Міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў пракамэнтаваў інцыдэнт, якім скончыўся фінал «Эўравізіі-2017» у Кіеве.
Падчас выступленьня Джамалы, мінулагодняй пераможцы конкурсу, на сцэну выскачыў мужчына і агаліў у наўпроставым эфіры свой азадак.
Як аказалася, «пэрфоманс» учыніў украінскі пранкер Васіль Сядзюк, вядомы сваімі скандальнымі выхадкамі ў дачынені да ўсясьветных зорак і публічных асобаў.
«У адказ на запыты адносна ідыёта, які агаліў свой зад перад 200 мільёнамі тэлегледачоў. Сядзюк — украінскі грамадзянін. Падчас выступленьня нашай Джамалы, зь яго словаў, ён вырашыў рэалізаваць сваё хобі, бо „неафіцыйна працуе які журналіст-правакатар“, — напісаў Авакаў у Фэйсбуку.
Быў затрыманы аховай конкурсу пры ўдзеле паліцыі — аказваў супраціў пры затрыманьні. У парадку артыкулу 208 КПК Украіны затрыманы на 72 гадзіны да суду, які абярэ яму меру стрыманьня паводле артыкулу 296 ч.3 (хуліганства з абцяжарвальнымі наступствамі) — ад штрафу да пяці гадоў пазбаўленьня волі.
А пакуль гэтая ганьба краіны зможа рэалізоўваць сваё „хобі“ у турэмнай камэры ізалятару часовага ўтрыманьня. Праўда, паказваць зад тамтэйшым насельнікам, атрымліваючы асалоду ад свайго „хобі“, я б яму ня раіў...».
Васіля Сядзюка называюць «начным жахам» мэгазорак, да якіх ён чапляўся з правакацыямі і непрыстойнымі прапановамі. У ягонай калекцыі «пацярпелых» — Мадонна, Брэд Піт, Леанарда ды Капрыё, Уіл Сьміт, Кім Кардаш’ян, прынц Уільям ды іншыя.