Сайт petitions.by, раней засяроджаны пераважна на Менску, пашырыў дзейнасьць на рэгіёны.
Стваральнік праекту Ўладзімер Кавалкін заклікаў далучацца мясцовыя недзяржаўныя арганізацыі і рэгіянальных актывістаў.
Цяпер на сайце зарэгістравана 50 тысяч карыстальнікаў. Уладзімер Кавалкін спадзяецца, што іх будзе ўдвая больш.
За два гады была створаная 651 пэтыцыя, многія зь іх былі выніковымі. Створаная на сайце пэтыцыя зь юрыдычнага гледзішча — электронны зварот у дзяржаўны орган, на які абавязкова павінен быць адказ.
Аўтары пэтыцый могуць ацэньваць адказы дзяржаўных органаў. Напрыклад, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва мае рэйтынг 4,06 з 5, а адміністрацыя прэзыдэнта — 1,8.
На «палітычныя» пэтыцыі часьцей прыходзяць адпіскі, але вялікая колькасьць подпісаў можа паўплываць на станоўчыя зрухі. Так было з ініцыятывай «#пагоняпобач», калі блогер Антон Матолька стварыў пэтыцыю за папулярызаваньне нацыянальных сымбаляў і за тое, каб супрацоўнікі МУС ставіліся да іх паважліва. Пазьней старшыня МУС Ігар Шуневіч публічна заявіў, што «ніякай адказнасьці за Пагоню няма».
«У тым ліку гэта вынік нашай дзейнасьці, — лічыць Уладзімер Кавалкін. — Цяпер такі „Антон Матолька“ патрэбны кожнаму гораду Беларусі».