Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 сакавіка ў Гомлі: міліцыя падрыхтавалася, актывісты акцыі не плянавалі


Плошча Леніна ў Гомлі
Плошча Леніна ў Гомлі

У Гомлі 26 сакавіка не было масавага збору пратэстоўцаў, але асобныя купкі людзей сабраліся на плошчы Паўстаньня. Там, як і напярэдадні, гарадзкія ўлады зладзілі кірмаш.

Мясцовыя жыхары бачылі апранутых у цывільнае міліцэйскіх начальнікаў з Цэнтральнага РАУС, з эканамічных падразьдзелаў міліцыі.

Плошча Паўстаньня
Плошча Паўстаньня

Ад плошчы Паўстаньня людзі ішлі да плошчы Леніна. Некалькі груп людзей былі заўважаны каля драматычнага тэатру і прыпынку грамадзкага транспарту.

Міліцыя затрымала карэспандэнтку БелаПАН Алену Германовіч і дзьвюх жанчын, якія за яе заступіліся. Іх адвезьлі для разбору ў Цэнтральны РАУС.

«Ніхто не зьбіраўся 26 сакавіка ладзіць у горадзе акцыю. Быў Дзень Волі — нагода ўсім зразумелая. Нейкае непаразуменьне паходзіла ад сталічных палітычных структураў — ладзіць масавыя акцыі сёньня. Думаю, такая дэзарыентацыя — ад няўменьня дамаўляцца пра агульныя дзеяньні», — лічыць намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Мікалай Новікаў.

Напярэдадні ў Гомлі пасьля «Маршу недармаедаў — 2» былі схопленыя і адпраўленыя ў ізалятар Аляксандар Процка, Натальля Шчукіна, Ала Раманчык, некалькі моладзевых актывістаў. Яшчэ да акцыі затрымалі і адвезьлі ў ізалятар намесьніка старшыні АГП Васіля Палякова. У вёсцы Цярэшкавічы Гомельскага раёну затрымалі рэгіянальнага прадстаўніка Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова, а ў Гомлі — актывіста гэтага ж прафсаюзу Аляксандара Еўсейчука.

У Рэчыцы сёньня міліцыя забрала з працоўнага месца на рынку лідэра мясцовых прадпрымальнікаў, прадстаўніка кампаніі «Гавары праўду» Алега Шабетніка.

«Апытваюць, каго ведаю, а каго — не. Нейкія незразумелыя прэтэнзіі», — кажа Шабетнік.

Паводле прадпрымальніка, міліцыя затрымала таксама рэчычанку Іну Манянкову і журналіста-фрылансэра Андрэя Мядзьведзева. Сябра Партыі БНФ Валер Пуціцкі ў дом міліцыю не пускае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG