27 сакавіка ў офісе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (СБП) адбудзецца ўручэньне стыпэндыяў імя Магдалены Радзівіл для пісьменьніц і перакладчыц. Матэрыяльная дапамога заснаваная пісьменьніцкай арганізацыяй і будзе прызначацца раз на год дзеля рэалізацыі творчых праектаў.
У склад адмысловай рады, сябры якой будуць вызначаць самых годных намінантак, увайшлі Сьвятлана Алексіевіч (старшыня), Уладзімер Арлоў, Алена Макоўская, Барыс Пятровіч (Сачанка), Юлія Чарняўская.
Тыдзень таму першымі стыпэндыяткамі 2017 году былі абвешчаныя Тацяна Барысік (Магілёў), Алена Брава (Барысаў) і Дар’я Ліс (Смаргонь). Якраз іх і будуць ушаноўваць у Менску.
Дар’я Ліс сваё пападаньне ў «тройку» назвала абсалютным нечаканым і параўнала гэта са «своеасаблівым гістарычным бонусам ад княгіні Магдалены Радзівіл за былыя гістарычныя абмежаваньні, калі жанчынам не дазвалялі быць пісьменьніцамі, лекаркамі, настаўніцамі». Сама Дар’я ўжо шмат гадоў прыкаваная да інваліднага вазка, што не замінае ёй займацца актыўнай творчай і журналісцкай дзейнасьцю.
У сваю чаргу кіраўнік СБП Барыс Пятровіч падкрэсьліў, што прэмія павінна падтрымаць жанчын, якія нярэдка пасьля дэбюту ў літаратуры адмаўляюцца ад творчасьці празь неабходнасьць засяроджвацца на сямейных справах.