Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрае і дрэннае ў сучаснай сыстэме аховы здароўя Беларусі


Андрэй Ільніцкі
Андрэй Ільніцкі

7 красавіка адзначаецца Сусьветны дзень здароўя.

Камэнтуючы цяперашні стан дзеючай беларускай сыстэмы аховы здароў трэба адзначыць, што дагэтуль фактычна ні ў воднай краіне сьвету не распрацавана ідэальная мадэль, якая я б задавальняла і пацыентаў, і грамадзтва, і ўлады, і саміх лекараў.

Пытаньне неабходнасьці рэфармаваньня сыстэмы аховы здароўя ўвесь час зьяўляецца ў сродках масавай інфармацыі і становіцца аб’ектам грамадзкай і палітычнай дыскусіі. Зь нядаўняга часу можна прыгадаць ініцыятыву адмены рэформы сыстэмы аховы здароўя ЗША пад назвай Obamaсare Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу. Так што рознае стаўленьне спажыўцоў мэдычных паслуг да беларускай сыстэмы аховы здароўя — абсалютна нармальная зьява.

Паводле сваёй сутнасьці сыстэма аховы здароўя сучаснай Рэспублікі Беларусі не зьмянілася з савецкіх часоў, у спэцыяльнай літаратуры гэтая сыстэма носіць імя першага наркома аховы здароўя Савецкага Саюзу Н.А.Сямашкі. Яна была пабудавана на тым, што фінансаваньне аховы здароўя вялося з адзінага агульнанацыянальнага бюджэту, пры гэтым дэкляравалася роўнасьць усіх грамадзян на атрыманьне мэдычнай дапамогі. Для савецкай мэдыцыны быў уласьцівы высокі ўзровень сэгрэгацыі, калі асобныя групы насельніцтва, такія як намэнклятурныя работнікі КПСС, КДБ, ваенная, акадэмічная, мастацкая эліта атрымлівалі значна больш якасную і высокатэхналягічную мэдычную дапамогу. Існавала моцная сетка добра разьвітай першаснай мэдыка-санітарнай і спэцыялізаванай дапамогі. Гэта вялікая сетка паліклінік і дыспансэраў, якая садзейнічала амаль поўнаму ахопу насельніцтва патрэбнымі мерамі захаваньня здароўя. Мелася вялікая колькасьць шпіталяў і шпітальных ложкаў.

Такім чынам, сыстэма Сямашкі, па вялікаму рахунку, забясьпечвала масавы ахоп насельніцтва мэдычнай дапамогай і пры гэтым не патрабавала яўных затрат з боку насельніцтва, акрамя падаткаў. Трэба сказаць, што ў свой час гэтая сыстэма была вельмі прагрэсіўнай і садзейнічала значнаму павышэньню стану здароўя, яе ўвядзеньне дазволіла зьменшыць захворваемасьць інфэкцыйнымі і паразітарнымі хваробамі.

Пра мне гэта даводзілася пісаць на прыкладзе Полацку ў кнізе «Дай давер хворых да мяне і майго мастацтва...» (Нарысы пра гісторыю мэдыцыны Полацку) / А.М.Ільніцкі, К.І.Прашчаеў, А.В.Козел. Санкт-Пецярбург, «Сыстэма». 2005), калі на працягу 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў горадзе было дасягнутае значнае зьніжэньня дзіцячай сьмяротнасьці і сьмяротнасьці немаўлят, скарацілася захворваемасьць хваробамі, якія перадаюцца палавым шляхам, а таксама сухотамі. І гэта тыповая карціна для ўсёй Беларусі таго часу.

Галоўнымі адмоўнымі бакамі сыстэмы Сямашкі зьяўляецца залішняя экстэнсіўнасьць разьвіцьця, калі якасьць мэдычнай дапамогі абумоўлена колькасьцю лекарскіх кадраў і ўстаноў аховы здароўя, што патрабуе вялікія фінансавыя траты і кладзецца цяжкім каменем на бюджэт; абмежаванасьць у дарагіх мэдыкамэнтах і тэхналёгіях — шмат што пацыент павінен быў купляць сам, бо бюджэт ня мог адпавядаць патрабаваньням кожнага; высокая ступень бюракратызацыі.

Дарэчы, сыстэма, падобная да сямашкаўскай, існуе ня толькі ў Беларусі. Яна функцыяніруе ў некаторых высокаразьвітых краінах, напрыклад, у Вялікай Брытаніі, дзе прэтэнзіі насельніцтва да аховы здароўя вельмі падобныя да нашых.
Але беларуская сытуацыя з аховай здароўя мае свае асаблівасьці.

Да добрага ў ёй, бясспрэчна, трэба аднесьці наступныя тры галоўныя рэчы:

1. Агульная гарантаваная на дзяржаўным узроўні даступнасьць мэдычнай дапамогі ў той ці іншай ступені.

2. Хуткія магчымасьці і высокі патэнцыял рэагаваньня на адхіленьні з боку так званага папуляцыйнага здароўя (напрыклад, падчас эпідэмій, масавых здарэньняў і праца на іх прадухіленьне).

3. Добрая кіруемасьць, цэнтралізацыя і этапнасьць — калі дапамогу чалавеку пры якой-небудзь рэдкай хваробе ці асаблівым стане здароўя немагчыма аказаць, напрыклад, у раённым цэнтры, яго пераводзяць ва ўстанову абласнога ці рэспубліканскага ўзроўню.

Дрэнныя ж моманты сямашкаўскай сыстэмы такія:

1. Сыстэма Сямашкі выхоўвае ў чалавеку спажывецкую пазыцыю да свайго асабістага здароўя, калі памылкова думаецца, што можна рабіць са сваім жыцьцём што заўгодна (ужываць алькаголь, курыць і т.д.), а потым пайсьці да лекара (гэта жа бясплатна!) і запатрабаваць даць «пілюлю ад усіх хвароб». У многіх людзей такое абыякавае стаўленьне да свайго здароўя існуе яшчэ з савецкіх часоў і з гэтым трэба працаваць.

2. Бюджэт любой краіны мае абмежаваньні і ня можа задаволіць вымогі кожнага пацыента, таму заканамерна, што ва ўстановах аховы здароўя павышаецца аб’ем платных паслуг, што часта не знаходзіць разуменьня ў пацыентаў.

3. Беларуская сыстэма аховы здароўя досыць закрытая і патрабуе дадатковага дыялёгу з грамадзкімі аб’яднаньнямі пацыентаў і мэдычных прафэсіяналаў. У большасьці краін сьвету, напрыклад, спрэчкі паміж лекарам і пацыентам вырашаюцца праз суд пры ўдзеле прафэсійных лекарскіх супольнасьцяў, у нас жа звычайна з гэтым разьбіраецца ведамасная камісія з вышэйстаячага мэдычнага органу кіраваньня паводле скарзе хворага.

Бясспрэчна, беларуская сыстэма аховы здароўя выконвае сваю ролю і функцыі, але павінна рэфармавацца, што можа адбывацца толькі пры рэфарматарскіх зрухах і ў грамадзтве, і ў эканоміцы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG