі бойкі — калі праваслаўных атакавалі каталікі, і праваслаўныя абʼядноўваліся з пратэстантамі, разам адбіваліся. Канфрантацыя існавала», — кажа доктар гістарычных навук, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Аляксандар Краўцэвіч.
Разам з тым гісторык лічыць, што з выказваньняў Сьвятланы Алексіевіч зрабілі сэнсацыю журналісты.
«Дарэмна гэта раздулі. Трэба асьцярожней. Я ў выказваньні Алексіевіч пра каталікоў бачу толькі нейкі прыклад, магчымы прыклад, выключна тэарэтычны. Але журналісты, і ня толькі журналісты, зрабілі сэнсацыю. Дарэмна», — перакананы Аляксандар Краўцэвіч.
Гісторык дадае, што на тэрыторыі Беларусі ніколі не было такіх рэлігійных войнаў, якія здараліся ў Францыі і Нямеччыне. Максымум — перасьлед альбо парушэньне правоў.
«Дыскрымінацыя праваслаўных была па канфэсійнай прыкмеце. Нават дыскрымінацыя ўніятаў, у 17–18 стагоддзях. Але каб менавіта войны ўнутры дзяржавы, пад рэлігійнымі лёзунгамі — у нас такога ніколі не было», — кажа Краўцэвіч.
На яго думку, такое стала магчымым дзякуючы геапалітычнаму становішчу Беларусі, якая пачыналася як краіна памежжа, месца кантактаў паміж язычнікамі і хрысьціянамі, балтамі і славянамі.
«Беларусы мелі прынамсі паўтысячагодзьдзя вопыту жыцьця ва ўмовах памежжа. І гэта непасрэдная прычына нашай талерантнасьці», — кажа Краўцэвіч.
9 чэрвеня ў эфіры расейскага тэлеканалу «Дождь» ляўрэатка нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, адказваючы на пытаньне пра сытуацыю на Данбасе, заявіла, што Расея можа разьвязаць канфлікт і ў Беларусі. «Дайце ў Беларусь танкі, зброю, і там каталікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна», — сказала Алексіевіч.
Яе заява выклікала рэакцыю ў сацсетках, беларускіх і замежных СМІ і нават на афіцыйным узроўні. У прыватнасьці, з адкрытым лістом да нобэлеўскай ляўрэаткі зьвярнуўся кіраўнік каталіцкага касьцёлу ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
«З усёй упэўненасьцю хачу падкрэсьліць, што гэта нават немагчыма сабе ўявіць у Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфэсійныя, так і міжрэлігійныя адносіны, якія зьяўляюцца нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго сьвету», — напісаў Кандрусевіч.
Мітрапаліт таксама напісаў, што «зраніць і забіць могуць ня толькі танкі і зброя, але і словы. Будучы асобамі публічнымі, неабходна памятаць пра адказнасьць за свае словы».
Дадатковыя тлумачэньні ад Сьвятланы Алексіевіч зьявіліся ў нядзелю 11 чэрвеня. У размове з журналістамі парталу tut.by пісьменьніца патлумачыла, што мела на ўвазе на самой справе.
«Калі мне задалі пытаньне пра Ўкраіну, я сказала, што Крым — гэта, несумненна, акупацыя, а што тычацца Данбасу — гэта, вядома, вайна, разьвязаная Пуціным, — сказала Сьвятлана Алексіевіч. — Такую вайну можна разьвязаць у любым месцы. Можна адправіць туды танкі, пару машын з аўтаматамі, адмарозкі заўсёды якія-небудзь знойдуцца. Гэта можна разгайдаць і ў Беларусі, каталікі будуць ваяваць з праваслаўнымі. Трэба было мне сказаць, што і праваслаўныя з каталікамі, што ва Ўкраіне нават праваслаўныя з праваслаўнымі. Ні пра якіх каталікоў, ні пра якую вайну ў Беларусі гаворка не ішла. Я зьдзіўляюся, як яны змаглі прачытаць усё гэта. Гэта была мэтафара, не пра тое, што каталікі будуць ваяваць з праваслаўнымі», — сказала пісьменьніца.