КДБ паведаміў пра затрыманьне групы службовых асобаў на чале з начальнікам галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргеем Барысевічам. Пад варту зьмешчана 10 чалавек.
Паведамляецца, што спынена «маштабная супрацьпраўная дзейнасьць групы службовых асобаў».
«Затрыманыя падазраюцца, у тым ліку, у атрыманьні хабараў у буйным і асабліва буйным памеры ад прадстаўнікоў прыватных субʼектаў гаспадараньня за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў аб заключэньні дагавораў (закупкi па завышаных цэнах і г.д.) з падпарадкаванымі прадпрыемствамі і арганізацыямі», — паведамляе прэс-служба КДБ.
Адносна фігурантаў распачатыя крымінальныя справы па артыкулах 430 («Атрыманьне хабару») і 432 («Пасярэдніцтва ў хабарніцтве») Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Па гэтых артыкулах прадугледжваецца пазбаўленьне волі на тэрмін да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.