Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША накіроўваюць флёт да берагоў Паўночнай Карэі


Атамны авіяносец «Карл Вінсан»
Атамны авіяносец «Карл Вінсан»

У сувязі з паўночнакарэйскімі ракетнымі запускамі ўдарная групоўка амэрыканскага флёту на чале з атамным авіяносцам «Карл Вінсан» атрымала загад выправіцца ў заходнюю частку Ціхага акіяну, паведамляе BBC.

«Пагрозай нумар адзін у рэгіёне застаецца Паўночная Карэя празь яе неразумную, безадказную і дэстабілізуючую ракетную праграму і імкненьня да ядзернай зброі», — заявіў прэс-сакратар камандаваньня Ціхаакіянскага флёту ЗША Дэвід Бэнхэм.

У склад групоўкі ўваходзяць таксама крэйсэр і два эсьмінцы, узброеныя кіраванымі ракетамі.

Эскадра знаходзілася ў раёне Сынгапуру на шляху ў Аўстралію, але атрымала загад зьмяніць курс.

Авіяносцы клясы «Німіц», да якіх належыць «Карл Вінсан», маюць даўжыню каля 330 мэтраў і водазьмяшчэньне 100 тысяч тонаў, нясуць на борце ў сярэднім па 80 баявых самалётаў.

Насуперак шматлікім рашэньням ААН, Паўночная Карэя сыстэматычна праводзіць ракетныя выпрабаваньні, як мяркуецца, імкнучыся абзавесьціся зброяй, здольнай паражаць амэрыканскую тэрыторыю.

У лютым Паўночная Карэя пацьвердзіла запуск балістычнай ракеты. Яшчэ адзін пуск адбыўся 5 красавіка, напярэдадні візыту ў ЗША кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заявіў, што не дазволіць Паўночнай Карэі стварыць ракеты, здольныя дасягнуць тэрыторыі ЗША, і што Вашынгтон, калі спатрэбіцца, вырашыць гэтую праблему самастойна.

7 красавіка ЗША ракетамі атакавалі Сырыю ў адказ на выкарыстаньне хімічнай зброі. Было выпушчана 59 ракет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG