Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон прыме Пуціна ў Парыжы праз 300 гадоў пасьля першага візыту расейскага цара ў Францыю


Эманюэль Макрон (зьлева) і Ўладзімір Пуцін
Эманюэль Макрон (зьлева) і Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнты Францыі і Расеі правядуць у панядзелак перамовы ў Парыжы, у парадку дня якіх будзе і ўкраінскае пытаньне. Пра гэта паведамляюць у канцылярыі новаабранага прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона і пацьвярджаюць расейскія СМІ.

Напярэдадні візыту Эманюэль Макрон заявіў, што з павагай ставіцца да Расеі, але не саступіць пазыцыі Ўладзіміру Пуціну.

«Неабходна пагаварыць з Расеяй, таму што ёсьць шэраг міжнародных пытаньняў, якія ня будуць вырашаныя бяз жорсткага дыялёгу зь імі (расейцамі. — Рэд.)», — сказаў Макрон.

Сярод складаных пытаньняў, якія стаяць перад абодвума прэзыдэнтамі, верагодна ўмяшаньне Масквы ў францускія прэзыдэнцкія выбары, падтрымка прэзыдэнта Сырыі Башара Асада ў грамадзянскай вайне ў гэтай краіне і агрэсія Расеі супраць Украіны.

«Я буду патрабаваць гэтага на сваіх перамовах з Расеяй», — сказаў Макрон пасьля таго, як 27 траўня кіраўнікі «Групы сямі» дамовіліся разгледзець новыя захады супраць Масквы, калі сытуацыя ва Ўкраіне не палепшыцца.

Расейскія СМІ тым часам пішуць, што гаворка пойдзе пра пытаньні ад актывізацыі палітыка-эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва і да абмеркаваньня сытуацыі ва Ўкраіне, Сырыі, Лібіі і на Карэйскім паўвостраве.

Сустрэча будзе праходзіць на фоне адкрыцьця ў каралеўскім палацы вялікай выставы, прысьвечанай візыту ў Францыю Пятра I у 1717 годзе.

На мінулым тыдні Пуцін і Макрон ужо гутарылі па тэлефоне і абмяркоўвалі канфлікты ва Ўкраіне і Сырыі.

У Крамлі раней заявілі, што прэзыдэнт Расеі ляціць у Парыж на перамовы з прэзыдэнтам Францыі з «добра вядомай» пазыцыяй наконт Украіны і ацэньвае з «пэсымізмам» пазыцыю Ўкраіны што да менскіх пагадненьняў.

Пасьля расейскай анэксіі Крыму на Данбасе працягваецца ўзброены канфлікт. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы груповак «ДНР» і «ЛНР». Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца хіба што расейскія «добраахвотнікі». Таксама Расея адмаўляе, што незаконна анэксавала ўкраінскі Крым, і сьцьвярджае пра «ўзьяднаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG