«Хачу адзначыць, што права грамадзян на мірныя сходы і свабоднае выказваньне меркаваньня замацавана ў Канстытуцыі нашай краіны. Аднак ключавое слова тут — „мірныя“. Калі ж да месца мерапрыемства падвозяць „кактэйлі Молатава“, падганяюць аўтамабілі са зброяй, падключаюць анархістаў, то назваць такую акцыю „мірнай“ язык не паварочваецца», — сказаў Мірончык.
Паводле яго, ва ўмовах нарастаньня і пашырэньня геаграфіі тэрарыстычнай пагрозы ўладам «важна быць асабліва пільнымі, дзейнічаць на апярэджаньне, а не разграбаць наступствы». «Менавіта такую выснову мы вынесьлі зь нядаўніх тэрарыстычных актаў у Лёндане, Бэрліне, Парыжы, Брусэлі, Ніцы. Менавіта гэтым кіраваліся беларускія ўлады 25 сакавіка. Галоўнай задачай было арганізаваць бясьпеку грамадзянаў і не дапусьціць кровапраліцьця, асабліва з улікам наяўнай інфармацыі аб рыхтаваных правакацыях», — сказаў Мірончык.
Ён адзначыў, што акцыя ў Менску 25 сакавіка была несанкцыянаванай. «Удзел у несанкцыянаваных акцыях цягне канкрэтныя наступствы ў любой краіне сьвету. І што „неэўрапейскага“ змаглі разгледзець у дзеяньнях нашых праваахоўных органаў заходнія палітыкі? У Менску разганялі дэманстрантаў вадамётамі? Можа быць, распылялі газ? Не. І, дзякуй Богу. Абышлося без ахвяраў, — сказаў Мірончык. — Дзеяньні праваахоўных структураў былі абсалютна адэкватнымі. І калі быць пасьлядоўнымі, то тады эўрапейскім інстытутам і палітыкам трэба выказваць „занепакоенасьць“ і шматлікімі затрыманьнямі напярэдадні сьвяткаваньня юбілею Рымскага дагавору 25 сакавіка, актыўным выкарыстаньнем пры разгоне дэманстрацыяў у эўрапейскіх сталіцах вадамётаў, газу ды іншых спэцсродкаў».
«Але, напэўна, прасьцей па звычцы „пад мікраскопам“ разглядаць Беларусь. І не заўважаць пры гэтым, што санкцыянаваныя акцыі ў шэрагу гарадоў нашай краіны ў той жа дзень прайшлі безь якіх-небудзь інцыдэнтаў. Лічым неабходным працягваць дыялёг і ўзаемадзеяньне з нашымі замежнымі партнэрамі у мэтах лепшага разуменьня пазыцыяў адзін аднаго», — дадаў прэсавы сакратар.
25 сакавіка ў Менску ў выніку разгону ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі было затрымана, паводле зьвестак праваабаронцаў, каля 700 чалавек. Большасьць неўзабаве былі адпушчаныя. Каля 100 застаюцца пад вартай. Складзена ня менш за 130 адміністрацыйных пратаколаў.
ЭЗ распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца, што задушэньне свабоды выказваньня меркаваньняў і сходаў супярэчыць абвешчанай рэспублікаю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязаньням. «Захады, зробленыя Беларусьсю для захаваньня ўнівэрсальных асноўных свабодаў, вяршэнства закона і правоў чалавека, будуць заставацца ключом да фармаваньня дачыненьняў Эўрапейскага зьвязу з краінай», — гаворыцца ў заяве.
У сваю чаргу пасольства ЗША ў Менску заявіла, што «маштабныя затрыманьні мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і шэрагу журналістаў ідуць насуперак дэмакратычным каштоўнасьцям». Злучаныя Штаты, гаворыцца ў заяве, «будуць і надалей уважліва сачыць за сытуацыяй і заклікаюць урад Беларусі неадкладна вызваліць астатніх затрыманых мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і забясьпечыць права грамадзян на правядзеньне мірных сходаў і свабоду слова ў адпаведнасьці зь яго міжнароднымі абавязаньнямі».
Дзеяньні праваахоўных структураў 25 сакавіка былі абсалютна адэкватнымі, гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзьмітрыя Мірончыка на заявы Эўразьвязу, ЗША і заходніх палітыкаў пра падзеі ў Беларусі 25 сакавіка.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1