Напярэдадні ён атрымаў SMS-паведамленьне з суду Фрунзенскага раёну аб тым, што ягоная позва прынятая да разгляду. Першае паседжаньне прызначанае на 12 траўня. Спадар Лойка ня ўтойвае задавальненьня, што заадно зь фізкультурнікамі ёсьць спадзяваньне беларусізаваць і беларускі суд:
«Сябры! Запрашаю на суд! — дзеліцца навіной Лойка. — Учора пад канец працоўнага дня прыйшла эсэмэска (арфаграфія захаваная. — РС): «Паважаны Лойка Г.С. Вы выклікаецеся ў якасці заяўніка ў судовае пасяджэнне па скарзе на дзеянні ДУО «Гімназія № 4 Мінска», якое прызначана на 14.30 гадзін 12 мая 2017 года (каб. 234) по адресу ул. Дунина Марцинкевича дом 1-2. Сакратар суда Шкультэцкая М.А.». Заўважце — па-беларуску! Хоць і часткова, хоць і з памылкамі (не ДУО, а ДУА). Але гэта ўжо перамога! Значыць, далейшае паседжаньне, пратакол і астатнія дакумэнты будуць па-беларуску! Вынік прадказальны, як прадказальныя ў наш час усе суды. Але наш суд будзе ў любым выпадку аптымістычны: што судзьдзя ні скажа — пераможцай выйдзе беларуская мова!»
Гэнік Лойка змагаецца з групай настаўнікаў фізкультуры ў беларускай гімназіі № 4, якая працуе ў менскім мікрараёне Кунцаўшчына. Паводле яго, ніводзін зь іх не валодае беларускай мовай ці не карыстаецца наўмысна. А гэта значыць, такія людзі ня маюць права працаваць у беларускамоўнай установе:
«Калі іх апраўдаюць, то ў гісторыі беларускага народу застанецца факт: дзяржава ў часы лукашэнкаўскага рэжыму абараніла беларускамоўную школу ад нападак нейкага Лойкі. Калі асудзяць, таксама няблага: пераможа праўда, пераможа беларуская мова, і гімназія № 4 стане сапраўды лідэрам па беларускамоўных паказьніках сярод беларускамоўных школаў краіны. Гэтая гімназія (а за ёю і іншыя) больш ня змогуць прымаць на працу аднамоўных настаўнікаў (а дзе ж узяць беларускамоўных, калі няма беларускамоўных унівэрсытэтаў?), і нашай дэпутатцы Алене Анісім будзе лягчэй адваяваць вышэйшую адукацыю на роднай мове», — падсумоўвае Гэнік Лойка.