Як удакладніў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, цяпер прадстаўнікі кааліцыі працуюць над тым, каб сходы былі афіцыйна дазволеныя. На парадку дня як актуальныя пытаньні працаўладкаваньня, так і патрабаваньні палітычных пераўтварэньняў. Калі ж улады пачнуць чыніць перашкоды, нічога не застанецца, як заклікаць беларусаў да агульнанацыянальнага страйку:
«У рэгіёнах цяпер актыўна падаюцца заяўкі на акцыі ў месцах, вызначаных мясцовымі выканкамамі. Мы за мірны шлях вырашэньня надзённых праблемаў. Але калі ўлады праігнаруюць нашы патрабаваньні, не застанецца іншых варыянтаў, як ініцыяваць агульнанацыянальны мірны страйк. Найперш з тым, каб дамагчыся эканамічных рэформаў, свабодных і справядлівых выбараў. Мы маем на гэта канстытуцыйнае права. Нам ня трэба ўжываць гвалт у дачыненьні да ўлады, да сілавікоў, дастаткова проста перастаць іх карміць».
Усе тры лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі ня так даўно выйшлі на волю пасьля 15-суткавых арыштаў за ўдзел у акцыі недармаедаў у Маладэчне і атрымалі чарговыя позвы. Таму, як кажа кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, у такой сытуацыі неабходна загадзя пераразьмеркаваць абавязкі, каб не аказалася, што ў адсутнасьць каардынацыі народныя выступы будуць кінутыя на самацёк — як у Дзень Волі:
«Важна, каб у плянаваньні і правядзеньні мерапрыемстваў бралі ўдзел структуры, аб’яднаныя адным аргкамітэтам. Каб у выпадку пасадкі ці нэўтралізацыі лідэраў прыйшлі іншыя асобы і давялі да канца ўсё, што было заплянавана. Бо калі нехта з палітыкаў заяўляе, што гатовы ўзяць на сябе пэрсанальную адказнасьць за ўсё, то гэта абсалютна безадказныя заявы. У выніку гэта прыводзіць да зьяўленьня яшчэ большых праблемаў. Людзі, якія вераць у пустыя словы, пустыя абяцанкі, падстаўляюцца пад дубінкі, трапляюць у турмы, але ніхто ў выніку за гэта адказнасьці не нясе», — заявіў Губарэвіч.
Юрась Губарэвіч мае на ўвазе аднаго зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколу Статкевіча, які заклікаў выйсьці на Дзень Волі і паабяцаў узяць на сябе пэрсанальную адказнасьць за разьвіцьцё падзеяў. Аднак напярэдадні акцыі ён быў прэвэнтыўна затрыманы і вызвалены зь СІЗА КДБ толькі 27 сакавіка.