Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба падтрымліваць Лукашэнку, хаця ён і герой ня з нашай казкі». Абмен рэплікамі польскіх журналістаў


Аляксандар Лукашэнка ў Маскве, 22 лістапада 2016
Аляксандар Лукашэнка ў Маскве, 22 лістапада 2016

«Брацкая Ўкраіна змагаецца за свабоду», — пяць гэтых словаў Аляксандра Лукашэнкі падчас выступу перад беларускімі навукоўцамі сталі падставай для дыскусіі ўплывовых польскіх журналістаў на профілі публіцыста Пятра Сквяціньскага ў Фэйсбуку.

Сквяціньскі зьяўляецца аўтарам блізкага да сёньняшняй польскай улады штотыднёвага часопісу «wSieci». Журналіст апублікаваў на сайце выданьня свой артыкул пад назвай «Лукашэнка ўсё больш баіцца рускага міру».

«Кіраваная Лукашэнкам дзяржава асьцярожна выступае супраць Пуціна, — піша Сквяціньскі. — Асьцярожна, бо сама дзесяцігодзьдзямі будавала сваю міталёгію на, між іншым, ідэі сувязі Менска і Масквы. У выніку лукашэнкаўская Беларусь ня ўпэўненая, што ў выпадку вострага канфлікту з Крамлём выхаваныя на гэтым міце эліты будуць ляяльныя да гэтай дзяржавы».

Паводле польскага публіцыста, за ўсходняй мяжой Польшчы пачынаюцца адбывацца цікавыя рэчы. «Расейскія танкі, а найперш расейскія самалёты пад Горадняй драматычна зьмянілі б нашу сытуацыю. Варта назіраць за тым, што адбываецца. І, як мяркую, падтрымліваць Лукашэнку ў ягоным супраціве — нягледзячы на тое, што гэта герой ня нашай казкі», — лічыць Пётр Сквяціньскі.

Распачаў дыскусію мыдыякансультант, былы кіраўнік інфармацыйнай рэдакцыі Польскай тэлевізіі, Яцэк Мрочак:

«Праз імгненьне выявіцца, што спробы „прыручыць“ Лукашэнку — гэта вельмі карысны крок з пункту гледжаньня польскага нацыянальнага інтарэсу».

«Не дачакаецеся 😉, — напісала Сквяціньскаму праўнучка маршала Ракасоўскага Арыядна Ракасоўкая з Масквы, аглядальніца «Российской газеты» і празь некалькі хвілін дадала. — Стратай усяго для Лукашэнкі будзе эўрапейскі шлях Беларусі. Ён не ідыёт».

Сквяціньскаму запярэчыў і карэспандэнт польскай радыёстанцыі RMF FM у Маскве Пшэмыслаў Мажац:

«Ня варта пераацэньваць значэньне гульні Лукашэнкі, ён дражніць, але ў яго няма ані магчымасьці, ані жаданьня зрывацца з ланцуга Масквы. Расейцы давалі яму нафту па ільготнай цане, а беларусы рабілі зь яе бэнзін і прадавалі Маскве. Цяпер Крэмль скарачае пастаўкі, і Лукашэнка тупае нагамі, бо бяз гэтых грошай ягоны калгас ляжыць. Акрамя таго, у яго прарасейска настроеная армія».

«Паглядзім. Страх страціць усё бывае магутным стымулам», — адказаў яму Сквяціньскі.

«Без ілюзій, Пётр, — запярэчыла дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўска. — Такой магчымасьці няма. Пуцін ня мае намеру аддаць, нават часткова, браму на захад, а Лукашэнка будзе патрыётам пакуль можа. Калі ўжо ня зможа, то перастане ім быць. Мяне зьдзіўляе гэтае выдаваньне жаданага за рэальнае».

Пётр Сквяціньскі працягваў прадстаўляць аргумэнты зьменаў у беларускім кіраўніцтве:

«У сваёй апошняй справаздачы пра адносіны Менску і Масквы Цэнтар усходніх дасьледаваньняў (варшаўская аналітычная арганізацыя ў Варшаве, якая працуе для ўраду — РС) піша пра дэрусыфікацыйную чыстку ў КГБ (інакш чым у арміі). Паводле цэнтру, гэта адбылося ў 2005 годзе».

«Выбачаюся за кепскі настрой, — адказаў Юраш, — але ў мяне такое адчуваньне, што праз момант надыйдзе хвіліна праўды і падсумаваньне 25 гадоў польскай усходняй палітыкі. І акажацца, што нашыя справы г...».

Пётр Сквяціньскі: Яны пішуць, што беларусы ўжо спынілі вучобу сваіх спэцслужбаў у расейскіх акадэміях«.

«Я тут ня бачу супярэчнасьцяў, — адказала яму Рамашэўская. — Тое, што Лукашэнка хоча трошкі вырвацца ад сябра — гэта факт. Ён робіць гэта пэрыядычна. Адсюль і чысткі ў спэцслужбах і вышэйшай уладзе. Але якія рэальныя вынікі гэта можа прынесьці — я ня ведаю. Што з таго, што яны перасталі, калі 20 гадоў вучылі менавіта там».

«Магчыма, ён трошкі баіцца „рускага міру“, найперш з прычыны сваёй будучыні і сваёй сям’і. Але ён частка гэтага сьвету, ён сам яго будаваў і цяпер на яго асуджаны. Іншай альтэрнатывы няма і яшчэ доўга ня будзе», — напісаў польскі дакумэнталіст беларускага паходжаньня Юрка Каліна.

«Гэта праўда. Яго доўгагадовая палітыка цяпер зьмяншае абаронныя магчымасьці», — падсумаваў дыскусію Сквяціньскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG