На сайце change.org 9 чэрвеня зьявілася пэтыцыя, якая заклікае аднавіць у беларускіх унівэрсытэтах студэнтаў, адлічаных за грамадзка-палітычную актыўнасьць.
Яна зьвернутая да міністра адукацыі Ігара Карпенкі і пяці рэктараў унівэрсытэтаў — Сяргея Абламейкі (БДУ), Аляксандра Жука (БДПУ), Анатоля Сікорскага (БДМУ), Ганны Сэндэр (БрДУ імя Пушкіна) і Канстанціна Бандарэнкі (МДУ імя Куляшова).
Аўтарам пэтыцыі значыцца актывіст Пётар Маркелаў, які двойчы быў адлічаны з БДУ — у 2015 і 2016 годзе за «пропускі заняткаў». Праблемы ў хлопца пачаліся пасьля мясцовых выбараў 2014 году, калі ён як беспартыйны балятаваўся ў мясцовы савет дэпутатаў.
Апошнія адлічэньні зьвязаныя з удзелам студэнтаў у пратэставых акцыях, якія ў лютым і сакавіку прайшлі ў розных гарадах Беларусі супраць «дармаедзкага» дэкрэту.
Як гаворыцца ў пэтыцыі, за апошнія два гады з розных ВНУ краіны адлічылі Дарʼю Якуш, Глеба Вайкуля, Юрася Лукашэвіча, Крысьціяна Шынкевіча, Арцёма Кавалёва, Алену Кісель, Настасьсю Пілюгіну, Алену Дзянішчыц, Вячаслава Панасюка, Марыю Рабкову, Ігара Неліповіча і іншых.
Пэтыцыя падтрыманая нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco, Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Задзіночаньнем беларускіх студэнтаў.