1916 год. «Karać sztrafam da 3.000 marak hraszmi abo adsidkaj»
«Прыказ аб дармаедах» 1916 году стаў вядомы летась. Гэта быў адзін з экспанатаў выставы «Бывай, мільянэр!», перадаваў «Твой стыль». Надрукаваны беларускай лацінскай, «Prykaz» быў выдадзены нямецкай адміністрацыяй 3 сакавіка 1916 году. Ён распаўсюджваўся на «крэпасны рэён Гродны» і «рэён Этапнай Інспэкцыі ХІІ Арміі».
Штрафам да 3 тысяч марак або «адсідкай» (у турме ці пад арыштамі) гразіліся пакараць тых, хто супраціўляецца выдадзеным загадам аб працы на ральлі, зьбіраньні ўраджаю, паляпшэньні скаціны. Праца была абавязковая, але за яе плацілі.
Пункт 2 «Прыказу» (тэкст прыведзены ў арыгінале):
«Hetkaj že karaj (jak pakazana u punkci 1.) karacimuć kožnaho wiaskowaho ci miestawoho žychara, katory-by z nieachwoty rabić, lenaści abo inszaj pustoj pryczyny nie pajszou na kožnuju predłoženuju jamu za platu rabotu».
Войскі кайзэра Вільгельма ІІ былі ў Горадні да 1918 году. Аднак невядома, колькі часу дзейнічаў гэты загад і колькі дармаедаў былі асуджаныя акупацыйнымі ўладамі.
1961 год. Дармаедам давалі працу ці высялялі за межы гораду
Чарговым разам дармаедаў у Беларусі сталі вышукваць і асуджаць праз 45 год, у часы кіраўніцтва Мікіты Хрушчова. У 1961 годзе Вярхоўны Савет СССР выдаў указ «Аб узмацненьні барацьбы з асобамі (лайдакамі, дармаедамі, паразытамі), якія ўхіляюцца ад грамадзка-карыснай працы і якія вядуць антыграмадзкі паразытычны лад жыцьця».
Дармаедаў у СССР выяўляла міліцыя. Пра гэта Свабодзе расказаў Мечыслаў Грыб. З 1962 году ён працаваў у органах унутраных спраў БССР, з 1985 году ўзначальваў Упраўленьне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму.
«Дармаед часоў Савецкага Саюзу і дармаед у Рэспубліцы Беларусь — гэта розныя катэгорыі людзей. Тады была зусім іншая аснова барацьбы з дармаедзтвам», — сказаў Грыб.
Дармаедамі ў СССР лічыліся людзі, якія ўхіляліся ад працы. Іх вышуквала міліцыя, а ўлады прымусова працаўладкоўвалі. А калі чалавек адмаўляўся працаваць, яго маглі пасадзіць на суткі. А ўпартых дармаедаў зь Менску і абласных цэнтраў высялялі за межы гораду — высылалі на соты кілямэтар.
«Катэгорыя дармаедаў была даволі абмежаваная, — кажа Грыб. — Хто злоўжываў сьпіртнымі напоямі і нідзе не працаваў, жабракі, працаздольныя людзі, што жылі за кошт бацькоў і не працавалі — гэта былі дармаеды. Але да жанчын, якія гадавалі дзяцей і вяскоўцаў, ніхто не прад’яўляў ніякіх патрабаваньняў».
У СССР барацьба з дармаедамі мела ідэалягічны характар, а ў Беларусі — эканамічны. Савецкае заканадаўства не прадугледжвала штрафаў і тым больш падаткаў за дармаедзтва. Наадварот, дармаедаў забясьпечвалі працоўнымі месцамі.
«Барацьба з дармаедамі ні да чога не прыводзіла, — кажа Грыб. — Калі дэмакратыя прыйшла, мы ўсё гэта паадмянялі. Толькі ў двух выпадках прымусовая праца можа прымяняцца ў краіне: ці падчас надзвычайнага становішча, ці па рашэньні суду. І гэты дэкрэт (аб сацыяльным утрыманстве. — РС) не адпавядае дзевяці артыкулам Канстытуцыі».
2015 год. «Любымі спосабамі трэба прымусіць гэтых людзей працаваць»
У найноўшай гісторыі пра дармаедаў упершыню згадалі ў сакавіку 2012 году. Віктар Гумінскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, прапанаваў увесьці законапраект аб барацьбе з дармаедзтвам.
Праз паўгода пра 400 тысяч дармаедаў ужо казаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч. Ён паабяцаў, што ў Беларусі будуць змагацца зь фіктыўным працаўладкаваньнем, а дармаедаў і ўтрыманцаў прыцягнуць да сплаты падаходных падаткаў і фармаваньня пэнсійнага фонду.
«Многія з гэтых так званых непрацуючых, вядома, працуюць, але падаходны падатак ня плацяць, адлічэньні ў пэнсійны фонд ня робяць, а ўсімі сацыяльнымі дабротамі — мэдыцынай і гэтай далей — карыстаюцца, як і ўсе, — казаў Мясьніковіч. — За кошт каго?»
Праз год упершыню прагучала ідэя падатку на беспрацоўных. Працаздольныя людзі, якія не зарэгістраваныя на біржы працы, паводле словаў Мясьніковіча, павінны будуць плаціць падатак. Каб стымуляваць людзей да працы, Мясьніковіч абяцаў стварыць новыя прадпрыемствы па ўсёй краіне — па дзесяць малых вытворчасьцей у кожным раёне кожны год.
А ў канцы 2014 году Аляксандар Лукашэнка канчаткова вызначыўся з новым законам: ён павінен працаваць з 1 студзеня 2015 году.
«Хочаце вярнуць паняцьце „дармаедзтва“ — вяртайце, — сказаў Лукашэнка. — Гэта будзе больш зразумела для народу. Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць!»
Як таго і патрабаваў прэзыдэнт, «падатак на дармаедзтва» пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 году. Праўда, прынялі яго задняй датай — 2 красавіка 2015-га. Згодна з інфармацыяй Міністэрства падаткаў і збораў, у 2015 годзе ў Беларусі больш за 400 тысяч «сацыяльных утрыманцаў». Калі яны не дакажуць, што не падпадаюць пад дэкрэт, то мусяць сплаціць да 360 рублёў збору на фінансаваньне дзяржаўных патрэбаў, як афіцыйна называецца падатак на дармаедзтва.
Сёньня Беларусь застаецца адзінай у сьвеце краінай, дзе падатковым зборам абкладаюцца беспрацоўныя. Аднак магчымую «сацыяльную плату» на беспрацоўных грамадзян абмяркоўваюць з 2015 году і ў Расеі.