Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць будаўніцтва каля Курапатаў падпісаліся 500 жыхароў Зялёнага Лугу


Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

Пра гэта Свабодзе паведаміў каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Генплян — для менчукоў» Дзяніс Кобрусеў. Ён таксама патлумачыў, што надзел для будаўніцтва бізнэс-абʼекту з крамай «Белмаркет» на першым паверсе быў куплены інвэстарам яшчэ ў 2012 годзе.

«Праблема з новай будоўляй каля ўрочышча Курапаты ўзьнікла яшчэ ў канцы 2016 году, калі праводзілася грамадзкае абмеркаваньне праекту дэталёвага пляну гэтай тэрыторыі. Так аказалася, што дэталёвы плян закранаў тэрыторыю Савецкага і Першамайскага раёнаў, але адміністрацыя Савецкага раёну ня здолела належным чынам праінфармаваць жыхароў, якое будаўніцтва заплянавана. У выніку жыхары Савецкага раёну ня ўдзельнічалі ў абмеркаваньні і не змаглі выказацца наконт гэтага абʼекту, якія цяпер пачалі будаваць», — сказаў Дзяніс Кобрусеў.

У канцы 2016 году жыхары Зялёнага Лугу нават сабралі 500 подпісаў супраць будаўніцтва.

«Насамрэч гэтая будоўля была заплянаваная яшчэ ў 2012 годзе. Надзел быў выстаўлены на аўкцыён, яго выкупіў інвэстар. І толькі ў пачатку 2017 году Менгарвыканкам даў дазвол на будаўніцтва — на гэты момант высечаныя некалькі дрэваў, пачалося ўзьвядзеньне будаўнічага гарадку. Будаваць зьбіраюцца пяціпавярховы абʼект малога бізнэсу, на першым паверсе якога будзе крама «Белмаркет», — патлумачыў актывіст.

Ініцыятыва «Генплян — для менчукоў» імкнецца спрыяць, каб генэральны плян Менску адпавядаў інтарэсам жыхароў, прыцягвае ўвагу жыхароў у выпадку, калі плянуецца будаўніцтва на патэнцыйна канфліктнай тэрыторыі. Ініцыятыва працуе з тэмамі, зьвязанымі з высечкай зяленых насаджэньняў і ўшчыльненьнем. У выпадку з новым будаўніцтвам каля ўрочышча Курапаты актывісты ініцыятывы раяць мясцовым жыхарам, у якія ўстановы ім зьвяртацца і як пісаць звароты.

Экалягічнае таварыства «Зялёная сетка» таксама далучылася да змаганьня супраць будаўніцтва каля Курапатаў:

«Мы кансультуем мясцовых жыхароў пра тое, куды можна зьвяртацца. Таксама будзем разьбірацца з дакумэнтамі, пісаць запыты і спрабаваць высьветліць, наколькі законна адбываецца будаўніцтва, наколькі законна выдадзеныя дазволы і наколькі тыя працы, якія цяпер ужо адбываюцца, могуць праводзіцца да зацьвярджэньня дэталёвага пляну, які праходзіў грамадзкае абмеркаваньне і які пакуль яшчэ не прыняты», — паведаміла Свабодзе каардынатарка праўнай службы экалягічнага таварыства «Зялёная сетка» Марына Дубіна.

Яна патлумачыла, што ня кожная высечка дрэваў ёсьць экалягічным пытаньнем:

«Калі ёсьць парушэньні экалягічнага заканадаўства, напрыклад, парушэньне нормаў азеляненьня, тады мы гэтым займаемся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG