Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прыпыніла дамову з ЗША аб прадухіленьні інцыдэнтаў і бясьпецы палётаў у Сырыі


Расейскі самалёт узьлятае з борту крэйсэра «Адмірал Кузьняцоў», ілюстрацыйнае фота
Расейскі самалёт узьлятае з борту крэйсэра «Адмірал Кузьняцоў», ілюстрацыйнае фота

Міністэрства замежных спраў Расеі апублікавала заяву ў сувязі з ракетнай атакай ЗША на базу сілаў Башара Асада ў Сырыі.

Расейскі бок прыпыняе дзеяньне заключанага з ЗША мэмарандуму аб прадухіленьні інцыдэнтаў і гарантаваньня бясьпекі палётаў авіяцыі ў час апэрацыяў у Сырыі. Таксама Расея заклікае Раду бясьпекі ААН правесьці надзвычайнае пасяджэньне для абмеркаваньня сытуацыі.

Злучаныя Штаты і Расея падпісалі згаданы мэмарандум у кастрычніку 2015 году. Ён быў накіраваны на прадухіленьне сутыкненьняў амэрыканскіх і расейскіх самалётаў і бесьпілётнікаў над Сырыяй. Расея прасіла тады не выдаваць дэталяў пагадненьня аб палётах.

Паводле расейскага МЗС, ЗША «пайшлі на дэманстрацыю сілы, не знайшоўшы часу ні ў чым разабрацца». МЗС называе Сырыю (маючы на ўвазе, верагодна, сілы Башара Асада) «краінай, што змагаецца зь міжнародным тэрарызмам».

Паводле МЗС Расеі, «Вашынгтон цалкам перакруціў тое, што адбылося ў Ідлібе». Як сьцьвярджае расейскае ведамства, «амэрыканскі бок ня можа не разумець, што сырыйскія ўрадавыя войскі не ўжывалі там хімічнай зброі», бо «ў Дамаску яе папросту няма», што нібы пацьвердзілі ў Арганізацыі ў пытаньнях забароны хімічнай зброі пры ААН.

Пуцін «лічыць амэрыканскія ўдары па Сырыі агрэсіяй супраць сувэрэннай дзяржавы на надуманай падставе»

У Ідлібе, паводле расейскай вэрсіі, «тэрарысты займаліся вытворчасьцю начыненых атрутнымі рэчывамі фугасаў для наступнага выкарыстаньня ў Сырыі і Іраку», а тое, што Захад лічыць хімічнай атакай сілаў Асада на мірнае насельніцтва, было «ліквідацыяй гэтай вытворчасьці ў выніку ваеннай апэрацыі сырыйскіх ВПС».

Атака, у якой Захад абвінавачвае сілы Асада, адбылася зранку 4 красавіка ў кантраляваным антыўрадавымі паўстанцамі мястэчку Хан-Шайхун у правінцыі Ідліб. У ёй пацярпелі больш за 200 чалавек, загінулі 86 чалавек. Каля паловы памерлых — жанчыны і дзеці. Мясцовыя мэдыкі дапускаюць, што выкарыстоўваўся нэрвова-паралітычны газ зарын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG