Юры Глушакоў — штраф 1 базавая велічыня (23 рублі).
Ларысу Шчыракову судзьдзя Кавалевіч аштрафавала на 7 базавых (161 рубель).
Леаніду Судаленку вынесена папярэджаньне.
Васіля Палякова аштрафавалі на 1 базавую велічыню (23 рублі).
Барысу Анікееву — штраф 25 базавых (575 рублёў).
Дзмітрыю Сабураву — 10 сутак, судзьдзя Аляксандар Піскуноў.
Анатолю Паплаўнаму — 10 сутак.
На маршы быў з узмацняльнікам гуку. Лічыць, што арыштоўваюць арганізатараў. Судзьдзя — Віктар Казачок.
Уладзімеру Кацору — 12 сутак
«Ня буду „дармаедам“ за кратамі», — Уладзімер Кацора
Гомельскі грамадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора, асуджаны 17 сакавіка за арганізацыю лютаўскага «маршу недармаедаў» на 12 сутак адміністрацыйнага арышту, пасьпеў паведаміць праз мабільную сувязь, што адмовіўся ў Цэнтральным РАУСе фатаграфавацца і здаваць адбіткі пальцаў.
«Калі ўлады залічылі мяне ў палітычныя „дармаеды“, — кажа Кацора, — то навошта ўжо ім несьці выдаткі на маё фатаграфаваньне і адбіткі пальцаў. Я і ў ізалятары ня буду спажываць казённую ежу. Перадасьць дачка сваю. Сапраўды не хачу быць у такой дзяржавы ўтрыманцам нават за кратамі».
Андрэй Стрыжак завочна пакараны 10 суткамі арышту
Рашэньне ўхваліў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Судзіў Сяргей Кармановіч.
Стрыжак папярэдне даслаў СМС у суд, што ён у Вільні, але судзьдзя палічыў гэта непаважлівай прычынай.
Інваліду Макараву — штраф 25 базавых
У Гомелі судзяць Андрэя Макарава, грамадзкага актывіста, былога дэсантніка, інваліда, параненага ў вока жалезным прутом пад час падзей 1990 у Азэрбайджане.
Андрэй Макараў віну не прызнае. Кажа, што яго ніхто не папярэджваў, што марш не дазволены. Прысуд — 25 базавых (575 рублёў) штрафу.
Першы прысуд у Гомелі — штраф
Суддзя Віктар Казачок вынес Мікалаю Пяшку штраф у 25 базавых велічыняў (575 рублёў) за ўдзел у «Маршы недармаедаў».
У Гомелі першымі судзяць Мікалая Пяшка і Андрэя Макарава.
Ля будынку суду ў Гомелі сабралася 50 чалавек
Уладзімер Кацора сярод іншага заявіў на мітынгу, што дзяржава ня можа гарантаваць правы людзей і забяспечыць іх працай.
Акцыя салідарнасьці пад судом Цэнтральнага раёну ў Гомелі
Уладзімер Кацора (на фота — другі зьлева) прапанаваў грамадзкім актывістам, якіх судзяць, класьці з літаратараў слова «Салідарнасць» і выступіў з невялікай прамовай.
У Гомлі, дзе сёньня будуць судзіць 10 чалавек за ўдзел у «Маршах недармаедаў», дзясяткі людзей прыйшлі іх падтрымаць. У залю суду ўсіх не пусьцілі, не хапіла месцаў.
Суд у Менску на 10 сутак арыштаваў прадпрымальніцу Галіну Лагацкую за «Марш абураных беларусаў», што быў месяц таму. У 2016 годзе яе ўжо штрафавалі, пазнаўшы на фота зь мітынгу. Яна не прызнала віны, бо кажа, «мела права на мірны пратэст».
Каля турмы на Акрэсьціна — чэргі зь перадачамі
Фотагалерэя:
За першую палову дня ў Менску ўжо вынесьлі шэраг прысудаў «недармаедам» — судзілі яшчэ за «Марш абураных беларусаў», што прайшоў месяц таму.
Актывістку Галіну Лагацкую пакаралі 10 суткамі арышту. Астатнім — штрафы: Вольга Маёрава, Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў, Павал Вінаградаў, Генадзь Фядыніч і Алекс Кліменка атрымалі штрафы ў 50 базавых велічыняў (1150 рублёў), Мая Навумава — 460 рублёў.
Сьпіс пасаджаных «на суткі» ўчора за акцыі 15 сакавіка тут. Усяго з пачатку сакавіка за «Маршы недармаедаў» пасадзілі пад арышт, аштрафавалі ці выклікалі ў суд каля 200 чалавек.