Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў стварыў пэтыцыю супраць магілёўскага канцэрту Газманава і Лешчанкі за 84 тысячы даляраў


Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў стварыў на Petitions.by пэтыцыю супраць запрашэньня расейскіх сьпевакоў Алега Газманава, Льва Лешчанкі і Аляксея Вараб’ёва на магілёўскі канцэрт на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня. На момант публікацыі пэтыцыю падпісаў толькі адзін чалавек.

У пэтыцыі гаворыцца, што аплата за дзяржаўныя грошы (гэтыя канкрэтныя выступы будуць каштаваць 84 тысячы даляраў) расейскіх, а не беларускіх выканаўцаў — гэта «паўсюдная практыка». Аўтар мяркуе, што ў Беларусі дастаткова вартых гуртоў і артыстаў розных жанраў: ён прыводзіць у прыклад Naviband, Русю (гурт Šuma), Portmone і Зьмітра Вайцюшкевіча.

«Мы лічым, што грошы зь дзяржаўных бюджэтаў павінны траціцца ў асноўным толькі на годную падтрымку сваіх выканаўцаў, — гаворыцца ў пэтыцыі. — Такі падыход будзе ўмацоўваць нашу незалежнасьць і эканоміць бюджэтныя сродкі. У сувязі з гэтым зьвяртаемся да вас з просьбай перагледзець рашэньне Магілёўскай гарадзкой адміністрацыі, а таксама нарматыўна або заканадаўча замацаваць на будучыню, што ў выпадку запрашэньня дзеячаў культуры на розныя дзяржаўныя сьвяты і мерапрыемствы прыярытэт павінен аддавацца сваім, нацыянальным выканаўцам».

На Facebook Дзьмітрыеў тлумачыць, што быў бы ня супраць, калі б 84 тысячы даляраў патрацілі на запрашэньне ангельцаў Radiohead ці ірляндцаў U2. Але «ня той час, трэба паясы зацягваць». Ён падкрэсьлівае, што выступае ня супраць замежных артыстаў, а за беларускіх, бо «незалежнасьць — гэта ў тым ліку самадастатковасьць».

Раней супраць згаданага канцэрту выступіў першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў — ён зьвяртаўся да гарадзкіх уладаў з патрабаваньнем адмовы ад канцэрту Лешчанкі, Газманава і Вараб’ёва на карысьць беларускіх зорак эстрады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG