Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскі пісьменьнік Уладзімер Даніленка прыехаў у Менск, не баючыся паўтарыць досьвед Жадана


У Міжнародны дзень пісьменьніка 3 сакавіка ў Менск прыехаў прэзэнтаваць сваю кнігу вядомы ўкраінскі літаратар Уладзімер Даніленка. Сустрэча зь беларускімі літаратарамі і чытачамі прайшла вечарам у актавай зале ўкраінскай амбасады ў Беларусі.

Старшыня кіеўскай арганізацыі Саюза пісьменьнікаў Украіны Ўладзімер Даніленка прэзэнтаваў у Менску сваю кнігу прозы «Клетка для івалгі». Як аўтар падзяліўся з карэспандэнтам Свабоды, пасьля нядаўняга затрыманьня ў Менску ягонага калегі Сяргея Жадана, якога менская міліцыя знайшла ў расейскіх сьпісах нібыта датычных да тэрарызму асоб і з гатэля павяла ў пастарунак, а потым спрабавала дэпартаваць, спадар Даніленка прыняў меры засьцярогі.

Перш за ўсе ён паспрабаваў высьветліць, ці ўваходзіць ён як патрыёт Украіны ў расейскія «чорныя сьпісы» асоб, каму забаронены ўезд у Расею, якія аўтаматычна дзейнічаюць і ў Беларусі, але пэўнага адказу не атрымаў да апошняга дня. Таму ён вырашыў не сяліцца ў менскім гатэлі, а зьняць кватэру і тым самым засьцерагчыся, каб і яго міліцыянты не пацягнулі з гатэля ў пастарунак, як нядаўна сярод ночы ў Менску затрымалі ўкраінскага пісьменьніка Сяргея Жадана і данецкага журналіста Віталя Сізова.

Выступае Барыс Пятровіч.
Выступае Барыс Пятровіч.

Прыезд яшчэ аднаго вядомага ўкраінскага аўтара ў Менск сьведчыць аб разьвіцьці ўкраінска-беларускіх літаратурных сувязяў, якія разгортваюцца вельмі інтэнсіўна. Напрыклад, за апошні час у часопісе «Дзеяслоў» выйшлі пераклады 100 украінскіх літаратараў, — паведаміў старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. Апрача таго выходзяць па-беларуску і цэлыя кнігі ўкраінскіх аўтараў, у тым ліку — зборнік Уладзімера Даніленкі.

Сам спадар Даніленка ў выступе перад менскай публікай найперш перадаў беларусам вітаньні з Украіны, «якая ваюе з расейскай агрэсіяй і разьвітваецца з савецкім мінулым», актыўна праводзіць дэкамунізацыю:

«Мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, маем шмат супольных праектаў. Я думаю, што ў нас вялікая агульная будучыня. І таксама як Польшча дапамагае Ўкраіне рухацца ў Эўропу, да цывілізаванага сьвету, гэтаксама Ўкраіна мае дапамагаць Беларусі рухацца ў Эўропу. У нас агульныя ворагі, у нас агульная будучыня і я спадзяюся, што ўсё ў нас будзе добра... Мяркую, што калі б у вас прыйшла да ўлады новая эліта і вырашыла гаварыць на беларускай мове, то ўся Беларусь як законапаслухмяная дысцыплінаваная краіна аўтаматычна перайшла на беларускую мову, і ў вас бы не было праблем, якія ёсьць сёньня».

У залі.
У залі.

Уладзімер Даніленка казаў, што ўкраінская нацыя вельмі блізкая да беларускай, але ўсё ж іншая, больш ваяўнічая, рэвалюцыйная:

«Беларусь ідзе іншым шляхам, чым Украіна, але па тым, як вы ствараеце элітную культуру, я думаю, што калі настане пэўны час, то і ўвесь народ падцягнецца. Таму самае вялікае заданьне для вас — ствараць годную культуру для таго, каб калі адбудзецца іншая камбінацыя сіл, народ пабачыў, што ўсё прагрэсіўнае, цывілізаванае зьвязана зь беларускай мовай», — заклікаў Уладзімер Даніленка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG