8 ліпеня на хутары «Шаблі» прадусара Ўладзімера Шаблінскага адбудзецца акустычны канцэрт Brutto. Гурт Сяргея Міхалка пакажа акустычную праграму «Зорачкi».
Паводле задумы арганізатараў, падчас выступу гледачы змогуць пакантактаваць з удзельнікамі калектыву ў нефармальнай абстаноўцы — фармат творчай сустрэчы дасьць магчымасьць наўпрост задаць пытаньні музыкам.
«Такія сустрэчы дазваляюць стварыць асаблівую атмасфэру, якая немагчымая на вялікіх канцэртах. Яны для тых, хто хоча ня толькі ўбачыць і пачуць, але адчуць і нават стаць саўдзельнікам», — перакананыя арганізатары акустычнага канцэрту Brutto.
Сам Сяргей Міхалок маючы адбыцца канцэрт пазначыў як «паэтычна-музычны спэктакаль»:
«Сваімі песьнямі я нікога не вучу. Для мяне гэта проста магчымасьць зафіксавацца эмацыйна ў дадзены пэрыяд, а потым, празь нейкі час, паспрабаваць успомніць, якім я быў раней».
Замест слэму ў глядзельнай залі новая праграма прадугледжвае ціхія нефармальныя зносіны, вершы і апавяданьні, а таксама песьні «Ляпісаў» і Brutto пад гітару.
Гледачы акустычнага канцэрту на хутары «Шаблi» пачуюць новыя аранжыроўкі кампазыцый розных пэрыядаў — «Гары», «Я веру», «Агеньчыкі», «Воіны сьвятла», «Заапарк», «Зорачкі» ды іншых.
Разам зь Міхалком на сцэну выйдуць музыкі Brutto Павал Трацяк і Лэфт.