Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Дня Волі: зноў АМАП, аўтазакі, затрыманьні. Жывы блог

25 сакавіка ў абласных цэнтрах Беларусі прайшлі акцыі на Дзень Волі, менская акцыя была брутальна разагнаная, сотні людзей затрыманыя. На 26 сакавіка анансаваліся акцыі пратэсту ў розных гарадах Беларусі.

25 сакавіка ў абласных цэнтрах Беларусі прайшлі акцыі на Дзень Волі, менская акцыя была брутальна разагнаная, сотні людзей затрыманыя. На 26 сакавіка анансаваліся акцыі пратэсту ў розных гарадах Беларусі, у сацсетках заклікаюць выходзіць на вуліцы ў Менску. Магчыма, 26 сакавіка таксама будуць адбывацца суды над затрыманымі ўчора. Свабода сочыць за падзеямі на наступны дзень пасьля Дня Волі.

18:40 26.3.2017

Дваіх затрыманых у Бабруйску зьвезьлі на хуткай, сярод іх дакладна адзін стары пэнсіянэр.

Яшчэ аднаго мужчыну пры затрыманьні зьбілі, ён скардзіўся на болі, выкліканая ў ГУУС хуткая аказала першую дапамогу і мелася яго завезьці ў бальніцу. Але міліцэйскае кіраўніцтва забараніла суправаджаць яго жонцы, таксама затрыманай, нягледзячы на заклікі лекараў. І ён адмовіўся ехаць адзін.

18:35 26.3.2017

Актывіста Аляксандра Балобіна міліцыянты адвезьлі за Клімавічы і высадзілі

Жыхара Клімавіцкага раёну Аляксандра Балобіна, які 25 сакавіка сказаў у жывым эфіры Свабоды пра пляны правесьці ў райцэнтры «Марш недармаедаў», спрабавалі затрымаць, калі ён вяртаўся ў сваю вёску Паўлавічы.

Аляксандар Балобін
Аляксандар Балобін

Паводле хлопца, яго пасадзілі ў міліцэйскую машыну, але да раённага аддзелу міліцыі не давезьлі. Аляксандар мяркуе, што загад аб затрыманьні адмянілі. Яго адвезьлі за Клімавічы і высадзілі. На працягу дня за ягоным домам назіралі з аўтамабіля.

«Цяпер яны стаяць ад маёй хаты за пяцьсот мэтраў, сочаць за мною. Выходзіць, што я блякаваны ў сваёй хаце. Я выбраўся да сваякоў, і яны на машыне за мной паехалі», — сказаў праз тэлефон Аляксандар.

Паводле Аляксандра, сёньня ў Клімавічах плянавалася акцыя пратэсту «Марш недармаедаў», але не адбылася.

Праз гадзіну пасьля гутаркі Аляксандар Балобін на званкі больш не адказваў.

У мясцовых актывістаў і журналістаў невядомыя праз тэлефон спрабавалі даведацца, дзе адбудзецца «Марш недармаедаў», пра які пісалі ў сацсетках.

«Мною такія тэлефанаваньні ўспрымаліся як правакацыя. Гэта была праверка, ці ў хаце я», — сказаў клімавіцкі журналіст Сяргей Аржанцаў.

Аржанцаў дадаў, што каля ягонага дома дзяжурыць машына.

Паводле жыхароў Клімавічаў, плошча перад райвыканкамам была пад кантролем міліцыянтаў. Было шмат супрацоўнікаў у цывільным. Людзі чакалі «Марша недармаедаў» у парку. Аднак выйсьці на плошчу ніхто не насьмеліўся. Праваахоўнікі дэманстравалі гатоўнасьць разагнаць акцыю пратэсту.

Сябра «Моладзі БНФ» Аляксандар Балобін вядомы тым, што дамагаецца, каб улады рабілі вяскоўцам больш камфортныя ўмовы жыцьця. Ад міліцыі і КДБ Аляксандар зазнаваў перасьлед. У 2013 годзе Балобін заяўляў, што чэкісты яго спрабавалі завэрбаваць. Аляксандар браў удзел у назіраньні за галасаваньнем на выбарах.

Аляксандар Балобін упершыню прыехаў у Менск, каб адзначыць Дзень Волі, і спадзяваўся, што пасьля пратэсту ў Беларусі пачнуцца перамены.

«Аднак так ня сталася. Я толькі бачыў брутальны разгон гэтай акцыі», — казаў ён Свабодзе:

18:13 26.3.2017

Былы паплечнік Лукашэнкі Алег Ігнаценка: Прыйшоў на Плошчу, каб мяне затрымалі

Экс-начальнік службы кантролю прэзыдэнта: Я хачу, каб мяне затрымалі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:20 0:00

Сярод тых, хто сёньня выйшаў на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб выказаць падтрымку затрыманым на акцыі 25 сакавіка, быў колішні паплечнік Лукашэнкі Алег Ігнаценка.

У 1990-х ён працаваў поруч з Аляксандрам Лукашэнкам, служыў начальнікам Галоўнага ўпраўленьня службы кантролю ў ягонай адміністрацыі. У размове са Свабодай ня ўтойваў свайго стаўленьня да колішняга працадаўцы:

«Я, можа, скажу парадаксальную рэч, але ідзе фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, фармаваньне і асэнсаваньне нацыі. І гэта цудоўная рэч. Усё, што мог зрабіць гэты няшчасны чалавек, тыран, ён гэта зрабіў — пачаў аб’ядноўваць людзей супраць сябе. Прынамсі тое, што адбываецца, мяне ўражвае — пачынаецца абуджэньне беларускага народу. Неўзабаве здарыцца тое, што заклалі ў сваю ідэю стваральнікі БНР 25 сакавіка 1918 году. Адраджэньне будзе, яно непазьбежнае.

Я, безумоўна, усьцешаны. Людзі ня хочуць мірыцца зь сёньняшнім рэжымам, таму і пратэстуюць. Іх ганяюць, але яны зноў вяртаюцца. Як ні дзіўна, я ўдзячны гэтаму няшчаснаму чалавеку, які толькі паскорыў гэты працэс, і гэта здорава. Мы бачым неадэкватную рэакцыю ўлады. Бо каб дапусьцілі спакойна выказацца, відаць, на год-два гэта адтэрмінавала б падзеньне дыктатуры. Але тое, што адбываецца, сьведчыць пра адно: народ абудзіўся».

На пытаньне, ці не баіцца ён, што яго затрымаюць ня столькі за такія выказваньні, колькі за сам факт зьяўленьня ў «забароненым месцы», спадар Ігнаценка адказаў нечакана — маўляў, якраз гэтага і дамагаецца:

«Я гэтага хачу, хачу, каб мяне таксама затрымалі. А інакш нельга вызваліцца ад путаў, інакш мы ня будзем вольныя. Таму ня толькі хачу, нават правакую іх на гэта, мне нават прыемна. І цяжкасьцяў у зьняволеньні не баюся: я вэтэран вайны, ліквідатар Чарнобыльскай аварыі. Да таго ж асабіста ведаю гэтую нікчэмнасьць — абсалютна слабое, баязьлівае стварэньне, якое ў страху перад усімі намі. Мы свабодныя людзі, нам ня трэба нічога баяцца, ні ў якім разе не паддавацца на правакацыі. Людзі павінны быць вольныя, гэта самае галоўнае. Мы абавязкова вызвалімся ад гэтай навалы».

Алега Ігнаценку, аднак, не затрымалі, хоць ён быў у гушчы падзей на Кастрычніцкай плошчы.

17:58 26.3.2017

«Спадзяюся на хутчэйшае вяртаньне дадому затрыманых», — Тадэвуш Кандрусевіч

17:42 26.3.2017

Журналіста Дзяніса Носава вызвалілі, аднак забралі камэру і флэшкі, пратакол не складалі.

17:02 26.3.2017

На Віцебшчыне адбыўся шэраг пратэстных акцый. Ёсьць затрыманыя

17:01 26.3.2017

«Мяне ўдарылі аб бэтонную пліту, паклалі на падлогу і сталі левым берцам на галаву». Ад Аляксея Лойкі патрабуюць адклікаць заяву пра зьбіцьцё амапаўцамі

16:25 26.3.2017

26 сакавіка ў Гомелі: міліцыя падрыхтавалася, актывісты акцыі не плянавалі

15:10 26.3.2017

У Бярозе каля 20 чалавек прыйшлі на плошчу

Чатырох чалавек затрымалі міліцыянты. Абышлося без пратаколаў на ўдзельнікаў акцыі, але пратакол склалі на незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі.

15:06 26.3.2017

У Пінску затрыманьні. Аднаму затрыманаму стала кепска, выклікалі «хуткую»

14:56 26.3.2017

Берасьце: 14 чалавек вызваленыя

«14 чалавек усяго было затрымана — усіх адпусьцілі, хаця два былі даволі агрэсіўныя, — распавядае Свабодзе рэдактар мясцовага сайту «Виртуальный Брест» Андрэй Кухарчык. —Было шмат адэкватных міліцыянтаў, але былі і неадэкватныя. На жанчыну накінуліся, сталі адбіраць у яе тэлефон, адзін трымаў галаву, другі торбу вырываў, трэці па кішэнях лазаў, гузікі адарвалі…»

У час затрыманьня згубілася ягонае журналісцкае пасьведчаньне. Працэс затрыманьня Кухарчык апісвае так:

«Я ўключыў жывую трансьляцыю — папярэдзіў, што пастараюся здымаць супрацоўнікаў міліцыі са сьпіны. У мяне праверылі мой пашпарт. Адышоў крыху далей — стаіць аўтазак, туды заводзяць людзей. Падышоў паглядзець, што там адбываецца, трансьляцыю не ўключаў. А мяне разам з тымі людзьмі ў аўтазак, хоць я паказваў: вось маё пасьведчаньне. Пасьведчаньне так і не вярнулі, ня могуць знайсьці».

14:41 26.3.2017

Менск: АМАП чакае на Акадэміі

Каля менскай Акадэміі навук стаяць байцы АМАП, аўтазакі, а таксама праваабаронцы. Нягледзячы на паведамленьні ў сацсетках пра намер сабрацца а 14-й гадзіне, не падобна, каб пратэстоўцы выйшлі.

14:39 26.3.2017

Берасьце: затрыманыя 13 чалавек

Паводле інфармацыі праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна, у Берасьці былі сёньня затрыманыя 13 чалавек, які знаходзіліся на плошчы Леніна, або праходзілі паўзь яе. Сярод затрыманых – рэдактар мясцовага сайту «Виртуальный Брест» Андрэй Кухарчык, актывіст Валер Фамінскі. Частка затрыманых дагэтуль знаходзіцца ў Ленінскім РАУС Берасьця, у дачыненьні іх складаюцца пратаколы, паведаміў праваабаронца. Уладзімер Вялічкін кажа, што імёны ўсіх затрыманых пакуль высьвятляюцца.

14:16 26.3.2017

14:14 26.3.2017

Толькі што на Нямізе затрымалі 5 чалавек.

14:01 26.3.2017

13:52 26.3.2017

За Палацам рэспублікі ў Менску таксама былі затрыманьні

Людзей затрымлівалі ў час акцыі на Кастрычніцкай, кагосьці затрымалі толькі што. Пра гэта кажуць у трансьляцыі «Белсату»:

13:37 26.3.2017

13:30 26.3.2017

13:26 26.3.2017

У Віцебску затрыманы праваабаронца Павал Левінаў. Ен выйшаў на плошчу Перамогі разам з тымі, хто наважыўся прадэманстраваць незадавальненьне тым, што адбываецца ў краіне. Такіх людзей сабралася, паводле розных ацэнак, ад 100 да 200 чалавек. Пасьля быў затрыманы і праваабаронца Леанід Сьвецік. Таксама ў Віцебску затрыманыя незалежны журналіст Канстанцін Мардзьвінцаў і актывістка Ірына Трацьцякова.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG