Аўтары пэтыцыі нагадваюць, што хоць у Беларусі афіцыйна дзьве дзяржаўныя мовы, аднак на практыцы заканадаўства ёсьць толькі па-расейску. Тэкст з магчымасьцю галасаваньня разьмешчаны на сайце petitions.by.
«Відавочная дыскрымінацыя беларускай мовы на заканадаўчым узроўні. Трэба паправіць», — пішуць аўтары пэтыцыі.
Патрабаваньні ў пэтыцыі сфармуляваныя наступных чынам:
1. Абавязаць заканадаўцаў усіх узроўняў распрацоўваць і прымаць усе нарматыўныя акты на дзьвюх дзяржаўных мовах — беларускай і расейскай.
2. Усе існуючыя законы і падзаконныя акты мусяць быць перакладзеныя на беларускую мову.
3. Абодва тэксты мусяць быць раўнапраўнымі.
У 2014 годзе праваабаронца Валянцін Стэфановіч зьвяртаўся ў Палату прадстаўнікоў, Вярхоўны Суд і Канстытуцыйны Суд, адзначаючы, што беларускія законы прымаюцца па-расейску і ня маюць афіцыйнага перакладу на другую дзяржаўную мову, беларускую. Аднак ніводная з гэтых устаноў дыскрымінацыі беларускай мовы ня ўгледзела, што адлюстравана ў адпаведных адказах.
Праваабаронца на падставе атрыманых адказаў заяўляў, што чыноўнікі цалкам ігнаруюць праблему дыскрымінацыі беларускай мовы. А ў некаторых выпадках няслушна інтэрпрэтуюць заканадаўчыя нормы.
«У нас адсутнічае заканадаўства па-беларуску, дыскрымінуецца дзяржаўная мова, а нашы афіцыйныя органы ня бачаць у гэтым праблемы», — кажа Валянцін Стэфановіч.