Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін «лічыць амэрыканскія ўдары па Сырыі агрэсіяй супраць сувэрэннай дзяржавы на надуманай падставе»

абноўлена

Уладзімір Пуцін і Дзьмітрый Пяскоў, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і Дзьмітрый Пяскоў, архіўнае фота

«Гэты крок Вашынгтону наносіць істотны ўрон расейска-амэрыканскім стасункам, што і без таго знаходзяцца ў вартым жалю стане»,— заявіў прэсавы сакратар Пуціна.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў агучыў меркаваньне кіраўніка расейскай дзяржавы адносна ракетнага ўдару ЗША па сілах прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, перадае ТАСС.

«Пуцін лічыць амэрыканскія ўдары па Сырыі агрэсіяй супраць сувэрэннай дзяржавы ў парушэньне нормаў міжнароднага права, прычым на надуманай падставе», — заявіў Пяскоў.

Ён адзначыў, што «сырыйская армія не валодае запасамі хімічнай зброі», а факт зьнішчэньня ўсіх запасаў хімічнай зброі ўзброеных сілаў Сырыі быў «зафіксаваны і пацьверджаны» Арганізацыяй па забароне хімічнай зброі пры ААН.

«Пры гэтым, на думку Пуціна, поўнае ігнараваньне фактаў выкарыстаньня хімічнай зброі тэрарыстамі толькі істотна пагаршае сытуацыю, — дадаў Пяскоў. — Пуцін таксама бачыць ва ўдарах па Сірыі з боку ЗША спробу адцягнуць увагу сусьветнай супольнасьці ад шматлікіх ахвяраў сярод мірнага насельніцтва ў Іраку.

Кадры запуску амэрыкансіх ракетаў па базе Асада
Кадры запуску амэрыкансіх ракетаў па базе Асада

Гэты крок Вашынгтону наносіць істотны ўрон расейска-амэрыканскім стасункам, што і без таго знаходзяцца ў вартым жалю стане. А галоўнае, як лічыць Пуцін, гэты крок не набліжае нас да канчатковай мэты ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам, а наадварот стварае сур'ёзную перашкоду для стварэньня міжнароднай кааліцыі па барацьбе зь ім і для эфэктыўнага процідзеяньня гэтаму сусьветнаму злу, што, дарэчы, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў як адну з галоўных задачаў яшчэ падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі».

МЗС Расеі абяцае «ў бліжэйшы час» апублікаваць заяву адносна сытуацыі ў Сырыі, але сайт ведамства працуе зь перабоямі.

Сайт МЗС Расеі працуе зь перабоямі пасьля ракетнага ўдару ЗША па сілах Башара Асада ў Сырыі
Сайт МЗС Расеі працуе зь перабоямі пасьля ракетнага ўдару ЗША па сілах Башара Асада ў Сырыі

Дональд Трамп жа растлумачыў прычыны ракетнай атакі на Асада інтарэсамі нацыянальнай бясьпекі, «дзеля прадухіленьня і стрымліваньня распаўсюду і выкарыстаньня сьмяротнай хімічнай зброі». Ён абвінаваціў Асада ў парушэньні нормаў міжнароднага права і заклікаў «усе цывілізаваныя краіны» далучыцца да ЗША ў імкненьні пакласьці канец «бойні і праліцьцю крыві» ў Сырыі.

Згодна з заявай Пэнтагону, 59 крылатых ракет былі выпушчаныя з борта амэрыканскіх эсьмінцаў, якія знаходзяцца ў Міжземным моры. Іх мэтай былі баявыя самалёты, умацаваныя сховішчы для самалётаў, склады паліва, бункеры з боепрыпасамі, сыстэмы супрацьракетнай абароны і радары.

Паводле Пэнтагону, былі прынятыя ўсе намаганьні, каб прадухіліць страты сярод цывільнага насельніцтва і паменшыць рызыку для абслуговага пэрсаналу авіябазы ў адпаведнасьці з Законам аб вядзеньні ўзброеных канфліктаў. Сырыйскія вайскоўцы перад ракетным ударам ЗША змаглі эвакуяваць пэрсанал і абсталяваньне, паводле відавочцы.

Сырыец дыхае праз кіслародную маску пасьля верагоднай хімічнай атакі ў Хан Шэйхуне. Правінцыя Ідліб, 4 красавіка 2017 году
Сырыец дыхае праз кіслародную маску пасьля верагоднай хімічнай атакі ў Хан Шэйхуне. Правінцыя Ідліб, 4 красавіка 2017 году

Атака, у якой Захад абвінавачвае мілы Асада, адбылася зранку 4 красавіка ў кантраляваным антыўрадавымі паўстанцамі мястэчку Хан-Шайхун у правінцыі Ідліб. У ёй пацярпелі больш за 200 чалавек, загінулі 86 чалавек. Каля паловы загінулых — жанчыны і дзеці. Мясцовыя мэдыкі дапускаюць, што выкарыстоўваўся нэрвова-паралітычны газ зарын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG