Сёньняшняя сустрэча міністраў замежных справаў павінна падрыхтаваць саміт G20, які адбудзецца ў Гамбургу ў ліпені. Ангела Мэркель хоча забясьпечыць сустрэчы посьпех — увосень яе чакаюць выбары ў бундэстаг.
Нямеччына ад 1 сьнежня 2016 году старшынюе ў «вялікай дваццатцы» (G20) — нефармальным форуме групы вядучых эканамічных дзяржаваў плянэты — і ў ходзе старшынства павінна падрыхтаваць сустрэчу лідэраў гэтых краін, прызначаную на сёлетні ліпень ў Гамбургу. Пачатак падрыхтоўцы паклала сустрэча міністраў замежных спраў «вялікай дваццаткі», якая пачалася 16 лютага, у Боне.
Магчымасьць для знаёмства
Фармальна на сустрэчы будуць абмяркоўвацца пытаньні свабоднага міжнароднага гандлю, рэгуляваньне фінансавых рынкаў і ахова навакольнага асяродзьдзя, але Кляўдыя Шмукэр (Claudia Schmucker) зь Нмяецкага таварыства зьнешняй палітыкі (DGAP) лічыць, што парадак дня сёньня другасны.
Куды важней — нефармальнае знаёмства членаў «вялікай дваццаткі»: «Гэта будзе асабліва важна як першая магчымасьць кантактаў з прадстаўнікамі з ЗША: як яны ставяцца да важных тэмаў G20. Дагэтуль Трамп глядзеў на іх крытычна — што на свабодны гандаль, што на барацьбу з пратэкцыянізмам. Трамп супраць шматбаковых пагадненьняў і міжнародных арганізацый».
У гэтым сэнсе прэзыдэнцтва Нямеччыны ў G20 знаходзіцца не пад шчасьлівай зоркай, кажа экспэрт у пытаньнях глябалізацыі Шмукер: «Справы ў сусьветнай эканоміцы ідуць ня вельмі добра. У ЗША новы прэзыдэнт, і невядома, як выбудоўваць адносіны са Штатамі. У нас раньні саміт G20 у ліпені, таму што потым у Нямеччыне маюць быць выбары. Гэта ўсё ўскладніць задачу прыняцьця значных рашэньняў», — выказала здагадку Шмукер у інтэрвію DW.
У Нямеччыне на верасень 2017 прызначаныя выбары ў Бундэстаг. Для Ангелы Мэркель яшчэ і таму важна, каб саміт у Гамбургу прайшоў пасьпяхова, зазначаюць экспэрты.