Усіх актывістаў вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася ў Горадні на плошчы Леніна 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі. Эдвард Дмухоўскі, Антон Войцехаў і Мікалай Салянік прамаўлялі перад людзьмі, Віталь Дзюка трымаў бела-чырвона-белы сьцяг. Мікалай Салянік — чалавек пэнсійнага веку, ён ужо быў асуджаны на 8 базавых велічынь за папярэднюю акцыю. 15 сакавіка прыйшоў на плошчу Леніна з высокай тэмпэратурай і выступаў перад людзьмі. Пасьля акцыі ён трапіў у шпіталь.
Паводле Саляніка, у нядзелю да яго ў шпіталь прыйшлі два міліцыянты, але ён размаўляць зь імі адмовіўся, а таму нават ня ведае, ці склалі на яго пратакол.
Зьяўленьнем міліцыянтаў быў уражаны ня толькі я, але і ўсе хворыя, а таксама мэдыцынскі пэрсанал. За мяне пачалі заступацца, нават крычалі на міліцыянтаў. Я ня ведаю, што і думаць, калі яны па пэнсіянэра ўжо ў шпіталь прыйшлі. Зрэшты, такія людзі і 1937 год маглі б паўтарыць, бо ім што загадаюць, тое яны і робяць. А потым будуць казаць, што «мы нічога ня ведалі, нам загадалі»...
Паводле Саляніка, міліцыянты, пагутарыўшы зь дзяжурным лекарам, пакінулі шпіталь. У Горадні 14 сакавіка адбылося 12 судовых працэсаў над удзельнікамі першага «Маршу недармаедаў», які быў 19 лютага. Трое з падсудных — Вадзім Саранчукоў, Ежы Грыгенча і Сяргей Верамеенка — былі пакараныя адміністрацыйным арыштам ад 13 да 15 сутак, астатнія аштрафаваныя на розныя сумы.