Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва ля Курапатаў. Новы пасёлак «Сонечны» ці яшчэ адзін «Бульбаш-хол»?


Актывісты заклікаюць выступіць у абарону Курапатаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:29 0:00

Ля Курапатаў, з боку менскага мікрараёну «Зялёны луг» пачалося будаўніцтва 5-павярховага офіснага цэнтру.

На чыю замову вядзецца будаўніцтва? Як гэты абʼект закране Курапаты? Ці могуць пратэсты супраць будаўніцтва стаць выніковымі? Пра гэта гутарым з адказным сакратаром управы сойму КХП БНФ і сябрам «Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты» Алесем Чахольскім, які апякуецца Курапатамі, і дачкой расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Маяй Кляшторнай, якая шмат гадоў была навуковай кіраўніцай Курапатаў.

Чахольскі: Як атрымала дазвол на будаўніцтва ТАА, якое мае пакойчык у офісным цэнтры?

Алесь Чахольскі падзяліўся са Свабодай здабытай інфармацыяй пра забудоўшчыка і замоўцу.

— Гэта рашэньне Менгарвыканкаму нумар 162 ад 20 студзеня 2017 году. Замоўца будаўніцтва — таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Кіпрэканструкцыя», будуе таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя». Найхутчэй гэта даччыныя фірмы. «Кіпрэканструкцыя» мае юрыдычны адрас на Ваўпшасава, 22а, пакой 22. Цікавае пытаньне, як ТАА, якое мае пакойчык у офісным цэнтры ці яшчэ дзе, дазволілі будавацца на гэтым лапіку паміж кальцавой дарогай і дамамі па вуліцы Мірашнічэнкі 49, 51, 53?

— Наколькі гэта блізка ад Курапатаў, і як гэтае будаўніцтва можа паўплываць на стан урочышча?

Людзі ў роспачы пытаюцца, дык у якім жа раёне жывуць — Першамайскім ці Савецкім?

— Гэта 70-80 мэтраў ад пачатку курапацкага лесу з боку гораду. Тут вельмі шмат розных нюансаў. Трэба разьбірацца, але будаўніцтва непасрэдна набліжаецца да нацыянальнага нэкропалю Курапаты. Запісана, што акрамя офіснага пяціпавярховага будынку прадугледжана стварэньне парковак для абʼекту. Як гэта ўсё будзе выглядаць, дакладна мы ня бачылі. Гэта вельмі заблытаная гісторыя. Жыхары згаданых трох дамоў жывуць як быццам у Савецкім раёне, у іх у пашпартах стаіць штамп рэгістрацыі «Савецкі раён, Мірашнічэнкі, 49, 51, 53». Але Савецкі райвыканкам ніякага дачыненьня да прыняцьця рашэньня ня мае. Як нам сказалі ў Савецкім райвыканкаме, гэтая зямля — Першамайскага раёну. Людзі ў роспачы пытаюцца, дык у якім жа раёне жывуць — Першамайскім ці Савецкім? Як быццам, усе рашэньні прайшлі празь Першамайскі райвыканкам, а Менгарвыканкам зацьвярджаў. Мы высьветлілі, што на будаўніцтва няма дазволу ад Міністэрства культуры, і што, калі распрацоўвалі праект будаўніцтва, нічога не ўзгаднялася. Гэта — парушэньне, трэба разьбірацца з праектнай дакумэнтацыяй. Пяць гадоў таму мясцовыя жыхары спрабавалі арганізаваць будаўніцтва невялікай аўтастаянкі, але ім не хапіла паводле санітарных нормаў ад 49-га дому адлегласьці 60 мэтраў, каб пабудаваць гэтую стаянку. А зараз раптам атрымліваецца, што пяціпавярховаму будынку хапіла санітарных нормаў.


— Як вы лічыце, ці будуць рэальныя пратэсты супраць будаўніцтва, і ці могуць яны мець вынік?

— Пратэст ужо пачаўся. Паўтара месяцы назад людзі даведаліся, што там будзе будаўніцтва, сабралі больш за 650 подпісаў супраць і накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Праз 15 дзён павінны атрымаць адказ. Адказу яшчэ няма, а будаўніцтва ўжо пачалося.

Адказны сакратар управы сойму КХП БНФ і сябра «Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты» Курапаты Алесь Чахольскі лічыць, што зараз змаганьне пераходзіць у плашчыню юрыдычных і тэхнічных нюансаў. Паводле яго, парушэньні ёсьць, і актывісты КХП-БНФ будуць шукаць мэханізмы, як спыніць гэта ўсё.

Мая Кляшторная: «Каго толькі не было ля Курапатаў...»

Дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная шмат гадоў была навуковай кіраўніцай курапацкага мэмарыялу. Мая Кляшторная з прычыны кепскага стану здароўя не змагла яшчэ на свае вочы пабачыць, як адбываецца будаўніцтва ля Курапатаў. Патрэбная дапамога з транспартам, кажа яна. Але зьбіраць інфармацыю і кансультавацца яна ўжо пачала.

— Я зьвязалася зь Міністэрствам культуры. Высьветлілася, што гэтае будаўніцтва зь міністэрствам не ўзгаднялі ніяк. Пакуль ані міністэрства, ані я ня ведаем, ці закранае гэта інтарэсы Курапатаў. Калі б мяне нехта звазіў і паказаў…

— Ці ёсьць пахаваньні ў той частцы лесу, побач зь якім вядзецца будаўніцтва?

— Канечне. Летам на тых магілах бамжы зямлянку пабудавалі і жылі ў ёй. Калі тры гады таму, ледзь рухаючыся, я з тэхнікамі ўсталёўвала каменьні вакол Курапатаў, бамжы мне яшчэ і пагражалі. Я атрымоўвала дазвол на ўсталяваньне гэтых камянёў.

— А ці вы яшчэ зьяўляецеся навуковай кіраўніцай гісторыка-культурнай каштоўнасьці Курапаты?

— Ужо не. З прычыны новага заканадаўства. Зацьвярджае гэта Акадэмія навук, там выдаюць афіцыйныя «корачкі». Колькі я была навуковай кіраўніцай, ні ад каго ніякага заробку ніколі ня мела і не прасла. Для мяне галоўнае было — паўнавартасна працаваць і прымаць рашэньні. А калі мне давялося гэтыя каменьні ўсталёўваць, мне гэта абышлося ў больш чым 70 мільёнаў рублёў. І гэта з маёй пэнсіяй...

— У якіх месцах каменьні стаяць?

— Я давала запыт паставіць знакі паводле геадэзічных знакаў. Напісана на кожным камяні, што гэта ахоўны знак, што Курапаты зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, напісана, што там адбывалася, і што за парушэньні прадугледжаная законам адказнасьць. Я ставіла камяні не па ахоўных зонах, а па геадэзічным пляне, які быў дасьледаваны.

— Вакол Курапатаў было шмат розных спробаў будаўніцтва — рэалізаваных і не рэалізаваных. Як вы мяркуеце, якая будучыня цяперашніх і будучых будаўніцтваў вакол Курапатаў? Ці будуць ваколіцы Курапатаў забудоўвацца нягледзячы на пратэсты людзей?

— Дзе знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасьць, там нічога нельга будаваць і прымаць рашэньне, пакуль усе пытаньні ня будуць высьветленыя па самім абʼекце, які знаходзіцца ў гэтай зоне. Але да гэтага абʼекту няма ніякай увагі, ніякіх не прымаюць рашэньняў, а землі вакол ужо «расчленены». І ўласна, калі я змагалася, каб расчысьціць ахоўную зону, там ужо катэджы пачалі будаваць... Каго толькі не было ля Курапатаў...

Гісторыя будаўніцтва ля Курапатаў і праз Курапаты — МКАД, «Сонечны», «Бульбаш-хол»

Напачатку 2000-х было прынятае рашэньне аб пашырэньні Менскай кальцавой аўтамабільнай дарогі. Варыянт дарогі ў абыход Курапатаў быў адхілены. Ад верасьня 2001 па чэрвень 2002-га працягвалася кругласутачная вахта памяці, якую ладзілі ў Курапатах прадстаўнікі дэмакратычных абʼяднаньняў, перашкаджаючы дарожным работам. Ва ўрочышчы ўсталёўваліся новыя крыжы, да тэмы Курапатаў была прыцягнутая ўвага міжнароднай супольнасьці. У выніку Менская кальцавая дарога была пашыраная ў бок Курапатаў на пару дзясяткаў мэтраў, але будаўніцтва адбывалася пад кантролем грамадзкасьці.

«Дарога праз Курапаты» ў PDF

Пры канцы 2002 году Менрайвыканкам адвёў прылеглае да Курапатаў поле пад забудову катэджнага пасёлку «Сонечны» ў непасрэднай блізкасьці ад месцаў масавых пахаваньняў. Будаўнічая кампанія не замаўляла праект ахоўных зон вакол Курапатаў і самастойна вызначыла мяжу ахоўнай зоны на адлегласьці 80 мэтраў ад Курапатаў, пасьля чаго былі пазначаныя межы будаўніцтва і завезеныя будаўнічыя матэрыялы. Узьнікла хваля грамадзкага абурэньня. У красавіку 2003 году старшыня Менаблвыканкаму загадаў Менскаму райвыканкаму скасаваць дамову на арэнду зямлі пад будаўніцтва на тэрыторыі, прылеглай да Курапатаў. Будаўніцтва спынілі, будаўнічую пляцоўку ліквідавалі, а ўсе матэрыялы вывезьлі.

Некалькі гадоў таму кампанія «БелРэстІнвест» узьвяла на заходняй тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў непасрэдна за 50 мэтраў ад мэмарыялу частку будынку рэстарана, дзіцячую пляцоўку і чатыры дамы забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол». Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўнымі ўстановамі былі выяўленыя парушэньні пры будаўніцтве і прынятае рашэньне пра спыненьне будаўніцтва. Адпаведнае прадпісаньне выдала Генэральная пракуратура Беларусі. Аднак 1 сьнежня 2014 году Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і будаўніцтва забаўляльнага цэнтру было ўзаконена, а знос пабудоваў так і не адбыўся. Далейшыя пратэсты грамадзкасьці і звароты ў суд і пракуратуру плёну не прынесьлі.

***


Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 250 тысяч чалавек. У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі». У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР заведзеная крымінальная справа па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі. Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, зь якіх у часе эксгумацыі праверана 8, і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінулых. Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі, што азначае міжнародны статус. Згодна з пастановай ураду Беларусі ад 1989 году тут мае быць усталяваны мэмарыял у памяць бязьвінна закатаваных. Дзяржаўны мэмарыял дагэтуль не паўстаў, але створаны народны мэмарыял крыжоў. Грамадзкасьць клапоціцца пра ўпарадкаваньне Курапатаў і бароніць іх ад наступу бізнэсу і дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG